І зараз ён прыгадаў усе бабуліны показкі, усе скупыя згадкі пра вагнявокіх, якія толькі чуў ад дарослых, усе дзіцячыя сны, патрывожаныя бурай. Прыгадаў – і задрыжаў, бяссільна і асуджана ўціскаючыся ў камень, чужы і варожы, поўны бязлітаснай сілы, падступных, звадлівых чараў.
– Даруйце, – шаптаў Лель, замружыўшыся. – Я не хацеў замінаць народу курганоў. Я проста заблукаў і падумаў, што тут – людзі. Што тут… дапамогуць. Даруйце і злітуйцеся!..
Лель асяніў бы сябе ахоўным знакам, але, праўду сказаць, занадта баяўся паварушыцца. Пастукваючы зубамі, чакаў увесь час, што – вось, зараз з гіканнем наляціць на яго Дзікі Гон, і ўдараць капытамі лютыя коні, і ўчэпяцца, як п’яўкі, прывідныя харты, ажно храбуснуць косткі. І пацягнуць – уніз, у чарнату. У нябыт.
Але вакол было да дзіўнага ціха, толькі шапацелі травы ды сяды-тады басавітаю струною пазвоньвала над верасамі пчала. Лель баязліва зірнуў на маладога лютніста – той па-ранейшаму вывучаў нязванага госця, адно ў паглядзе цяпер паболела здзіўлення. Склікаць паляўнічых ён, аднак, не спяшаўся, і цягнуць чалавека пад зямлю таксама.
– Я не хацеў замінаць, – паўтарыў Лель, кашлянуўшы.
Лютніст паціснуў плячыма.
– О, ты не замінаеш, – адказаў раўнадушна, і ў Леля трохі адлягло ад сэрца. – Да таго ж, – заўважыў лютніст, звузіўшы вочы, – каменнае кола цябе прапусціла.
– Прапусціла? – разгублена паўтарыў за ім Лель, а пасля прыгадаў рабізну на цені і бездань, што нечакана расхінулася за плячыма. Яму і сапраўды дазволілі сюды зайсці, няхай і без асаблівага жадання. Можа, проста пашкадавалі, адчулі бяду і патрэбу?
Калі, канечне, камяні здольныя адчуваць – і спачуваць.
Лель азадачана пачухаў патыліцу.
– Гэта прошча, – паблажліва патлумачыў лютніст. Абвёў рукою вакол сябе, як бы паказваючы на белыя іклы камянёў. – Калі яна цябе прыняла, то і я не супраць.
Лель агледзеўся, больш уважліва вывучаючы камяні. Былі яны розныя – пузатыя і больш прысадзістыя, высокія і выцягнутыя, з круглымі вяршынямі і вяршынямі абсечанымі, амаль завостранымі. Але ўсе – вялізныя белыя валуны, пастаўленыя дыбком, урослыя ў цела пагорка хто проста, хто пад вуглом. І на ўсіх разыходзіліся рэзы – таемныя знакі і пакручастыя звівы, яснейшыя і цьмянейшыя, як бы згубленыя пад пражылкамі, пад мохавымі плямінамі.
– Як тваё імя, чалавечае дзіця?
Лель, з цяжкасцю адарваўшы пагляд ад выгінастых ліній, што, здавалася, варушыліся, павагаўся, бо ад старэйшых ведаў, што з народам курганоў лепш асцярожнічаць. Назавеш сапраўднае імя – падорыш драбочак сябе, дасі над сабою ўладу, а значыць – наклічаш бяду.
Але гарэў агонь, і не было чуваць Дзікага Гону, і не-чалавек глядзеў незласліва і нават сумна. Таму нельга было не адказаць:
– Алелька з… Проста – Лель.
Лютніст заўважна задумаўся, паціраючы тонкаю рукой падбароддзе. Але прамармытаў: «Там, дзе захад тлее ледзь-ледзь, барвай і золатам поле залье».
Словы былі дзіўныя, і не толькі – не столькі – таму, што гучалі няўцямна і як бы здалёк, быццам скрозь іх дакацілася рэха дальняй навальніцы. А яшчэ ў іх жыла сіла, пругкая і напеўная, пакорлівая голасу таго, з лютняй, і ад водгулля гэтай сілы ў Леля ажно заламіла ў скронях.
– Ч-чаго?.. – насцярожана перапытаў ён, і лютніст схамянуўся.
– Вось цяпер, – папрасіў змушана, – ты мне даруй. Я бачу за імёнамі цені тых, хто іх носіць. А нашыя цені часам сягаюць аж занадта далёка. Праўда ж?
Лютніст красамоўным кіўком паказаў на цені ад стаячых камянёў, што караскаліся па пагорку. Лель прасачыў ягоны пагляд і зноў прыгадаў рабізну, што прабегла па сцежцы. Сэрца ў яго сцялася, бо ясна было, што сіла ў словах сведчыла пра чары. А чары народу курганоў звычайна дорага абыходзяцца смяротным.
Прынамсі, так некалі казала бабуля.
Згадка пра бабулю, аднак, тут жа азвалася болем: нагадала пра маці і сясцёр, пра бацьку, пра бедную хату, пакінутую, недасяжную. Пра злавеснае: «Праклён табе!», пра шэпты, устрывожаныя, асуджальныя і зларадныя, пра вочы – з усіх бакоў адно вочы, вочы, вочы.
Пасля такога, усё на свеце страціўшы, нават самога сябе згубіўшы, – хіба варта нечага яшчэ баяцца?
– …ад чаго ж ты бяжыш, чалавечае дзіця?
Лютніст прамовіў гэта няголасна, як бы хутчэй да самога сябе звяртаючыся, і пытальны пагляд быў пранізлівы, востры. Захад за яго плячыма паступова згасаў, а таму ярчэй разгаралася зялёнае полымя пасярод каменнага кола, і лютніставы вочы гэтаксама мякка свяціліся. А цёмнае бруха хмары, падавалася, апусцілася на вяршыні белых камянёў – ды так і застыла.