Выбрать главу

Яго цела раздзіралі калючкі, поедам ела машкара, мутнеў розум ад голаду, і ён толькі смактаў ваду — з рэчкі, з дрэваў, з зямлі...

Нарэшце непрытомнага Клемуса падабралі на беразе вялікай ракі. Ён быў адзіным чалавекам, хто выйшаў да Амазонкі, і гэтым пацвердзіў, што ўпартасцю і вытрымкай варты сваіх землякоў, якія ў той час на адным хлебе і вадзе паўзлі на каленях у Грыбава.

Калі кацер прывёз Клемуса да доктара і вандроўніка прывялі да свядомасці, ім заняліся карэспандэнты. Хлапца здымалі ў кінахроніку. Фатаграфавалі для прэсы. Размалявалі на старонках газет, як ён у сваім падарожжы вырываўся з зубоў алігатараў, як індзейцы намерваліся зняць з яго скальп і зрабіць шашлык (хоць у сельве ён не бачыў ні тых, ні другіх!)...

Аднак Клемуса не хвалявалі артыкулы. Непрызнанне фільтра яму дорага абышлося. У Клемусавай пячонцы загняздзіліся амёбы і інфузорыі, супроць якіх не ведалі лекаў. Хлапец раптоўна стаў паўнець, а дактары яму аб'явілі, што дні яго палічаныя.

Атрымаўшы сваю прэмію, Кавальчук прывёз долары ў родную вёску, пусціў іх у дзела і гэтак вырашыў правесці астатак сваіх дзён. Яго млын і рэстаран у Алекшыцах прыносілі не малы даход. Таўсцёрны, як вялізная бочка, і бурдовы Кавальчук з-за жывата сам сабе не зашнуроўваў і чаравік, ажаніўся на васемнаццацігадовай прыгажуні Стасі, надта любіў пагаварыць, а ў выпіўцы не адставаў і ад маладога. У гарэлцы тапіў, як ён любіў тлумачыць, свае бразільскія інфузорыі.

...Рэгіс з фурманам пераступілі парог Клемусавага рэстарана.

У зале панаваў прыемны халадок, народу было мала. Абедалі пару балаголаў, а пад сцяной з карабінамі на каленях сядзелі два паліцыянты. Бліскучыя боты тонка парыпвалі пад сталом. На лакіраваных казырках фуражак, якія ляжалі на падаконніку, блішчала сонца. Паліцыянты з куфляў пакрысе цягнулі дармовае піва ды насцярожана пазіралі праз акно — вартавалі свае веласіпеды.

— А-а, Мікалай!..— як брата, спаткаў Амерыканец госця, і яго туша выкацілася з-за прылаўка.— Ужэ з тыдзень не было цябе!.. Куды ты выбраўсо?

— Да каханак, па валачоннае!..

— Ну ж і юрлівы ты — як кныр!

Абодва зарагаталі. Аптыміст Клемус — з радасным захапленнем, што яго сябар нарэшце выблытаўся з бяды і нават добра ўладкаваўся, а Мікалай — не то з выклікам, не то са слядамі крыўды.

Адной ночы ўзброеныя бандыты ў Берштах вывалаклі з хаты мясцовага дзяка, падвялі пад рэстаран і загадалі папрасіць гаспадара адчыніць дзверы. На знаёмы голас дзяка заскрыгіталі замкі, заляскаталі жалезныя штабы, і дзверы неўзабаве адчыніліея. У апошні момант рэстараншчык спахапіўся ды адкрыў страляніну. Пярэдняга бандыта ён улажыў на месцы, астатнія разбегліся.

Суд потым дзяка апраўдаў, але не мог завязаць людзям языкі. Па вёсках распаўзліся неверагодныя чуткі, і архірэй Рэгіса звольніў з пасады па прыніцыпу: не то ён украў кажух, не то ў яго кажух укралі...

Рэгіс у Алекшыцах заказаў абед, абслугоўваць іх узяўся сам гаспадар. Кавальчук стараўся паказаць, што госця ставіць нараўні з сабой, а іншыя ў зале — дробязь, не вартыя ўвагі. Нават — паліцыянты!

— Во, пачакай! — успомніў Кавальчук, усхапіўся ды прынёс ад паліцыянтаў паперку з вучнёўскага сшытка.

— Кіроўнік школы адабраў сёння ў сямікласнікаў! Перапісвалі адзін у аднаго на ўроку!.. Паслухай, што пра вас пішуць камуністы:

«Святы Альяш з хмары зваліўся, упаў у Грыбоўшчыну ля нас! I чаго, каб хто спытаўся, злез стуль боскі свінапас? Святых сабраўся сонм сяброўскі: Мікола Рэгіс, якісь Панкрат, трэці — Бельскі наш, Пянькоўскі, чварты — Ломнік-канакрад. Ён ім ро-зум устаўляе, нежывым дае жывот, а цалаваць дык застаўляе ў халявы ад чабот!.. Яны круцяць млын свой боскі, пылам сыплецца мука! Едуць дурні малоць з вёскі, стуль, з-пад Бельска, здаляка!.. Ломнік у ролі быў Хрыстоса, Бельскі вучнем быў, Пятром, й дым пускалі беларусам — аж трудна выкруціць пяром!.. Дык будуй, браты, бар'еры, закладайма ТБШа! Шлях пакажам у свае дзверы — лепшы, чым у Альяша!..»

Клемус склаў паперку і з захапленнем паглядзеў на госця:

— Ну, як?

Упамінанне яго імені ў паэме Рэгісу вельмі спадабалася.

— Ло-оўка!..— шчыра прызнаўся ён.

— I я кажу! — з дабрадушнай бесклапотнасцю пацвердзіў узрадаваны, што справіў сябру прыемнасць, Кавальчук.— Папрыносілі дзеці ў школу, халеры! Малалетнія, судзіць іх за гэто не могуць! Паліцыя адно пазапісвала прозвішчы і ўлепіць бацькам штрафы за гэтыя «бар'еры», га-га-га-га!..

Фурман уявіў сабе, што чакае мужыкоў, ад страху перастаў нават есці і зыркнуў пад акно. Паліцыянты абводзілі ўсіх вачыма з фанабэрлівай перавагай.