Выбрать главу

Яшчэ Мірон заўважыў — калі Клемус адносіў паперку, Мікалай ужо падміргваў яго жонцы.

— Паслухай, Мікалай, заягджаў да мяне толькі што Піня! — не то аб'явіў, не то збіраўся параіцца рэстараншчык, вярыуўшыся ад паліцыянтаў.— Адклікаў мяне на падворак ды пытае: «Адкрываеш сталовую ў Грыбаве?» — «Думаю!» — кажу. «Клемус, два каты ў адным мяшку ўжыцца не могуць! Грыбоўшчыну трэба табе пакінуць у спакоі!..»

Адно цяпер Мікалай зразумеў, чаму Кавальчук стараўся яму так прыслужыць — падбіваў кліночкі, шукаў заступніка і хадатая.

— Палохаў?! — здзівіўся дзячок.— I цябе бярэ ўжо за глотку?..

— Як бачыш... Даваў паўтысячы адступнога...

— А ты?

— Дурань я браць якіясь пару соцень... Там у вас кожны месяц больш буду мець!

— Залатая жыла!

— Сам ведаю. Толькі каб ён, халера на яго, чаго-небудзь мне не падстроіў! Пінкусу дарогу перайсці — ого-о!.. Трэ будзе вартаўнікоў папімаць, а то спаліць яшчэ!..

— Табе відней,— аб'явіў дзячок нейтралітэт.

— Ладна. У Бразіліі машкара не загрызла, алігатары не зжэрлі — не дамса і гэтаму бандыту! — сам сябе падбадзёрыў Клемус і выставіў рахунак.

— Восім злотых!

Заінтрыгаваны Рэгіс паабяцаў грошы потым і загадаў Мірону запрагаць.

7.

Колы фурманкі зноў манатонна перасыпалі, нібы сеялі праз сіта, пясок палявой дарогі, паскрыпвалі рамяні збруі, а над канём увіваўся першы ў гэтым годзе авадзень. Выпітая гарэлка абодвум кружыла галовы.

«Два каты ў адным мяшку!..» — успомніў за вёскай Рэгіс.— От, цікава будзе паглядзець, калі гэтыя скарпіёны ў банцы пачнуцца царапацца!.. А ўсё робіць жаднасць!..— пераскакваў з тэмы на тэму дзячок. — Чуў, як пра мяне ў вершыку камуністы напісалі?.. Эх, паліцыя надрукаваць у газетах не дазволіць яго, а то бы і людзі пачыталі!

Таксама п'янаваты Мірон паківаў галавой:

— Але колькі цяпер мужыкам дастанецца!.. За тое, што вычаўпе дзіця тваё, плаці, халера, штраф! Яно ж — дурное, шчэ нічого не разумее!.. Пасылай пасля гэтаго ў школу!..

— Войт кожнаму штраф заменіць на арышт! — бесклапотна заявіў Рэгіс.— Заўважаеш, якак ў гэтага Амерыканца ядроная Стася? — пацокаў ён языком.— А вясковая, тутэйшая!.. Учора ў Бераставіцы гляджу на адну дзеўку ў краме, а яна хоча неяк пакакетнічаць. Робіць мне дурнаватую ўсмешку ды носам — сёрб!.. Цьфу! А возьме ж і яе нехта ў жоны!.. Не-е, гэтая бабка шляхо-отная!..

Поўны мараў Рэгіс зацягнуў «Ярмака», фурман стаў падцягваць. Яны і не заўважылі, калі апынуліся ў Каўнянах.

Раптам Мірон адчуў нейкую трывогу. Як праз сон, даляцела да яго ўсхвалёваная гаворка чужых:

— Рогусь!.. Святы Мікалай!.. Цар!..— крычаў з-за плота нейкі ўсхваляваны хлапец ды так узрадавана, бытта гэтага моманту чакаў тут усё жыццё.

— I я кажу — ён! — дадаў другі.

— Яго я ведаю як аблупленага!

— Едзе ўжо баб дурыць!..— кінуў трэці.

— Давайце правучым!.. Забягай, забягай напярод!..— камандаваў першы.— Хапай хутчэй каня за цуглі, а то ўцячэ, як мінулы раз!

Рэгіс устрапянуўся, бы ўджалены, і адразу працверазеў.

— Паганяй! — гыркнуў ён фурману.

Мірон апрытомнеў таксама і адразу зразумеў, што можа ўляцець і яму. Фурман скочыў на калені, сцебануў каня лейцамі — раз! другі!..

З брамак вынырнулі сабакі і пакаціліся каню пад ногі. Уздагон паляцела каменне. Раззлаваныя хлопцы нешта крычалі, але нельга было разабраць слоў — так сакаталі па бруку жалезныя шыны колаў.

Апынуліся яны далёка за вёскай. Конь змакрэў да таго, што з гнядога зрабіўся вараным, з-пад шлеяў адрываліся шматкі пены і шлёпаліся ў каляіну. Мікалай выкінуў з саломы каменюкі ды праверыў, ці не разбілі ікону. Паціраючы гуз на галаве, паскардзіўся:

— Пячэ-э, зараза, як!.. Добро, што шапка была на башцэ, а то — амба! Чорт, зусім забыўся, і ў Каўнянах поўна камуністаў!.. Ловяць іх, саджаюць, а яны — сваё!.. От, фанатыкі!.. А ты яшчэ шкадуеш, дзівак!.. Ого, не штрафуй, не карай іх толькі!..

Супакоіўшыся крыху, Рэгіс успомніў:

— От быў раз фокус, Мірон. Слухай! Адправіліся мы гэтак удвух з Ломнікам у Забагоннікі. Ломнік паклаў пучок крапівы за сябе ў палукашак. «На дурняў!»— кажа. Я перапытаў, на якіх, але ён гэтакі маламоўны — не стаў тлумачыць. Уехалі мы ў Меляшкі, глянуў я перад сябе, і стала мне моташна: з кіямі нас чакалі цэлай гурбой хлопцы, а воз табе не ровар, адразу не завернеш!.. Азіраюся, а мой Ломнік бярэ з палукашка крапіву, нюхае, нібы мяту, і так сабе спакойна да мяне гаворыць: «Ах, як пахне!.. Ну ж і па-ахне!..» I што ты думаеш?.. Покуль хлопцы з разяўленымі ратамі дзівіліся, навошта ён гэта робіць, мы праехалі скрозь іхнюю кампанію, а тады — па кані ды драла!.. У цырку такое табе не пакажуць!