Выбрать главу

У тыя самыя дні, калі сяляне Косаўшчыны падаставалі з-пад стрэх вінтоўкі, пабралі сякеры і вілы ды пайшлі граміць пастарункі, сектанты Піншчыны стварылі духавы аркестр, абыходзілі вёскі, хутары і рабочыя пасёлкі. Пачуўшы здалёк бравурную музыку, людзі кідалі работу, збягаліся паўзірацца на дзіўнае воінства, а ў гэты час «лаўцы душ» — прапаведнікі — узлазілі на складныя табурэткі і заклікалі слухачоў уступаць у «Вінаграднік Хрыстовы» прарока з Кобрына — Кастуся Ярашэвіча.

На аркестр і хор Ярашэвічу баптысцкі цэнтр са Злучаных Штатаў прыслаў долары, і гэты прарок са сваёй капэлай выязджаў на гастролі нават за акіян. Кобрынскія дзяўкі з эмігранцкіх сцэн і эстрад Ныо-Йорка, Чыкага, Філадэльфіі восем месяцаў давалі канцэрты, славілі ў песнях Хрыста і Егову ды побач з гэтым спявалі «Зязюленьку». «Ой, лянок», «Ні аддай жа міне, маці!».

Неўзабаве дзяўкі ў забітыя паляшуцкія вёскі прывезлі нябачныя дагэтуль бюстгальтары, трусы, стракатыя, як дзятлы, кофты ды апавяданні пра заморскія дзівы, чым выклікалі ў сябровак зайздрасць і прыток новых людзей да Ярашэвіча.

Але, напэўна, усіх пераплюнуў прарок з-пад Маладзечна, які стварыў секту «планетнікаў».

Падобны на Клімовіча дзядзька пачаў прапаведваць навіну, бытта людзі пасля смерці пасяляюцца на другія сусветы, што бог яму даручыў пачэсную місію— выдзеліць на небе кожнаму мужыку па цэлай планеце: з палямі з чыстага чарназёму, з лесам і выганам, сенакосам ды рэчкай!

I знайшліся сяляне, каторыя гэтаксама сталі нагвалт прадаваць свае гнілыя будынкі, камяністыя вузенькія палосачкі, на якіх нават нельга было павярнуцца і каню, каб не патаптаць поле суседу. Усе яны з сем'ямі пабеглі да маладзечанца, каб там прагна чакаць смерці і нарэшце разжыцца абшарам ды стаць сапраўдным гаспадаром, багатым і незалежным, на ўсю планету!..

А гэтым часам у Альяша пад бокам з'явіўся небяспечны сапернік, чорнабароды айцец Мікалай.

3.

Мікалай Рэгіс быў родам з Жабінкі, а ў Грыбоўшчыну з'явіўся пасля прыгоды ў Падзалуках. Над мужыкамі з гэтай вёсачкі надта ў маім Страшаве пацяшаліся. Што ж, смяяцца сапраўды было з-за чаго.

Адмірал Калчак побач з кавалерыяй, кулямётнымі і сапёрнымі ротамі завёў сабе яшчэ «Ісусавы палкі». Такіх салдат апранаў у мундзіры з крыжамі, наперадзе такога палка крочылі папы. Пасля грамадзякскай вайны будзёнаўцы і чырвоныя матросы засталіся ў СССР, затое ў вёскі Прынёманшчыны прыбегла шмат салдат белай арміі.

У Падзалуках якраз і асела цэлае аддзяленне «Ісусавага палка».

I вось аднаго зімовага вечара завітаў да іх абарваны і ледзьве не босы барадач. Солтыс, як рабіў гэта заўсёды ў падобных выпадках, праверыў у вандроўніка дакументы і павёў яго да Валодзькі Каваля начаваць.

Мікалай Аляксандравіч! — па-інтэлігентнаму прадставіўся госць, назваўшы сваё прозвішча, ды сціпла прысеў на лаве чакаць, калі гаспадыня пакорміць бульбай з расолам.

Далікатныя манеры, чыстая руская мова вандроўніка ўзбударажылі вёску. Слухаць яго збеглася поўная хата прагных да навін сялян.

У той вечар у халупе падзалукскага Каваля доўга гарэла газовачка. Барадач столькі ведаў пецярбургскіх гісторый ды падрабязнасцей пра жыццё архірэяў і двара, што мужыкі пачалі насцярожана да незнаёмага прыглядацца.

— Мужчыны, я так думаю: ці не пераадзеты цар гэто? — выказаў здагадку адзін селянін, калі позняй ноччу мужчыны пакінулі Кавалёву хату.— З паўгода, пэўне, ужэ не чуваць, каб дзе-небудзь з'явіўсо на людзях! 8

Гаспадар спахапіўся:

— Упаўне можа быць! Сам прызнаўсо, што зваць Мікалаем Ляксандравічам!

— Фамілію, халера, я не надто разабраў, адно ўлавіў, што на «ры»!— дадаў солтыс.

— Мужчыны, от пабачыце, ён! — запэўніў ужо глыбока перакананы той мужык, хто першы выказаў здагадку.— Рыхтык такі на патрэтах, наглядзеўсо я на іх калісь досыць!.. А гасудары лю-у-бяць так пераапранацца, у народ ісці!.. Нядаўно і пад Бельскам так было! Прыйшоў у вёску, стаў жыць сабе на кватэры, простым шаўцом прыкінуўсо, абразы маляваў, а потым — бах! — царом аб'явіўсо! Сам чытаў у газеце!..

Анямелыя дзядзькі доўга маўчалі.

— От шчэ фокус выйдзе, калі та-ак!..— пачухаў патыліцу заклапочаны гаспадар.— Адно дзело прачытаць, як ён да каго зойдзе, а другое — калі да цябе!..

Суседзі пазайздросцілі:

— Завітаў на начлег такі госць, а ты спалохаўсо?!. Гасудары такіх потым абсыпаюць золатам!..