С.-Пецярбург
1860
Л.
Пастаўлю хату ў ахарошы,
Садок-раёчак насаджу.
Папасяджу і пахаджу
Ў сваёй маленькае раскошы.
Яшчэ ў самоце-адзінé
Ў садочку буду спачываць я,
I дзетачкі прысняцца мне,
Вясёлая прысніцца маці,
Як даўна-колішняй вясной
Прысніцца ясны сон!.. і ты!..
Ды не, не буду спачываць я,
Бо й ты прыснішся мне. I ў той
У мой малы раёчак ціха
Падкрадзешся, наробіш ліха...
Запаліш рай самотны мой.
1860
С.-Пецярбург
***
Не наракаю я на бога,
Не наракаю ні на кога,
Я сам сябе, дурны, дуру,
Яшчэ й спяваючы. Ару
Я свой аблог — благую ніву!
Ды сею слова. I ўрадліва
Жніво там будзе. I дуру!
Сябе тут я, сябе самога,
А болей, ведама, нікога.
Арыся ж ты, мая ніва,
Долам і гарою!
Засявайся, мая ніва,
Воляй удалою!
Арыся ж ты, разгарніся,
Полем пасцяліся!
Ды засейся добрым жытам,
Доляю палійся!
Разгарніся навакол ты,
Ніва-дзесяціна!
Ды не словамі пасейся,
А розумам, ніва!
Выйдуць людзі жыта жаці...
Вясёлае жніва!..
Разгарніся ж, уздыміся ж,
Бедная ты ніва!!!
Ці не дуру сябе нанова
Сваім узлётным добрым словам?
Дуру! Бо лепей абдурыць
Сябе ізноў, сябе самога,
Чым з ворагам папраўдзе жыць
I дарма наракаць на бога!
1860
С.-Пецярбург
***
Дні маладосці прамінулі,
I ад надзей усіх падзьмулі
Вятры халодныя. Зіма!
Адзін сядзі ў халоднай хаце —
Няма з кім ціха размаўляці,
Ані парадзіцца. Няма
Анікагусенькі. Няма!
Сядзі ж адзін, пакуль надзея
Абдурыць дурня, абсмяе...
Марозам вочы закуе,
А думы гордыя развее,
Нібы сняжынку па стэпу!
Сядзі ж адзін сабе ў кутку,
I не чакай жа вясны-долі!
Яна не ўзыдзе ўжо ніколі
Садочак твой пазеляніць,
Тваю надзею абнавіць!
I думу вольную на волю
Не прыйдзе выпусціць... I знай —
Што больш нічога не чакай!
1860
С.-Пецярбург
***
Хаця ляжачага й не б’юць,
Ды і прылегчы не даюць
Няшчаснаму. Цябе ж, о Сука!
I самі мы, і нашы ўнукі,
На свет ўвесь людзі праклянуць!
Не праклянуць, а толькі плюнуць
На тых аддоеных шчанят,
Што ты шчаніла. Мука! Мука!
О смутак мой, мая журба!
Ці ты мінеш калі? Ці псамі
Цары з міністрамі-рабамі
Цябе такую зацкуюць!
Не зацкуюць. А людзі ціха,
Без жаднага ліхога ліха,
Цара да ката павядуць.
1860
С.-Пецярбург
***
О людзі! Людзі-небаракі!
Нашто здаліся вам цары?
Нашто здаліся вам псары?
Бо вы ўсё ж людзі, не сабакі!
Слізгота ноччу, і туман,
I снег, і холад. I Нява
Кудысьці несла ціхатой
Малую крыгу дзесь пад мостам.
А я, таксама уначы,
Іду ды кашляю, йдучы,
Гляджу: няйначай, як агняты,
Ідуць абдзёртыя дзяўчаты,
А дзед (няшчасны інвалід)
За імі гнецца, кандыбае,
Бы ў хлеў чужую заганяе
Жывёлу ён. А дзе ж той свет?!
Дзе тая праўда! Гора! Гора!
Неўзгадаваных, босых, голых
Іх шлюць (последний долг отдать),
Да матак гоняць іх, дзяўчат —
Байстручанят, нібы атару.
Ці будзе суд! Ці будзе кара!
Царам, царатам на зямлі?
Ці будзе праўда між людзьмі?
Павінна быць, бо сонца ўстане,
Зямлю спаганеную спаліць.
1860
С.-Пецярбург