Выбрать главу

Пані Леакадзія хрумснула суставамі пальцаў. На кухні не сціхала з прытворнай крыўдай скавытаць забытая балонка. Як на сонца, зачараванымі вачыма праз дзверы глядзелі на прарока служанкі...

Само сабой выйшла, што ў пакоі ўсё было ліпшяе: і элегантная, з тонкім профілем ды цудоўнай прычоскай пані гаспадыня, і залатыя запанкі на беласнежных манжэтах яе мужа, і саксонскі фарфор, і бутэлькі з замежнымі стракатымі этыкеткамі, і бліскучае піяніна, і ўвесь шык кватэры з багатай мэбляй, што адсвечвала ў навашчанай падлозе.

Нічога іншага не прыдумаўшы, Вайцяховіч мусіў разыгрываць шчодрага гаспадара далей. Ён сеў насупраць старога і шырокім жэстам ды з напускным хлебасольствам праказаў з усмешкай:

— Но, ойцец Эльяш, што-небудзь перакусіць?.. Пан. прагаладаўся за тры дні, праўда? Прашу прабачыць, што так выйшла — паліцыя, следчыя без майго ведама заварылі ўсю справу!.. Нічога, цяпер справа ойца ўладкавана — можаце так лічыць, больш ніхто не адважыцца і пальцам крануць!..— паляпаў ён дзеда па плячы.— Праз пару мінут адпраўлю пана ў Грыбоўшчыну. Але ж, прошэ бардзо, нех ойцец частуецца!.. Но, то давайце пакаштуем, што нам пані Леакадзія падрыхтавала, разам!

І гаспадар сунуў рог крахмаленай сурвэткі сабе за каўнер.

Аднак госць і на яго не падняў галавы.

Дзядзька крытычна і спадылба агледзеў панскі стол, не спяшаючыся ўзяў кавалачак чорнага хлеба, адкашляўся, сумным і прастуджаным у каталажцы голасам папрасіў:

— О! Цыбульку бы мне...

Гэта і былі адзіныя словы, якія ён прамовіў у Вайцяховічаў.

Гаспадары пераглянуліся.

Пані Леакадзія хацела адправіцца на кухню сама, але старэйшая служанка як бы адно чакала гэтай просьбы. З-пад фартуха дастала ядроную цыбуліну, якая аж адлівала свежым глянцам, ды з зямным паклонам падала прароку:

— Вазьміце, айцец!..

Дзед кіпцюрамі цыбуліну разадраў, абмакнуў палавінку ў сальніцу, уставіў вочы ў сурвэтку ды, як пад прымусам, пачаў здавальняць свой голад. Старосціха ў недаўменні слухала нейкі час, як на зубах старога хрумсціць цыбуля, тады зноў пераглянулася з мужам, і на яе напудраным шляхотным твары з'явілася гідлівасць.

Неўзабаве здаволены Вайцяховіч без ранейшай ужо цікавасці да старога бесцырымонна ўпіхнуў дзеда ў свой лімузін ды загадаў здзіўленаму шафёру даставіць прарока ў Грыбоўшчыну.

— Прызнавайся, Янэк, такога пасажыра яшчэ не вазіў?! — рассмяяўся ён.

— Яму толькі ездзіць фурманкай, што гной вазіць! — у тон начальніку пакпіў бязвусы юнак, насмешліва азіраючы госця.— Ладна, мо вытрымае машына і яго!.. Толькі потым бензінам трэба будзе яе адціраць паўгадзіны!..

Юнак паставіў умову:

— Стары, не выхіляцца мне з машыны, разумееш?.. Гэта табе не на печы!..

— Ха-ха-ха-ха!..— заліўся смехам староста, якому сцэнка надта ж здалася пацешнай.

Машына ад'ехала.

Вайцяховічу было чаго радавацца. Уладкаваўшы дзедаву справу, ён адчуў, што адкрывае новы раздзел службовай кар'еры. Сэрца старосты поўнілася вялікай радасцю.

Вярнуўшыся ў кабінет, Вайцяховіч ніяк не мог прымусіць сябе, каб заняцца службовымі справамі. Здаволены сам сабой ён агледзеў кабінет.

На стале — сіметрычна ўкладзеныя альбомы, варшаўскія і замежныя часопісы, мармуровы чарнільны прыбор. За спіной бялеў і кантрасна выдзяляўся на квадраце чырвонага атласа сілуэт арла. З хрустальным пералівам люстра, прывезеная жонкай аж з Чэхаславакіі,— ах, які ў яе густ! — напаўняла пакой радасцю і далікатным ззяннем. Позірк «маршалка» з даўзёрнымі, як у маржа, вусамі, што набычана глядзеў з пар-трэта, здаўся яму цяпер не такім ужо і суровым. Таямніча маўчалі бліскучыя ад чорнага лаку і нікелю тэлефонныя апараты — усё, што яны цяпер маглі перадаць, мала важнае!..

Пану Вайцяховічу раптоўна захацелася пахваліцца перад каханай жонкай. Толькі цяпер ён спахапіўся, што з-за старога дзівака так і не паабедаў. Яшчэ ўспомніў, як яго жонка часта хрумсцела суставамі пальцаў, а гэта была ў яе першая адзнака раздражнення.

— Нічога, дзяўчынка мая, мы цябе зараз супакоім! — чула прамовіў ён да фатаграфіі жонкі ў рамцы, якая стаяла каля чарнільнага прыбора, і ўзняўся.

Начальнік павета, насвістваючы бравурны марш, накіраваўся дамоў.

Усе вокны сваёй вілы Вайцяховіч застаў адчыненымі насцеж. Служанкі на чале з расстроенай і поўнай гідлівасці да ўласнай кватэры паняй Леакадзіяй канчалі выціраць гарачай вадой з содай квяцісты шоўк крэслаў, паркет і браліся церці стол, бытта туды ўзабралася і наслядзіла балонка...