Выбрать главу

– Над агнём, – цярпліва скіраваў яго лютніст. Лель пасунуўся бліжэй, выцягнуў рукі над вогнішчам і, зажмурыўшыся, правёў нажом-іклам па левай далоні. Балюча не было, і Лель непаразумела глянуў на руку. А там на светлай скуры пазначылася тонкая выгінастая рыса, быццам дадалася яшчэ адна да малюнку на далоні. Рыса набрыняла знутры барваю, пралілася – раз, два, тры – упрост у зялёныя языкі вогнішча. Лель толькі цяпер заўважыў, што гарыць яно без дроваў, быццам само сабою выліваецца з зямлі. Здзівіцца ён не паспеў, бо полымя раптоўна ўздыхнула, амаль як жывая істота. Уздыхнула – і паярчэла, затанчыла весялей.

– А зараз – глядзі, – строга загадаў Йурай. І Лель, выпусціўшы нож у траву, паслухмяна глядзеў у агонь – а можа, папросту не мог адарваць вачэй ад вогненнага танцу. Ува ўспышках, у іскрах, у мільгаценні і ззянні бачыліся звівы агромністага змяінага цела, і па гэтым целе, як па дарозе, высланай зеленаватымі вогненнымі лускавінамі, Лель пакрочыў, спускаючыся глыбей і глыбей.

І там, у мулкай няўстойлівай глыбіні нешта варухнулася, так што змяіныя звівы выгнуліся і некуды сышлі з-пад ног. Лель падаў, увесь ахоплены полымем, і бачыў, як насоўваецца бліжэй і бліжэй пагрозлівы касматы цень. І, разявіўшы страшную пашчу, звярыны цень праглынуў яго з галавою.

Памяць пра колішняе, незваротнае, замглілася гэтым жудасным ценем – і згасла. І ўсё вакол як бы згасла, ачэзла, і ўпала зверху касматая цемра, скрозь якую ледзь-ледзь былі відаць зялёныя языкі агню. Ачмурэлы, аглушаны Лель адчуў пад сабою зямлю і траву і падняўся на ногі рэзка, рыўком, адчуваючы, як пячэ ўнутры. Боль разрастаўся ў касцях, у жылах, завязваўся вузламі пад скурай, ламаў і нішчыў, выварочваючы, выкручваючы. Боль з сілаю шпульнуў Леля ўбок, так што паляцелі злымі восамі зялёныя іскры, мільганулі ўспуджана зоры.

– Глядзі!.. – строга крыкнуў яму ўслед голас лютніста. А ён чуў і не чуў, і ўсё каціўся па касматай цемры, прырастаючы да яе, абрастаючы ёю. І ўпаў ніц, прырастаючы да зямлі, ад якой пахла мядовым верасам, правальваючыся ў яе цёмнае чэрава. А пасля вылузаўся знутры, як прарослае зерне з раллі, ускочыў на чатыры лапы і зафыркаў, зароў, непаваротлівы і цяжкі.

Ноч расквечвалася, поўнілася пахамі і гукамі, і ён адрозніваў асцярожныя лісіныя крокі ў зарасніках і след пужлівай перапёлкі між шорсткіх сцяблін. Ад вострага паху вільготнага пер’я ажыў, заварочаўся ў ім нясцерпны звярыны голад, толькі часова падмануты хлебам ды мёдам.

Убаку ўспыхнула, вырастаючы пад самыя зоры, і адразу ж апала белае полымя. Ён занепакоіўся, забурчаў сярдзіта. Павярнуў магутную галаву, прынюхваючыся, і пабачыў, як па схіле павольна спускаецца белы воўк. Гэты пах трывожыў, бо аказаўся незнаёмым, не звярыны і не чалавечы, а вочы ваўка, зялёныя, пранізлівыя, сачылі ўважліва і строга. Ён зноў буркнуў, але ўжо з сумневам, з асцярогай, і падаўся задам, прагна ловячы праз вільготныя ноздры той новы пах.

А воўк абышоў яго кругам, ступаючы бязгучна і прыглядаючыся, і ён таптаўся на месцы, скалячыся і таропка паварочваючыся следам, каб не паказаць гэтаму, не зверу і не чалавеку, касматую чорную спіну. Воўк жа, звузіўшы вочы, глуха цяўкнуў – быццам выраніў насмешлівае слова, адначасна скіроўваючы і прыспешваючы. І стрымгалоў рушыў скрозь ноч сярод верасовых купін, і ад поўсці яго сеялася слабое серабрыстае ззянне – як ад тонкага сярпа месяца.

Звярынае слова, кінутае ваўком, порстка штурханула яго, пагнала следам. І ён рвануўся таксама, з сапеннем перакідваючы цяжкое цела, налітае пругкай сілай, і дагнаў, і пабег нароўні з тым, легканогім і ззяйкім.

Верасовыя пусткі расхіналіся перад імі, рассыпаліся росамі, што асядалі на поўсці, белай ваўчынай і чорнай мядзведжай. Плыў зорны купал над купінамі, паварочваліся сузор’і, а хмары, што пад вечар прынеслі дождж, па нябеснай рацэ сплывалі на поўнач, грувасціліся на даляглядзе, утвараючы цёмныя горныя хрыбты і пікі.

Шорсткае радно верасоў разыходзілася ўбакі, і купіны пад лёгкімі ваўчынымі крокамі зыбаліся, распадаліся, як адбітак берага ў патрывожанай вадзе. За галавакружным зыбаннем праступала іншая, нябачаная роўнядзь – бясконцая, снежная. Вераснёвыя пусткі, прапахлыя мёдам ды адсырэлымі травамі, пакорліва адступалі, і снежная роўнядзь рабілася ўсё больш рэчыўнай. У хуткім часе былі толькі бязмежныя снягі і дзве касматыя здані, белая і чорная. Зоры быццам спусціліся ніжэй, бо пабольшалі, а яшчэ тыя зоры гучалі – трымцелі кожная сваёй адметнаю нотай. Звыклыя для чалавечага вока сузор’і рассыпаліся, як пацеркі з разарваных караляў, і ўтваралі новыя, няўцямныя знакі ў небе. І бязмежна раскідвалася чорная зорная бездань і белая раўніна пад ёю, і цягнуліся па снезе сляды, ваўчыныя і мядзведжыя.