Выбрать главу

(Стаю адзін пасярод залевы. Пад сьмехам нябёсаў. Той-хто-шукаў-сьвятло.)

* * *

Паўстагоддзя таму знаны настаўнік дзэн вызнаваў у Амэрыцы сваё вучэньне, сутнасьць якогабыла вельмі простай, каб яе растлумачыць. Яна выражалася ўсяго двума словамі: «проста сядзеньне». Тым ня менш, настаўнік быў змушаны надыктаваць не адну сотню старонак, каб данесьці сваё вучэньне...

Вакол яго заўсёды было шмат народу – вучняў. Але толькі адзін, на думку майстра, сапраўды здолеў навучыцца. Таму, паміраючы, настаўнік быў шчасьлівы. Ён ня ведаў, што разам зь ім канае і яго вучэньне. Той, што сапраўды здолеў навучыцца, пасьля сьмерці настаўніка ніколі не вымавіў не яго імя, ні сутнасьці вучэньня. Ён проста сядзеў.

* * *

Сядаючы ў невыразна акрэсьленае паўкола настольнае лямпы, – сам-насам з чыстым аркушам – ён ніколі пэўна ня ведае, што выпаўзе сёньня з-пад стрыжня. Немагчыма прадбачыць ня тое, што жанр твора, але й нават мову, на якой ён будзе напісаны.

Ён добра ведае, што хутка гэты тэкст будуць усхвалявана прагаворваць пра сябе нечыя вусны. Як замову, мантру ці малітву. Але ён не адчувае ні радасьці з гэтае прычыны, ні адказнасьці – анічога такога. Адзінае, што ён адчувае – непазьбежнае памяншэньне асьветленага паўкола пад ціскам акаляючае цемры...

I ён паскарае тэмп, прымушаючы асадку рухацца хутчэй. У выкшталцоным танцы.

* * *

Паасобку мы – нішто сабе: някідкія, кожны існуе ў межах пэўных абставінаў, наводдалі ад усемагчымых ідэяў, канцэпцыяў і да т. п.

Але калі мы сыходзімся разам – у вышэйшым значэньні выразу «узважьшь на трох» – нешта ўключаецца ўнутры. «Мы» зьнікаем – філолух, «чоўнік» і drug-дылер. Кожны займае звыклае мейсца, кібы Алеф на вяршыні кабалістычнага трохкутніка. I тады руйнуюцца ўсе ідэі, канцэпцыі й да г. п. Адсюль нараджаецца Veritas...

Выратоўвае адно перыферыйная думка, што заўтра ніхго ня ўспомніць тае пустое п’янае балбатні.

* * *

прачнуцца з усьмешкай на вуснах і радасна ступіць у калючыя абдымкі зімы

падобна да тых сектантаў з прасьветленымі тварамі блукаць па вулках спаленых гарадоў

заўважаючы ў саляных слупох абліччы былых сяброў

а потым у прыдарожнай карчме паставіць сьвечку па душах манекенаў

што мужна загінулі ў баёх Гандорскае вайны

* * *

Ляціць недапалак ды думае:

«Толькі ня ў сьметніцу. Не, ня трапіў! А то якое ж гэта прыніжэньне парахнець сярод смуроду мёртвых целаў супляменьнікаў. А так, можна сказаць, жыцьцё ўдалося: былі і напал, і палёт, і велічны скон у нетаропкім затуханьні на вільготным ходніку, адчуваючы еднасьць з ранішнімі ліхтарамі.....»

(СЬВЯДОМАСЬЦЬ ЛЮДСКОЕ ПЛЫНІ)
Зьзяюць скрозь зьмяінае сьвісьценьне ззолотокольцассерьгибрасслеттыцепочки воўчыя вочы сумны шалёны дзявочы позірк сьмерць поруч крочыць сочыць зірк за плячом па чом? дзяўчо з барадой радок-парадокс чыво? шукаюць ворага хворага ага! вочы вочывочывочыво сьмерць-асілак асілакасілакасіла з-за пляча плача й рыкае брыдка матылёва-металёвае пяро-брытва
  (ПА-ЗА
Дотыкам і ноччу сьнегам і ліхтаром мной і табой попелам і думкай інь ян і разьдзеланай пароўну яешняй джапай і вусенем агнямі Кастанэды й трэцяй хрустальнай нагой лістуюцца
пустэльнікі
зімы)
* * *
Мне кажуць: «Не абдумвай фразы, не валаводзься з сэнсам – патрэбныя словы самі знойдуць цябе». I я занатоўваю, ня надта зьдзіўляючыся, калі выпадковы радок раптоўна раскрывае сэнс напісанага. Мне кажуць: «Ня слухай нікога, акрамя свайго сэрца, Ідзі сваім Шляхам». I я не зважаю на тое, што мой шлях вельмі нагадвае трамвайны маршрут. Вусны варушыць незнаёмая мантра, а пацеркі робяць чарговае кола. Мне кажуць: «Не забывайся на тое, што ты граеш галоўную ролю ў гісторыі сьвету». Але я, здаецца, ня чую, у адрозьненьне ад кагосьці яшчэ, хто ўвесь час крочыў поруч. I ён перасмыквае затвор, чакаючы далейшых указаньняў.