Выбрать главу
      Кася бегае па лесе, Бегае, галосіць, То кляне свайго Івана, То плача, то просіць. Выбягае на узлессе; Зірнула навокал Ды ў яр... бяжыць... сярод ставу Стала адзінока. «Прымі, божа, маю душу, А ты — маё цела!» Бух старчма ў ваду!.. Пад лёдам Глуха забурлела.
      Чарнабрыва Кацярына Знайшла, што шукала. Дзьмухнуў вецер па-над ставам — I следу не стала.
      То не вецер, то не буйны, Што дубы ламае; То не гора, не ліхое, Што маці ўмірае; Не сіроткі тыя дзеці, Што мамка ў зямельцы, Слава добрая й магіла Для іх застанецца. Як дакучаць злыя людзі Малой сіраціне,— Вылье слёзы на магілу — Сэрцайка спачыне. А таму якая доля, Доля засталася, Каго бацька і не бачыў, Маці адраклася? Байструку што засталося? Хто з ім загавора? Ні радні той, ні хаціны; Шляхі, пяскі, гора... Панскі тварык, чорны бровы... Нашто? Каб пазналі! Выпесціла, не схавала... Бадай палінялі!

V

      Ішоў кабзар да Кіева, Сеў спачыць з дарогі. З ім, абчэплены вузламі, Павадыр убогі. Ля яго дзіця малое Дрэмле, як нядбае, А стары кабзар тым часам Ісуса спявае. Хто йдзе, едзе — не мінае: Хто — праснак, хто — грошы; Хто старому, а дзяўчаты Шэлег механошы. Падзівяцца чарнабрыўкі — I босы і голы. «Дала,— кажуць,— вочкі, броўкі, Ды не дала долі!»
      Едзе шляхам да Кіева Шасцярнёй карэта, А ў карэце пан і пані, Багата адзеты. Апынуліся ля старцаў — Пыл густы злягае. Пабег Янка, бо з аконца Рукою махае. Дае пані Янку грошы, Дзівуецца пані, А пан глянуў... адвярнуўся... Распазнаў, паганы, Пазнаў чорныя ён бровы I карыя вочы... Пазнаў бацька свайго сына, Але ўзяць не хоча. «Як завуць?» — пытае пані. «Янка».— «Какой милый!» Коні рушылі, а Янку Абсыпала пылам... Палічылі, небаракі, Што дасталі, ўсталі, Памаліліся на сонца, Пайшлі шляхам далей.
С.-Пецярбург 1838

***

      Ой вы, думы, мае думы, Цяжанька мне з вамі! Нашто сталі на паперы Сумнымі радкамі?.. Што вас вецер не развеяў Ў стэпу да астатку? Што вас гора не прыспала, Як сваё дзіцятка?..
      Бо на свет вас беды на смех                                             спарадзілі, Палівалі слёзы... Што ж не затапілі, Не вынеслі ў мора, не размылі ў полі?.. Не пыталі б людзі, што ў мяне баліць? Не пыталі б, за што праклінаю долю, Чаму мне маркотна? «Нечага рабіць!» — На смех не сказалі б...
                                Кветкі мае, дзеці! Нашто ж я кахаў вас, нашто даглядаў? Ці заплача сэрца адно на ўсім свеце, Як я з вамі плакаў?.. Можа, і ўгадаў... Можа, знойдзецца дзявоча Сэрца, кары вочы, Што над думамі заплачуць — Большага не хочу... Адну слёзку з вачэй карых — I... пан над панамі!..
      Ой вы, думы, мае думы, Цяжанька мне з вамі!..
      За карыя вачаняты, За чорныя бровы Сэрца млела, смяялася, Вылівала мову; Вылівала як умела, За цёмныя ночы, За вішнёвы сад зялёны, За ласкі дзявочы... За стэп буйны, за магілы, Што на Украіне, Сэрца млела, не хацела Спяваць на чужыне... Не хацела ў снезе, ў лесе Казакоў грамаду З булавамі, з бунчукамі Збіраць на параду... Няхай душы казацкія На Ўкрайне лунаюць — Там шырока, там вясёла Ад краю да краю... Нібы воля, што мінула, Днепр шырокі — мора, Стэп і стэп, равуць парогі, I магілы — горы. Там радзілася, гуляла Казацкая воля; Там татарамі ды шляхтай Засявала поле, Засявала поле трупам, Пакуль не астыла... Спачыць легла... А тым часам Вырасла магіла, А над ёю арол чорны Сторажам лятае, I аб ёй жа людзям добрым Кабзары спяваюць. Што тварылася, спяваюць Сляпцы-небаракі,— Бо кемлівы... А я... а я Толькі ўмею плакаць, Толькі слёзы за Ўкраіну... А слова — няма ўжо... А за гора... Ды цур яму! Хто яго не знаў жа!.. А надта той, хто глядзіцца На людзей душою,— Пекла яму ў гэтым свеце, А на тым...