Выбрать главу

За акном сумна цабаніў зацяжны дождж. Цяўкалі перад вячэрай, напаміналі аб сабе гаспадарам галодныя сабакі. Пад печчу завялі сваю манатонную песню цвыркуны. На кухнях пры газовачках гаспадары шаткавалі капусту, і пілігрымам было чуваць, як малыя падшыванцы спрачаліся з-за качаноў і морквы, як хлюпала ў гаршках, перакіпала свіная бульба і пырскі шыпелі на пліце...

Да раніцы можна было яшчэ выспацца на абодва бакі, і найболей цвярозыя заснуць не спяшаліся. Адно цяпер людзі спахапіліся, што зусім не падрыхтаваныя да зімы, а дома чакаюць не дачакаюцца такія ж самыя жэўжыкі са знямоглай бабкай і трывожна мычыць недагледжанае быдла.

З астаткамі забабоннага страху, яшчэ не смеючы нічога кепскага нават падумаць аб прароку, людзі дзівіліся з сябе, як далёка забрылі, з жахам уяўлялі разлезлую дарогу з застылымі і гнілымі лужамі, якія ім зноў мясіць і мясіць пасталамі.

Ногі аж гулі, страх і падумаць, што заўтра трэба абкручваць іх тымі самымі мокрымі анучамі! А казалі, бытта нейкая сіла ў Грыбаве знімае з ног боль, што са святога пагорка ідзеш, нібы ступаючы па небе, нібы напіўшыся гаючай вады.

Сон такіх пілігрымаў не браў. Людзі неспакойна ўздыхалі, варочаліся, шасталі саломай, масціліся так і гэтак, і не адзін з іх у распачлівым адчаі гаварыў сам сабе:

«Эх, і праўду гавораць разумныя, што сам ад сябе, халера на яго, нікуды не ўцячэш, не схаваешса, хоць ты трэсні!»

А ў царкве ў гэты момант Ішло вячэрняе малебства. Зрэшты, такое слова, мабыць, падыходзіць найменш для вызначэння таго, што там адбывалася.

2.

Перад палаючымі падсвечнікамі ля алтара згрудзіліся аброслыя па самыя вушы, з ільнянымі торбачкамі цераз плячо, у лазовых пасталах фанатыкі з Валыні.

Злева перад імі ляжалі на сталах боханы хлеба, пірагі, цукеркі, яблыкі і грушы. Стаялі абвязаныя дратваю ды трысцём бутэлькі ўкраінскага віна. Наверсе гэтых прынашэн-няў бялелі паперкі з імёнамі для памінання «за ўпакой», а справа на такіх жа ахвярных сталах ляжалі запіскі «за здароўе».

Тут жа на лаўках чынна сядзелі апосталы, «трэція свяшчэннікі» і сам Альяш. Вялізная кубатура храма танула ў глухой цемры, дзе харысты цягнулі псалмы. Манатонныя гукі мацнелі і адзываліся рэхам у густым змроку скляпення. Адчувалася насцярожанасць, якая бывала заўсёды, калі ў царкве прысутнічаў сам прарок. Настрою гэтаму не паддавалася мая цётка.

Цётка Хімка сачыла за падсвечнікамі.

У цэнтры пазалочанага дыска гарэў тоўсты васковы валік з залатымі абадкамі, а ў плоскай чашы трымцелі васковыя дубцы, акуратна ўстаўленыя ў гнёзды. Для нашай цёткі кожная свечка была канкрэтнай душой, за якую недзе маліліся сваякі. I Хімка гэтага не забывала ні на момант. Свечкі ў яе стаялі роўна, адна ў адну, выгаралі амаль датла.

Калі ўсе чатыры падсвечнікі, дыхаючы расплаўленым воскам, яскрава палалі залатымі пікамі неспакойных агеньчыкаў, Хімка не адводзіла ад жывога букета агню вачэй, а ў гэты час пілігрымы з забабоннай асцярожнасню, нібы дробку солі, перадавалі адны адным новыя тоненькія патычкі. I свечкі цяклі да яе скрозь апрануты ў саматканыя світкі натоўп з раніцы да вечара — толькі Хімка паспявала іх устаўляць.

Цётцы заўсёды было хораша і ўтульна, як цяпер. I хоць яна ад самога Давідзюка ведала, што ад зямлі да неба тысячу вёрст, чулую малітву ўсявышняму яна шаптала, бытта бог быў побач.

Хімка выконвала многа работ адразу: устаўляла свечкі, сачыла за імі, малілася і нічога не прапускала з таго, што адбывалася навокал.

Хор скончыў спяваць. Чуваць было, як дваццаць пяць спевакоў і спявачак зашоргалі нагамі ды палезлі па каменнай лесвіцы ўніз. Па ўстаноўленай традыцыі прарок мужыкам плаціў у канцы кожнай спеўкі, і Хімка ведала, што цяпер будзе.

Вось кіраўнік хору, з фіялетавым носам дзячок Ка-валенка, праціскаецца праз натоўп да Альяша і пакорна застывае.

— Але ж і нотно дзісь, Ілья, спявалі! — паціху хваліць ён сваю капэлу.— Так у крынкаўскаго Савіча, напэўно, не спяваюць, не-е!..

— Як захочаце — можаце і нотно!..— прарок неахвотна суне руку ў палатняны мяшэчак з грашыма ды нездаволена пытаецца: — Ці не патапталі мне там палатна на хорах?

— Паспрабуй не ступі на яго, калі хоры так завалены, што не павярнуцца! Вазоў з васемнаццаць дабра тады забрала кансісторыя, як гаспадарылі тут яшчэ манахі. Потым прэзідэнту ладную фуру кужалю завалаклі... Толькі ж — калі гэта было! А падарункі з таго часу прыбываюць і прыбываюць!

Адным «таптаннем», вядома, там не абышлося. Іншы мужчына добрую шаляноўку або «файнейшы» ручнік такі суне пад пінжак!.. Але Хімка да людзей за гэта нічога не мела — дабро ўсё роўна марнуецца! Піня на яго нават глядзець не хоча, кажа — «не штандартнае», падавай гандляру лён ды воўну, а паны сабе выткуць па-свойму!.. Шчэ невядома, куды ўсё неўзабаве Альяш і дзяваць будзе!..