Выбрать главу

Музыка там – жыццё.

Ён нетаропка распавядаў, апусціўшы павекі, як бы на хаду прыгадваючы, уяўляючы сваё далёкае Курганова Поле перад вачыма. А дождж глуха шаптаў за шаўковым полагам нябачнага шатра, утворанага прошчай. І тут, у каменным коле, абкружаным змрокам і непагаддзю, ля зялёнага полымя ўсе дзівосы пра край вагнявокіх не падаваліся нечым нязвыклым. Толькі – сапраўдным, адзіна і непарушна правільным. Бо, можа быць, сапраўдная музыка, сапраўдныя словы паэта і павінны лучыць існае з тым, чаго не было ніколі, і цаляць у сэрца – навылёт, назаўжды.

– Музыка – як бы чары? – захопленым шэптам спытаў Лель. – Як… жыццё?

– Майстры складваюць казкі, – адгукнуўся лютніст. – А тыя абрастаюць плоццю ў свеце пад зорамі. Як садоўнікі прывіваюць дрэўцы, так паэты з явы ствараюць песні.

– О, – толькі і мог вымавіць Лель, а лютніст засмяяўся.

– Нічога складанага, насамрэч, – заўважыў ён ганарыста. – Трохі ўмельства, трохі жывога ўяўлення, трохі музыкі.

– А ты мог бы… – усміхнуўся быў Лель і тут жа асёкся, пачырванеў. Йурай, аднак, зразумеў яго з паўслова:

– Скласці песню пра цябе? – і чмыхнуў насмешліва. – Чалавечыя сыны, – заўважыў ён, – часта жадаюць зрабіцца часткаю песні, каб гучаць і ўражваць нават тады, калі іх кароткае жыццё абарвецца. Адно яны забываюць чамусьці, што самыя цікавыя казкі страшныя, а самыя любімыя песні – з нешчаслівым фіналам.

– Хаця… – лютніст працяў Леля вострым паглядам, уважліва, быццам здымаў з яго меркі. – Можа, аднойчы будуць пець і пра цябе. Адно тады сапраўднае, як пясчынка ў ракавінцы малюска, схаваецца пад бліскучай маціцай. Каб утварыць перліну.

Тут Йурай уздыхнуў і замаўчаў, можа, успомніўшы штось не самае прыемнае, а можа, проста стаміўшыся. Змрок шчыльна абступаў іх вакол, поўны ўздыхаў ветру над пусткамі і халоднага дажджу. Дрыжалі зеленаватыя блікі на маўклівых слупах старой прошчы, і ад таго дрогкага святла падавалася, што змяіныя звівы ў каменнай глыбіні варушацца, сплятаюцца і развязваюцца, зацягваюцца вузламі.

– А чаму ж ты… ад гэтага ўсяго, ад музыкі, ад чараў, ад сілы – сышоў? – спытаў Лель пасля непрацяглага маўчання. І падумаў: «Сам бы, мусіць, што заўгодна зрабіў бы, каб застацца, хай сабе і адным з многіх, усяго толькі нікчэмным спакушаным шарагоўцам».

Йурай павёў плячыма і бязлітасна выправіў:

– Збег, – і з востраю ўсмешкай дадаў: – Бачыш, чалавечае дзіця, у нас ёсць нешта агульнае. І ты, і я, – абодва марна ўцякаем ад уласнага ж ценю.

– Ды не збег я, – пазмрачнеў Лель, сціскаючы яшчэ ліпкія ад мёду кулакі. – Я…

Слова сарвалася з вуснаў як бы само па сабе, цяжкае, страшнае, быццам не сам Лель яго вымавіў, а дакацілася рэхам старэчага каркання па слядах.

– …пачвара.

Йурай ускінуў бровы – недаверліва. Агледзеў суразмоўцу, звузіўшы вочы, прыпыніўся позіркам на Лелевым ценю, што трапятаў за ім у няпэўным зеленаватым святле вогнішча.

– О, бачыў я на сваім вяку жалуды, што выраслі ў стогадовыя дубы, – загаварыў лютніст, дзынкнуўшы завушніцай. – Але такіх пачвараў – не, бадай, не даводзілася.

Вусны Лелю звяло сутаргай – нібы ледзяная ігла прашыла, замыкаючы словы, адбіраючы мову. Злыя слёзы ўскіпалі на павеках, а хрыплае карканне «Праклён, праклён!» – затапіла з галавою, быццам даў нырца ў брудную ваду. І не было як расказаць, не было як вызваліцца. Не было як растапіць ледзяны камяк, што намёртва змёрзся ўнутры. Задыхаючыся ад нявыказаных словаў, што падступалі да горла, Лель мог толькі глядзець, як насцярожана хмурыцца лютніст, як цягнецца – па-над агнём – да ягонай, Леля, растрапанай галавы рукою. Як доўгімі пальцамі падчэплівае ля самай скроні нешта нябачнае, бязважкае – і ўсё-такі існае. Як з высілкам цягне тое нешта на сябе – быццам разгортваючы непадатлівы клубок нітак.

– …зарок на вуснах, – задуменна сказаў Йурай, і Лель, усхліпваючы, глядзеў, не верачы ўласным вачам, як пераліваецца на пальцах музыкі ніць з атрутнага срэбра. – Каб не распавёў пра тое, аб чым гаварыць табе забаранілі.

– Праклён, праклён!.. – каркнула зусім блізка, за колам дрогкага святла ад вогнішча, і цяжкія крылы начной птушкі пагрозліва білі сырое паветра, і полаг уяўнага шатра над прошчаю хіснуўся, быццам нешта спрабавала прайсці праз яго. Леля закалаціла частай дрыготкай. Йурай, які, здаецца, таксама пачуў гэты покліч, угледзеўся ў цемру за каменным колам і выскаліўся драпежнаю, амаль ваўчынай усмешкай.

– Што ж, – прагаварыў лютніст, з гідлівасцю скідваючы з пальцаў ніць чужога закляцця. – Калі ты, чалавечае дзіця, не можаш гаварыць, я стану тваім голасам.