Выбрать главу

Лель уздыхнуў і апусціўся ў траву, прыхінуўшыся спінаю да аднаго з камянёў. Той патыхаў прыемнаю цеплынёй, таму не дзіва, што стомлены Лель, мружачы вочы на невялікае вогнішча, пазяхаў часцей і часцей, а пасля задрамаў, абняўшы рукамі калені. На мяжы снення падалося яму, што агонь, раскладзены ў каменным коле, рассыпае вакол зеленаватыя блікі, што вогненныя языкі, паўпразрыстыя і палкія, маюць нябачаны зялёны колер. Гэта ўстрывожыла, прымусіла варухнуцца, але мулкая дрымота не адпусціла, закалыхала, зацягнула ў вязкую чарнату. У чарнаце той блыталіся твары і словы, шляхі ды страхі. Выплывала, вусцішным навальнічным блакітам падсвечаная, бацькава постаць, цягнула цяжкія спрацаваныя рукі, і лязо жалезнага нажа цьмяна бліскала. Мільгала тут жа бледнае аблічча маці, твары сясцёр, такія ж вялікавокія, такія ж сумныя. «Не вяртайся, не смей вяртацца, і дарогу забудзь, чуеш ты, чуеш?» І крумкачовым карканнем, страшна, балюча, ажно сэрца рвецца напалам, ускіпае горкімі слязьмі:

– Праклён табе, давеку, табе і атожылкам кораня твайго. Праклён вечны!..

Лель усхліпнуў ува сне, задрыжаў – і прахапіўся. Глядзеў на агонь, на травы, на камяні, нічога не заўважаючы, аглухлы і аслеплы, бо ўсё яшчэ звінела ўвушшу тое гулкае: «Праклён табе!», бо сухая старэчая рука ўсё яшчэ цягнула да яго жахлівыя, нечалавечыя кіпці. Пасля трасянуў галавою, нібы абтрасаючы вусцішныя сненні, і замёр.

Насупраць, аддзелены языкамі агню, сядзеў, скрыжаваўшы ногі, нехта яшчэ. Разглядаў Леля з дабрадушнай цікаўнасцю, нахіліўшы светлую галаву да аднаго пляча, пабліскваў вясёлымі вачыма. Твар быў юначы – незнаёмец падаваўся толькі гады на тры-чатыры за Леля старэйшым. На каленях у яго спачывала залацістае цела лютні, а за спінай крывавіў і палымнеў, бы яшчэ адно вогнішча, захад.

– Добрага… дня, – натужна прасіпеў Лель, і цёмныя бровы незнаёмца варухнуліся.

– Добрага, – азваўся ён, кіўнуўшы.

Ад ягонага руху паказалася і знікла між валасоў доўгая завушніца з самацветам. Унутры Леля зноў ажыў неспакой, зусім як тады, побач з ценем ад стаячага каменя на сцежцы. Можа, таму што дзіўна было сустрэць на бязлюдных пустках лютніста ў франтаватым камзоле з вострымі рукавамі, вышыванымі зялёным шоўкам. А можа, яшчэ і таму, што, пры ўсёй незвычайнасці гэтай сустрэчы, тут, у верасовым моры, недарэчным і чужым падаваўся хутчэй сам Лель.

І, самае галоўнае, – вочы. Не юначыя зусім. Ясныя зялёныя вочы, даўнія і мудрыя.

Нечалавечыя.

Востра пачуваючы сваю недарэчнасць і памылку, Лель выціснуў з сябе адно скупое: «Даруйце». Словы не ішлі з языка, а неспакой усё разрастаўся ўнутры, і сэрца ўспуджана тахкала часцей і часцей. Падавалася, быццам камяні патроху насоўваюцца, быццам каменнае кола зацягваецца, як пятля, і душыць, і навальваецца на прыхадня, на чужынца.

– Даруйце, васпане… – ледзь чутна паўтарыў Лель. Карцела зараз жа падскочыць і збегчы прэч, куды заўгодна, абы падалей. Але цела налілося страшэнным цяжарам, і ногі не неслі, не слухаліся, і сам Лель, як падавалася яму, урастаў у зямлю не горш за любы з белых валуноў, што ваяўніча тырчэлі на ўзгорку.

– Ты, мусіць, згубілася, чалавечае дзіця? – спытаў лютніст у сваю чаргу, цікаўна разглядаючы Лелеву доўгую кашулю з цёмнага радна, заляпаныя плашч і нагавіцы ды брудныя грубыя боты. Спытаў ён, па вялікім рахунку, дабрадушна, аднак Лель мімаволі падаўся назад, уціснуўся спінаю ў камень за сабою. Ён, вядома, знудзіўся ў самоце і бязлюддзі, блукаючы па пустках, але зусім не разлічваў, што на прыдарожным узгорку сустрэне аднаго з не-людзей.

Бабуля, сівая і ссохлая ад гадоў, цягнучы бясконцую нітку пражы, расказвала пра гэтых казкі, таксама бясконцыя. Казкі пра тых, вагнявокіх, што жывуць пад курганамі, што плятуць чары і песні, што заклінаюць камяні і ваду. Страшныя, магутныя, яны абрынаюцца на селішчы агнём і мячом, напускаюць зманы і моры, лятуць на крылах ледзянога ветру, заганяючы людзей як дзічыну. Уночы, асабліва ўзімку, і з хаты не выходзь – здалёк чуваць грымотны пошчак падковаў Дзікага Гону. Лятуць збройныя вершнікі на чале з неміласэрным Князем Зімы, і коні ў іх – цёмныя хмары, а па зброі, па даспехах караскаюцца ледзяныя ўзоры.

Дзікі Гон, разбуральны, небяспечны, нясецца па пустках, па палях і лясах, не разбіраючы дарогі, і каго са смяротных напаткае – таму не жыць. Жывое полымя з чалавечых ачагоў, праўда, не падпускае іх блізка, і ў дом, пакуль сцены стаяць, а агонь гарыць, ім не ўвайсці не запрошанымі. Так казала бабуля, і цень кола паварочваўся за ёю на сцяне, і цурчала верацяно ў цёмных старэчых пальцах. А маленькі Лель ад страху курчыўся пад тканаю посцілкай і выразна чуў, як неслася бура над дахам, як пошчак падкоў плыў пад сярэбранай поўняй, як пелі, далёкія і блізкія адначасна, рагі паляўнічых.