Выбрать главу

— Які бог, ты пра што-о?! Скажы, што ты маеш на ўвазе, Фё-окла?!

Але маладзіца зрабіла выгляд, што непрыемнай хвіліны паміж імі не было, пабегла ў куток з венікам.

— О! і тут павуцінка!..

5.

Наводзячы ў кутку парадак даўжэй, чым трэба, Тэкля праз хвіліну праказала ўжо зусім добразычліва, не паднімаючы галавы:

— Шчэ спаткаеце сваю, айцец Мікалай! Кожная за вас пойдзе, дальбо, пойдзе!..

Рэгіс паглядзеў на яе разгублена, аднак яна хавала вочы.

— Дзякуй, што пацешыла... Аднак жа ты з хараактарам!.. Павер, я і не чакаў ад цябе такога!..

— Бо вы таксама скажаце часамі, айцец Мікалай, што і слухаць не хочацца!..— стала не то апраўдвацца, не то папракаць яго Тэкля, а яе смаглы твар заліла ўжо тонкая вінаватая чырвань.— Знайшлі каго ў прыклад прыводзіць!.. Гунцвотаў і лайдакоў!..

Рэгіс усё яшчэ быў збіты з тропу. Ён хвіліну памаўчаў, тады глыбока ўздыхнуў:

— Гм, і я, па-твойму, нічога не варты?.. Гм!.. I ў мяне няма ў душы бога, так?!. Няўжо гэтак нізка скаціўся я, скажы мне шчыра?!.

Дзячок азіраўся на яе, бытта шукаў ратунак.

— Ведаеш, мілая Фяклуша, чаму ўсё ж такі я пью? Мне надта цяжка!

— Праўда?! — Тэкля добразычліва падтрымала яго хлусню.

— Бо я ўсе вашыя грахі на сабе нашу!.. Усе людскія беды ўзваліў на сябе цяжкім бервяном!.. Успомні, колькі да мяне ходзіць, і прыкінь, што мне давялося наслухацца!.. I таму мне вельмі бывае трудна. А вып'ю, і лягчэе адразу, разумееш?.. Не, ты — харошая, добрая, але — жанчына, зразумець сваім бабскім розумам не здолееш!.. Лепш сядай і прычасціся, не саромейся толькі! Звычка прычасця пайшла таксама ад Ісуса Хрыста!

Рэгіс па-панібрацку і з любоўю даў пстрычку распяццю, бытта з Хрыстом ён асушыў не адну бочку віна ды ведае яго, як скончанага забулдыгу.

— Эх, і мужык быў — што трэба! — глядзеў ён на яе ўлажнымі і вінаватымі вачыма.— Ні Павел, ні гэты Пінкусаў балабол — не пьюць, абодва святыя праведнікі, прысядзь!..

У голасе, у манерах гэтага шэльмы — сына жабінскага мужыка, які цяпер аж у Крынкі ездзіў кожны тыдзень да цырульніка стрыгчы ды пырскаць адэкалонам сваю чорную, як смала, бараду, які столькі жыў у Пецярбургу,— была мужчын-ская прывабнасць. У Рэгіса закахалася нават памешчыца са Шчорсаў ды паклікала дзячка ў прымы. Даведаўшыся, што ён праваслаўны, багатая прыгажуня пайшла ў манастыр. Добрай ад шчасця і сардэчнай Тэклі захацелаея чалавека пашкадаваць. З выразам ласкавай добразычлівасці ва ўсёй сваёй фігуры яна пайшла да табурэткі.

У гэты момант на першым паверсе пачулася ламанне ў дзверы. Спевы, крыкі і патэфон у гасцініцы сціхлі адразу.

— Хто там? — насцярожылася маладзіца.— Пачакайце, айцец Мікалай, толькі гляну, каго сюды позно так нясе!.. Свае просто заходзяць, чужы хтось там!..

Тэкля вылецела з пакоя, а за маладзіцай выйшаў і Рэгіс. З дзвярэй у калідор высунуліся цікавыя галовы і насцярожана прыслухоўваліся. Пастаяў, паслухаў і дзячок.

— Ах, смуродзе, ты зноў прыпёрса?! — кагосьці лаяла Тэкля.

— Пачакай, пагаворым! — прасіў мужчынскі голас.

— Пра што гаварыць нам?!

— Ладно, дарую табе ўсё!..

— А-а, даруеш? — выбухнула Тэкля пасля мінутнага маўчання.— Але ці прасіла цябе гэтаго я?!

— Перастань і паслухай! — цвярдзіў мужчына сваё.— Хату будую ў Бераставіцы! Ужо толькі печы засталосо скласці!.. Хадзем, будзем жыці разам! Кафлі белай купім...

— А потым станеш зубы лічыць мне, як у Празніках?!

— Хай рука адсохне, калі больш на цябе падніму!

— Ве-едаю цябе!.. Толькі так цяпер гаворыш, бо цвярозы!.. А нап'ешса, кепскія людзі ўвядуць у вушы, што з прастытуткай жывеш, і зноў жывёлінай станеш!..

Голас мужчыны стаў катэгарычным:

— Так — не?!

— Не глухі!

— Жонка ты мне ці хто?. А ну, збірайса, ідзі па манаткі, бо магу і ў паліцыю заявіць!

— Ах ты, гніда! — узарвалася Тэкля.— Заяўляй хоць сабе самому Пілсудскаму ў Варшаву, бяжы, а я ўсё роўна да цябе не вярнусо, бо не люблю, чуеш?.. Ха, бегаў па вёсцы, бэсціў апошнімі словамі, выгражаўсо, цяпер — во, адумаўсо!.. Жыці буду з тым, хто мне падабаецца, і там застанусо, дзе сама выберу!

— Ну, ну, памалу!..

— I не палохай, не баюсо, начальнік нада мной знайшоўсо!.. Табе ўжэ раз сказала — каб тваёй нагі тут не было болей, запамятай!.. А цяпер — марш адгэтуль! Уцякай хутко, бо скажу Ільі, то ён цябе раз-два адвадзіць ад Грыбава!

— Ы-ых, знайшла кім палохаць!

Рэгіс пачуў, як Тэкля бразнула дззярыма і грымнула дручком, падпіраючы іх.

6.

Пакінуўшы гасцініцу, Юзік у Банадыка Чарнецкага выпіў і павыхваляўся: