Выбрать главу

Давідзюк і сам ведаў, што гаварыць з мужыкамі ўмее, але паспрабуй дагадзі старому. Таму ён, ужо выціраючы свой пакаты, успатнелы ад напружанкя і гарачыні, якой дыхалі яму ў твар падсвечнікі, лоб, прасачыў за рэакцыяй Альяша. А нашая Хімка на момант забылася пра свае мігатлівыя душы, запамінала кожнае слова апостала і эрудзіраваных падказчы-каў, каб потым пераказаць усё страшаўскім бабам ды мець аргументы адбівацца ад брата.

Галоўны апостал не без здавальнення пераканаўся неўзабаве, як яго слухачы ўвайшлі ўсмак.

3.

Давідзюк не паспеў яшчэ перавесці дух, а Хрысціна ўжо патрабавала:

— Ляксандар, раскажы шчэ пра сонцо! Кажуць, яно большае за зямлю! Хібо можа гэто бы-ыць?.. Як жа яно ўтрымаласо б такое на небе??!

Давідзюк не спяшаў, даў магчымасць выказацца іншым.

— Вялікае, а ты што сабе думала?! — азваўся раптам сам прарок.— Глядзі, унь свечкі гараць. Аднясі іх у канец вёскі, і святло ў цемры будзе таяць!

— Будзе таяць, Ілья Лаўрэнцьявіч! — ахвотна падхапіў яго падмогу Давідзюк.

— Прарок Альяш! — паправілі апостала абураныя ўкраінцы, а вочы іхнія зноў нядобра заблішчалі.

— Ладно вам!.. Кажу — памаўчыце! — крыкнуў на іх Альяш.— Пра што мы?.. Ага!.. Свечку аднясі ў канец вёскі, і агні будуць, як зерне, а — да якіх-небудзь Плянтаў, то ўжэ і не ўбачыш яе нават адсюль! А сонцо — ого!.. Заедзь у Крынкі, і Гарадок нават, ці ў Кранштат той, і ўсюду яно свеціць аднолькаво і грэе так, хоць і там здаецца ўсё такім малым! Недарма людзі называюць яго — божым вокам!

— Правільно айцец Ілья гаворыць! — узрадаваўся Давідзюк.— Нават заедзь у Амерыку, і ў ёй гэтак жа грэе, а ўзнімеш галаву такі ж маленькі кружочак, бы ў Грыбоўшчыне, і гэтаксамо слепіць вочы, што трэ зажмурваць!

Зала ажывілася, людзі пачалі прапаведніка дапаўняць, і ніхто не заўважыў, што адхіліліся ад тэмы.

— А паглядзі, як летам прыпякае!

— О! толькі засні, паспрабуй, пасля сёмухі на сонцы — так і згарыш!

— Летам — печ страшная!

— Нават конь — які ўжэ вынослівы — і ён не вытрывае на спякоце, а прэцца ў які-небудзь куст!..

I ў царкве паміж людзьмі ўжо не стала насцярожанасці, хоць сярод слухачоў было многа чужых. Дзядзькі загаварылі, бы ў суседа на прызбе.

— Прыдумано ўсё богам ры-ыхтык! — запэўніў Ломнік.— Загаварылі пра коней. Глядзі, якое ў кабылы бывае не густое малако, бо жарабят яна прыводзіць моцнымі і дужымі, выжываюць і так! Але ты вазьмі свінню!.. Парасяты з'яўляюцца на свет хілымі ды голымі, бы мышанята, ды малако ў мацеры — як смятана, і малыя ўжэ праз пару начэй становяцца на ногі!

— Яно, вядомо, прыдумано ўсё вельмі файно! Вада, соль, расліны, сонцо, звёзды з месяцам, каб ноччу свяцілі!.. Усё карыснае,— разважыў Майсак, гладзячы пальцамі бараду.— Але Ляксандар, мне, нашто яшчэ і гэтая зараза — маланка — існуе на белым свеце, як ты думаеш, га?.. Летам, як толькі грымне, так і выглядаеш, ці не курыць дзе твой хлеў альбо абарог!.. От, каб шчэ гэтай бяды мы не ведалі!..

— Нядаўно ў Плянтах, здаецца, і хмар не было, а смальнуло Косці Лавіцкаму ў гумно! — падхапіў іншы дзядзька.— Косця і да царквы легулярне хадзіў і такі зважлівы — дзіця табе не пакрыўдзіць, а сабака яго ўсю зіму ў хляве жыве!..

Давідзюк абвёў вачыма прысутных, пашукаў памочнікаў. Не, чакалі, што скажа ён.

— Бо ў Лавіцкіх ля хутара балота. У балотнай вадзе жалеза много — калісь нават руду з яе варылі. У жалезе — магніт, а магніт прыцягвае перуны!

Мужыкі заклапочана маўчалі. Было відаць, што такое тлумачэнне іх не здавальняла.

— Ляксандар, то няхай білі б у вербы над рэчкай, а то — у будыніну на сушы! — запярэчыў нейкі дзядзька ўслых.

— Але, праўда! — падтрымалі апаненты хорам.

— Дзело гаворыць Ляксандар нам,— зноў пачаў разважаць Альяш.— Пярун — той жа самы магніт! Плянты стаяць на поўнач ад балота, і стрэлка магніта цягне на поўнач, ну? — з пытаннем абвёў стары ўсіх вачыма, ці дайшло да людзей яго тлумачэнне.— Таму і стрэліло туды, а як жа!..

У царкве запанавала поўная пашаны цішыня. Стала выразна чуваць, як дзесьці ў глыбіні залы, дзе панаваў сонны густы змрок, нейкі чалавек усхрапнуў, але ж адразу і прачнуўся ды перапалохана выгукнуў:

— Што?.. Дзе?.. Га?..

Ніхто гэтага і не заўважыў. Украінцы ўсё так жа бяздумна елі вачыма свайго бога. Астатнія мужыкі ўражана ківалі галовамі і бытта адзін аднаму казалі: «Це хале-ера! Недарма Альяш служыў калісь дзеншчыком у афіцэра, трымаў у руках розныя компасы, магнітную справу, ніц не кажы, ве-едае, стары д'ябал!»