Маргарыта Латышкевіч
Вершнікі на дарозе
Аповесці
© Латышкевіч М. Ю., 2023
© Андрэева І. А., мастацкае афармленне, лагатып, 2023
© Афармленне. ТДА «Выдавецтва „Чатыры чвэрці“», 2023
Замест прадмовы
Першая песня
Хвалі верасоў ленавата калыхаліся пад ветрам. І падавалася: то не вецер калыша травы, а верасы, самі сабою гайдаючыся, прыводзяць у рух цёплае, настоенае на густым мядовым водары паветра.
Ліловыя, белыя і амаль чорныя, усіх адценняў, верасы высцілалі пусткі адмысловым дываном, што цягнуўся ажно да сіняй кромкі лесу. Сям-там сярод пышных купін паказваліся снулыя дрэўцы, раскіданыя рэдка, сагнутыя суровай непагаддзю. Паказвалі свае бакі, аблепленыя сухімі плямамі моху, і валуны, большыя і меншыя, а справа над дарогаю ўспухаў, навісаючы над пляскатымі пусткамі, невысокі пагорак. Дарога абыходзіла ўтравелае ўзвышша кругам – дзве зарослыя каляіны між магутных хваляў верасовага мора – і вілася далей, і гублялася за смугою.
А на пагорку гарэў агонь. Ледзь заўважны струмень дыму віўся над ім, сыходзіў у неба, і там зблытваўся з брухам ацяжэлай ад вільгаці хмары.
Лель прыпыніўся, стомлены, якраз-такі дзеля агню. Вецер патыхаў сырасцю, прадчуваннем блізкага дажджу, і на ўсходзе далягляд ужо размыла, абгарнула марывам непагадзі. А тут было вогнішча, раскладзенае ў цені стаячага каменя, і жывая душа. І, можа быць, сякая-такая вячэра: у дарожнай торбе Леля з заўчорашняга дня не вадзілася ні крошкі ежы. Ён меркаваў дабрацца да якога-кольвек селішча яшчэ ўчора ўвечары, адно – не дабраўся, згубіўшыся, заблукаўшы на незнаёмых пустках.
Голад дадаваў адвагі, і Лель, яшчэ трохі пасумняваўшыся, збочыў са зманлівай дарогі і пакрочыў па схіле ўверх, блытаючыся ў цёмнай траве. Іншым разам ён, можа быць, і асцерагаўся б падарожнага чалавека: часы былі няпэўныя, люд прыдараўся розны. Але за добрыя суткі марных блуканняў Лель адчайна стаміўся быць адзін.
І згаладаўся таксама, вядома.
Спіна пагорка ўздымалася над пусткамі досыць крута, але пад ногі Лелю хутка легла вузкая сцежка, пратаптаная ў траве. Дымок ад вогнішча віўся весела, падымаючыся з каменнага кола, што вянчала ўзвышша. Цені ад камянёў, на дзіва цёмныя, нават пагрозлівыя, распаўзаліся па схілах, цягнуліся ніжэй і ніжэй у заходзячым сонцы. Адзін з ценяў перасякаў сцежку, і Лель, нягледзячы на ўсю рашучасць, увайшоў у яго з неспакоем – як вымушана ўваходзяць у цёмную ваду. Парывам ветру тут жа ўдарыла яму ў твар, быццам вялікая птушка мазнула цяжкім крылом, размятаўшы няроўна абрэзаныя валасы. Цень – Лель не паверыў уласным вачам – пайшоў рабізною, як водная плынь. Лель зажмурыўся, ускінуў рукі, засланяючыся ад ветру, і спінаю раптоўна адчуў прагную бездань, і пахіснуўся ад слабасці. Але неяк утрымаўся, устояў на нагах.
Вецер у момант аціх, быццам і не было яго, а калі Лель праміргаўся, усё было такім жа, як раней, і цень ад каменя мірна ляжаў на зямлі, а вецер лёгка кратаў травы на схілах. Лель перарывіста выдыхнуў, аціраючы даланёю ўзмакрэлы лоб. Сэрца ўсё яшчэ глуха тахкала, заходзячыся, і ногі падступна дрыжалі.
– Добрага дня вам, шаноўныя!.. – хрыпла мовіў Лель. Бяздумна, усляпую кінуў вітанне ў каменнае кола, яшчэ да таго, як самому ўвайсці туды. Правёў рукою, прамінаючы, па бліжнім камені, адчуў скураю шурпатасць, і важкасць, і выведзеныя некім таемныя рэзы, звівастыя, як змяіныя целы.
У каменным коле сапраўды было раскладзена вогнішча, спрытна ўладкаванае ў ямінцы. Але побач нікога не было. Лель, на ўсякі выпадак яшчэ раз гучна павітаўшыся, пачухаў патыліцу. Пасля рассудзіў так: хто б ні расклаў тут агонь, наўрад ці адышоўся далёка. А значыць, вернецца, раней ці пазней. А значыць, варта проста пачакаць тут – а тады патлумачыцца ды распытаць пра накірункі.