Выбрать главу

Іншыя не ленаваліся з'ездзіць у Саколку і схадзіць да староства, паўзірацца на новых следчых...

...Гэтым часам у грыбоўшчынскай абшчыне раскольнікі прыціхлі. Альяша ўсе сталі баяцца, і прарок над апосталамі займеў бязмежную ўладу.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Раздзел першы

1.

Поўны якойсьці супярэчлівасці, рэдкім дзіваком быў дзядзька Клімовіч. Ніяк не зразумець, чаму так бяздумна вызначыў дзень «ікс» (пра што будзе мова). Найхутчэй за ўсё ён і сам верыў у тое, што прапаведваў, бо мала адышоў ад сваіх багамолаў,— усе ідалы варты сваіх паклоннікаў.

А яшчэ — гэты мужык вылез у героі выпадкова. Падобная з'ява на свеце даволі распаўсюджаная сярод усіх народаў і розных эпох. Даводзіцца толькі здзіўляцца небагатаму выбару сродкаў і вузкаму шаблону, па якіх працякае іхняя кар'ера.

Так ці інакш, а мужык Клімовіч, прайшоўшы, хоць і ў мініяцюры. праз сваю «ноч доўгіх нажоў», перыяд гучнай арганізацыі і будаўніцтва, непрыкметна стварыў сваю сістэму, рэлігію і культ. Затым, як і ўсе культы, узнятыя на вяршыню разэкзальтаванымі масамі, хворы назойлівым неўрозам веры ў сваю высокую місію на зямлі, прыступіў да захадаў, каб ратаваць чалавецтва і на гэтай ніве ўвекавечыць сваё імя.

Паводле цёткі Хімкі, уся тая славутая ідэя ў сумбурнай галаве старога нарадзілася летам, і дзядзьку фактычна на гэта падбілі.

...Жыццё ў маленькай вёсачцы працякала як бы ў дзвюх фазах — па-свойму ў багамолаў і зусім іначай у грэшных міран.

Была нядзеля. Грэла, бязлітасна пякло сонца. Шчабяталі ў ліпах птушкі. Удоўж вуліцы імкліва шыбалі ластаўкі з разяўленымі дзюбамі. На агародчыках, у гарачым пяску паласкаліся куры. Пад плотам сабакі ляніва выбіралі блох і час ад часу кляцалі зубамі на мух. Лазілі парасяты, заклапочаныя пеўні, а малыя з парэпанымі нагамі, панадзяваўшы адно аднаму вяровачкі на плечы, лёталі ды галасілі:

— Но-о, кося-а!..

Пад бэзам на каменнях гутарылі бабы. Іхнія мужыкі з бутэлькамі нафты, селядцом, скрыначкай запалак ці кавалачкам мыла неўзабаве вернуцца п'янаватыя з Крынак, Бераставіцы ці Гарадка. Покуль рыхтаваць вячэру, жанчыны з асалодай здаровых сялянак убіралі ў сябе чароўнасць летняга дня ды нетаропка перабіралі жыццё.

— Гляджу на наш бэз і ўспамінаю,— апавядала Чарнецкая.— Раней, калі шчэ жыла ў мамы ў Плянтах, то з Гэляй Матрунішынай адправіліся мы раз у Крынкі на фэст — царквы нашай шчэ не было, толькі сцены жаўцелі на пагорку. У Грыбоўшчыне падыходзімо да гэтаго куста, а ён так файно пахне!.. Сталі мы ламаць. Станкевіч якраз араў на агародах. Чалавек убачыў нас і давай бегчы да дарогі. Уцякаць брыдко. «Ніц не зробіш,— кажу,— Гэля, стоймо ўжэ, што будзе!» А ён падлятае ды крычыць: «Маеш шчасце, што знаёмая, а то на суд падаў бы або зубы панесла б у жмені!..» А нядаўна заходзіць да майго закурыць, і я ўсё ж такі не выцерпела. «Фэлек,— напомніла яму,— каб ты здох, з-за адной лапкі бэзу брыдзіцца гэтак!.. То ля я табе, хадзі, цэлае бярэма наламаю яго!»

— Ой, бабанькі, такі е дурны ён і цяпер! — падтрымала Чарнецкую суседка.— Недарма Клімовіч сторажам трымае! Гэтакі не дасць спуску ні брату, ні свату! Калі сам возьме што, то не падзеліцца, годзе!

— Мой Базыль гаворыць, што ён куды горшы нават за самого Рогуся! — заўважыла Аўхімюкова Гандзя.

— А сам Клімовіч хібо не ўрэдны? — азвалася Чарнец-кая.— Убачыць на вуліцы сваю родную ўнучку і не гляне табе на яе нават! Мой Банадык кажа: «Як спаткаю Альяша, то заўсёды хочацца кінуць — добры вечар! — бо кожны раз у вачах цямнее!»

Загаварыла васьмідзесяцігадовая Галамбоўская:

— Бо жызню меў такую! Хібо ён добрае што бачыў?! Адкуль можа быць добрым!.. Усім дзецям калісь спуску не давалі, а ўжэ самалюбівая Лаўрэнава Юзэфіна — не дай бог, у якой суровасці трымала сваіх хлопцаў! Каб яна казачку якую свайму дзіцяці расказала ці пра птушачак якіх або — хоць прыласкала каторага. Дзе вы бачылі!

— Толькі пра веру, святых ды чорта! — згадзілася Гандзя і напомніла выпадак з прычасцем, калі малы Максім праліў «цела і кроў Хрыста», а маці ніяк не магла дараваць дзіцяці прамашкі.— То і павырасталі чэрствыя ды бяздушныя! Максім, калі быў жандарам, не ведаў жаласці, паплакалі ад яго людзі, і гэты... Зрэшты, успомніце, бабы, як усіх нас гадавалі, якімі мы былі запалоханымі дзяўчынкамі — бы мышаняты! Аднойчы пайшлі ўсе з вёскі на пакос, а мы лётаем сабе во гэтак па вуліцы! Раптам бачым на пагорку штось блішчыць. Мужчыны пакінулі плуг, і адпаліраваны лемех гарэў на сонцы! То дзісейшае дзіця яшчэ табе пабегла б паглядзець, што такое ззяе там, а мы, напалоханыя то ведзьмамі, то цыганамі, то чортам, пазабіваліса ў хату і прасядзелі, покуль не вярнуліса з балота бацькі!