Выбрать главу
      «Ух, ух! Саламяны дух, дух! Мяне маці спарадзіла, Нехрышчону палажыла. Месячык! Галубочак! На вячэру хадзі ў госці; У нас казак у чароце, У чароце, у асацэ, Срэбны персцень на руцэ; Маладзенькі, чарнабровы,— Знайшлі ўчора ля дубровы. Свяці доўга ў чыстым полі, Нагуляцца каб даволі! Пакуль ведзьмы йшчэ лятаюць, Пакуль пеўні не спяваюць, Пасвяці нам!.. Вунь штось ходзіць! Вунь пад дубам штось там робіць!
      Ух, ух! Саламяны дух, дух! Мяне маці спарадзіла, Нехрышчону палажыла».
      Зарагаталі нехрышчоныя... Гай абазваўся: галас, крык — Арда бы рэжа. Бы шалёныя, Лятуць да дуба... і ні пік!..
      Схамянуліся няхрысткі, Глядзяць: штось мільгае, Штосьці лезе ўверх па дрэве Да самага краю. Дзяўчыначка гэта тая, Што соннай блудзіла,— Вось такую варажбітка Ёй крыўду ўчыніла! На самы верх на галінцы Стала... У сэрцы квола. Паўзіралася навокал Дый лезе дадолу. Русалачкі вокал дуба Маўчалі, чакалі, Узялі яе, гаротную, Дый заласкаталі. Доўга, доўга паглядалі На яе на ўроду... Трэці пеўні: кукарэку! — Шаляснулі ў воду.
      Зашчабятаў жаваронка, Угару летучы; Зязюлька закукавала, На дубе седзячы; Зашчабятаў салавейка — Пайшло рэха гаем; Чырванее за гарою; Араты спявае. Гай чарнее над вадою, Дзе ляхі хадзілі; Засінелі па-над Днепрам Курганы-магілы. Пайшоў шэлест па дуброве, Зашапталі лозы; А дзяўчына спіць пад дубам Пры бітай дарозе — Добра спіць, бо кукавання Не чуе зязюлі I не лічыць, ці жыць доўга... Знаць, добра заснула.
      А тым часам з-за дубровы Казак выязджае; Пад ім конік вараненькі Насілу ступае. «Замарыўся, мой таварыш! Сягоння спачынем: Блізка хата, дзе дзяўчына Вароты адчыне. А можа, ўжо адчыніла Не мне, а другому... Хутчэй, косю, хутчэй, косю, Паспяшай дадому!»
      Утаміўся вараненькі, Ідзе, спатыкнецца,— Каля сэрца казацкага Як гадзюка ўецца. «Вось і дуб той кучаравы... Яна! Божа мілы! Бач, заснула, выглядаўшы, Мая сізакрыла!» Кінуў каня, да яе ўпаў: «Божа ты мой, божа!» Кліча яе ды цалуе... Не, ужо не паможа! «За што ж яны разлучылі Мяне ды з табою? » Зарагатаў, разагнаўся — Ды ў дуб галавою!
      Ідуць дзяўчаты ў поле жаці Ды, знай, спяваюць, ідучы: Як праважала сына маці, Як бой татарын вёў ўначы. Ідуць... Пад дубам зеляненькім Конь змардаваны чуць стаіць, А каля яго маладзенькі Казак ды дзеўчына ляжыць. Цікаўныя (усур’ёз нібыта) Падкраліся, каб напужаць; Калі зірнулі, што забіты,— З перапалоху ну ўцякаць!
      Збіраліся таварышкі — Слёзанькі ўціраюць; Збіраліся таварышы Ды ямы капаюць. Прыйшлі папы з харугвямі, Зазванілі звоны; Пахавалі грамадою Як след, па закону. Насыпалі край дарогі Ў жыце дзве магілы. Няма каму запытацца, За што іх забілі? Над казакам пасадзілі Явар ды яліну, А ў галовах у дзяўчыны Чырвону каліну. Прылятае зязюленька Да іх кукаваці; Прылятае салавейка Штоноч шчабятаці; I спявае і шчабеча, Пакуль месяц ўзыдзе, Пакуль тыя русалачкі З Дняпра грэцца выйдуць.
С.-Пецярбург 1838

ДУМКА

      Вецер буйны, вецер буйны! Ты з морам гаворыш — Збудзі яго, зайграй ты з ім, Спытай сіне мора. Яно знае, дзе мой мілы, Бо яго насіла; Яно скажа, сіне мора, Дзе яго згубіла. Калі мілага ўтапіла,— Разбі сіне мора! Пайду мілага шукаці, Ўтаплю сваё гора, Ўтаплю сваю нядоленьку, Русалкаю стану, Пашукаю ў чорных хвалях, На дно мора кану. Знайду яго,— прытулюся, На сэрцы замлею, Тады, хваля, нясі з мілым Куды вецер вее! Калі ж мілы на тым боку,— Вецер буйны, знаеш, Дзе ён ходзіць, што ён робіць,— Ты з ім размаўляеш. Калі плача, то й я плачу; Калі не — спяваю; Калі згінуў чарнабрывы, То й я прападаю. Тады нясі маю душу Туды, дзе мой мілы, Чырвонаю калінаю Пастаў на магіле. Лягчэй будзе ў чужым полі Сіраце ляжаці: Будзе над ім яго міла Кветкаю стаяці. Зацвіту калінай-кветкай, Каб мілага грудзі Не пякло чужое сонца, Не тапталі людзі. Вечарам я пасумую, Раніцай паплачу; Сонца ўзыдзе — утру слёзы, Ніхто й не пабача.