Выбрать главу

А гэтым часам праз выган памалу прабіваліся падводы.

Як валыняне ні кідаліся пад колы, як ні вішчалі, ні кусаліся, ні галасілі бабы, яі хапалі за полы паліцыянтаў наша цётка Хімка і Піліпіха, а прадстаўнікі ўлады арыштанта адстаялі.

Службістыя чыноўнікі, надта гордыя, што так хутка ўдалося выявіць злачынцу, на якога ніхто і не падумаў бы, павезлі старога ў павятовую турму ды смакавалі сенсацыю, якая мелася ашаламіць усю Саколку, а потым — цэлае ваяводства.

Раздзел трэці

1.

Як толькі падвода з арыштантам ад'ехала, Тэкля з Хімкай кінуліся збіраць апосталаў. Зрэшты, праз пару дзён тыя ўжо і самі адумаліся. Іх агарнула трывога — засудзяць прарока, разгоняць і ўсю абшчыну. Адно цяпер усе яны ўразумелі, чым для іх быў стары.

Бяда апосталаў неўзабаве аб'яднала. Давідзюк Тэклю супакоіў, узяў у яе ключ ды вечарам сабраў у царкве савет «трэціх свяшчэннікаў».

— Гэтаксама арыштавалі некалі бесарабскага прарока, айца Інакенція, і пасадзілі ў Мурамскі манастыр! — трымаў прамову Павел Бельскі.— Людзі дабраліся аж туды і выручылі яго! Дзве тысячы вёрст ішлі малдаване з Бесарабіі ў Аланецкі край!.. Скрозь сумёты, у лютыя маразы!.. Нам жа да Саколкі — смех, вёрст трыццаць, і надвор'е стаіць цярпімае — толькі вады много, тык жа мы не паны!.. Чаго сядзець склаўшы рукі?!. Пад ляжачы камень і вада не пацячэ! Трэбо даць кліч — адразу вёскі паднімуццо!.. Унь камуністы арганізавалі паход сваіх на Васількоў і праперлі штрэйкбрэхераў, хібо мы — горшыя?.. Рабочыя Гарадка хадзілі на Пяшчанікі цэлай кампаніяй, і ніхто не змог іх спыніць!.. А ў часы нашай «Грамады» якія мы паходы рабілі з Паўлам Валошыным?..

— I таксамо паліцыя не магла даць нам рады! — падхапілі іншыя.

— З сякерамі нават туды хадзілі! Паліцыянты з пастарункаў паўцякалі!

— I я памятаю, як усе смяяліса, што Клявітар даваў драла праз акно без мундзіра, а потым загадаў слесарам дзверы абабіць жалезам і засовы паўстаўляць!..

— Гуртам і бацьку біць добро!..

Ломнік, які дагэтуль маўчаў, астудзіў іхні запал.

— Перасаджалі потым і вашых Валошыных і гарадоцкіх герояў! Не тое правіш, брат Павел. Адумайса! На якое ліхо ўвязвацца нам яшчэ ў бойкі з паліцыяй?! Хібо мы падурэлі?! Хай цацалісты сабе грызуцца з ёю, ім так чэшуцца рукі, а нам, мужыкам, рабіць усё трэ з толкам. Што зробіш, часамі трэ і чорту лысаму пакланіцца!

— У трынаццатым раздзеле паслання апостала Паўла к рымлянам гаворыцца, што ўсякая душа няхай будзе пакорнай вышэйшай уладзе! — азваўся і Давідзюк.— Бо няма ўлады не ад бога, ісцінно вам кажу! Начальнікі страшныя не для добрых спраў, а для кепскіх! Рабі дабро і атрымаеш пахвалу ад іх, от чаму наш айцец і прарок Ілья атрымаў ад Пілсудскаго залаты медаль!..

— Супроць уласці не папрэш, халера, ён мае рэхт! — згадзіўся міхалоўскі балагол.— Уласці заўсёды нас падтрымліва-лі, трэ нам гэтым даражыць. На чыім возіку егдзіш, таму і песні спявай, а пакорнае цялятка дзве маткі сасе, так шчэ нашыя прадзеды любілі гаварыць! Я добро памятаю той паход бесарабаў, брат Павел. Ну і што, калі падняліся і пайшлі?.. А колькі малдаван памерло ад тыфуса, акалела на марозе, колькі іх перасаджалі ў турмы?! Не, гэто не ратунак, мужыкі!

— А што, калі Сакольскаму старосце падсунуць узятку? — падаў ідэю Ломнік.

— А возьме? — насцярожыўся Майсак.

— Усе паны на грошы ласыя! Ім трэ — то на курорты, то на шанпанскае, то на паненак ці гульні розныя!.. Сотняй, вядома, яго не купіш, не стане з-за яе пэцкацца! Трэ такую, мужыкі, суму яму даць, каб не адмовіўсо, а хібо ж зрабіць гэтаго мы не можам?

— Падарунак возьме, шчэ і Альяша не выпусціць!

— Часамі і чорт сумленне мае!

— А чым мы рызыкуем?! Якімі-небудзь пару тысячамі!.. Грошы е!..

Пасля кароткіх дэбатаў апосталы сышліся на суме ў гадавы аклад павятовага начальніка і на вока яго ацанілі памерам у 12 000 злотых. Да гэтай лічбы вырашылі дабавіць яшчэ восем тысяч. Выканаць далікатную місію даручылі асця-рожнаму дыпламату і бываламу чалавеку апосталу Давідзюку.

Галоўны Альяшоў апостал раніцой запрог буланчыка. Ні жывая ні мёртвая Тэкля вынесла яму тую самую конскую торбу, нашпігаваную асцём, аддзельна вывалакла грошы, загорнутыя ў суровую палатніну. Апостал анучку вярнуў, сунуў тоўстую пачку купюр у торбу, ускочыў на вазок і паехаў з падворка. Тэкля толькі цяпер успомніла пра вузялок з ежай для Альяша ды кінулася ў хату.

Калі маладзіца з перадачай выбегла на вуліцу, Давідзюк быў яшчэ недалёка, бо перад канём подбегам ішла рыжая карова са збітым рогам ды ніяк не здагадвалася сысці з дарогі. З-за платоў сачылі насцярожаныя грыбоўшчынцы — крыкнуць апосталу Тэкля не адважвалася.