Добра гэтак, мой кабзару!
Добра, бацька, робіш,
Што спяваці, размаўляці
На магілу ходзіш!
Хадзі сабе, мой галубе,
Пакуль не заснулі
Думкі, сэрца, ды спявай так,
Каб людзі не чулі,
А каб цябе не міналі —
Патурай жа, брат, ім!
Скачы, уража, як пан кажа:
На то ён багаты.
Вось такі ён, Перабендзя,
Стары ды хімерны!
Вясельнае заспявае,
А на слёзы зверне.
С.-Пецярбург
1839
ТАПОЛЯ
Па дуброве вецер вее,
Гуляе па полі;
Ля дарогі аж да долу
Згінае таполю.
Стан высокі, ліст шырокі
Марна зелянее;
Кругом поле, нібы мора,
Шырака сінее.
Чумак едзе, азірнецца
Дый галаву схіліць;
Чабан раніцай з жалейкай
Сядзе на магіле,
Азірнецца — сэрца ные:
Вокал ні быліны!
Адна, адна, як сіротка
На чужыне, гіне!
Хто ж узросціў, каб у стэпу
Ёй марнець здарма так?
Пачакайце, раскажу ўсё.
Слухайце ж, дзяўчаты!
Палюбіла чарнабрыва
Казака дзяўчына,
Палюбіла — не спыніла:
Пайшоў дый загінуў...
Каб жа знала, што пакіне,—
Была б не любіла;
Каб жа знала, што загіне,—
Была б не пусціла;
Каб жа знала — не хадзіла б
Позна за вадою,
Не стаяла б да паўночы
З мілым пад вярбою;
Каб жа знала!..
Таго ліха —
Як знаці пачатак,
Што нам стрэнецца на свеце...
Не знайце, дзяўчаты!
Не пытайце сваёй долі!..
Само сэрца знае,
Каго любіць.
Няхай вяне,
Пакуль закапаюць,
Бо не доўга, чарнабрыўкі,
Кары вачаняты,
Твар бялявы чырванее —
Не доўга, дзяўчаты!
Да палудня, дый завяне,
Бровы паліняюць...
Кахайцеся ж, любіцеся,
Як сэрцайка знае.
Зашчабеча салавейка
Ў лузе на каліне,
Заспявае казачэнька,
Йдучы па даліне.
Заспявае, пакуль з хаты
Дачакае мілай,
А ён яе запытае:
«Ці маці не біла?»
Стануць сабе, абымуцца;
Пяе салавейка;
Паслухаюць, разыдуцца —
Абое радзенькі...
Ніхто таго не пабачыць,
Ніхто не спытае:
«Дзе была ты, што рабіла?»
Сама сабе знае...
Любілася, кахалася,
А сэрцайка млела:
Нядолечку сэрца чула,
А сказаць не ўмела.
Не сказала — засталася,
Дзень і ноч варкуе,
Як без голуба галубка,
А ніхто не чуе...
Не шчабеча салавейка
Ў лузе над вадою,
Не спявае чарнабрыва,
Стаўшы пад вярбою;
Не спявае,— як сіротка
Белым светам нудзіць,
Без мілога бацька, маці —
Як чужыя людзі;
Без мілога сонца свеціць —
Як вораг смяецца;
Без мілога скрозь магіла...
А сэрцайка б’ецца.
Год мінуў, другі мінуў год,—
Казак не вяртае;
Яна сохне, нібы кветка;
Маці не пытае:
«Чаго вянеш, мая дзетка?» —
Яна не спытала.
За багатага старога
Выйсці намаўляла.
«Ідзі, дочка! — кажа маці.—
Не век дзеўкай быці!
Ён багаты, адзінокі —
Будзеш паняй жыці!»
«Не хачу я панаваці,
Не пайду я, мама!
Ручнікамі, што прыдбала,
Спусці мяне ў яму.
Хай папы мне заспяваюць,
А дружкі заплачуць:
Лягчэй ў труне мне ляжаці,
Чымся яго бачыць».
Не слухала стара маці,
Рабіла, што знала,—
Усё бачыла дзяўчына,
Сохла ды маўчала.
Пайшла ўночы к варажбітцы,
Каб паваражыці —
Ці ёй доўга йшчэ на свеце
Адзінокай жыці?..
«Бабуленька, маё сэрца,
Малю з усёй сілы,
Скажы шчырую мне праўду:
Дзе сэрцайка-мілы?
Ці здароў-жыў? Ці ён любіць?
Ці забыў-пакінуў?
Скажы ж ты мне, дзе мой мілы?
На край свет палыну!
Бабуленька, маё сэрца,
Скажы, калі знаеш...
Бо выдае мяне маці
За старога замуж.
Любіць яго, бабуленька,
Сэрца не наўчыці.