КТЫТАР
«У гаю, гаю
Вецер не йграе;
Месяц высока,
Зоркі зіяюць.
Сэрцайка, выйдзі,—
Я выглядаю;
Хоць на гадзінку,
Мая рыбінка!
Выглянь, галубка,
Ды паваркуем,
Ды пасумуем:
Бо я далёка
Сёння вандрую.
Выглянь жа, пташка,
Сэрцайка, выглянь,
Пакуль блізенька,
Хоць паваркуем...
Ох, цяжка, цяжка!»
Гэтак, ходзячы пад гаем,
Ярэма спявае,
А Аксаны ані знаку,
Як ні выглядае.
Зоры ззяюць; сярод неба
Месяц зіхаціцца;
Верба слухае салоўку,
Глядзіцца ў крыніцу;
На каліне, над вадою,
Так і вылівае,
Як бы знае, што дзяўчыну
Казак выглядае.
А Ярэма па даліне
Кволым ходзіць ходам,
Не слухае салавейкі...
«Ой, нашто мне ўрода,
Калі няма долі, калі крыўды гнуць.
Леты маладыя марна прападуць.
Адзін я на свеце без роду і долі —
Сцябліна-быліна ды на чужым полі,
Сцябліну-быліну вятры разнясуць;
Так і мяне людзі не знаюць, дзе дзеці.
За што ж адракліся? Што я сірата.
Адно было сэрца, адно на ўсім свеце,
I душа, як сонца, адна ясната,
Дый тая зраклася!»
I хлынулі слёзы.
Паплакаў гаротны, уцёр рукавом.
«Бывай жа здарова. У далёкай дарозе
Найду або долю, або за Дняпром
Галавою лягу... А ты не заплачаш,
А ты не пабачыш, як груган клюе
Тыя кары вочы, ой, вочы казачы,
Што ты цалавала, сэрцайка мае!
Забудзь мае слёзы, забудзь сіраціну,
Забудзь, што клялася,— другога шукай!
Я табе не пара; я ў шэрай свіціне,
Ты ж — дачка ктытара... Лепшага вітай!
Вітай каго знаеш... Такая мне доля.
Забудзь мяне, пташка, забудзь, не журыся!
А калі пачуеш, што на чужым полі
Палёг галавою,— цішком памаліся.
Адна, сэрца, на ўсім свеце
Хоць ты памаліся!»
Дый заплакаў гарапашны,
На кій пахіліўся.
Плача сабе ціхусенька...
Шалесць!.. Калі глянуў:
Каля гаю, як ласачка,
Крадзецца Аксана.
Забыў, пабег, абняліся...
«Сэрца!» — дый самлелі.
Доўга, доўга толькі — «Сэрца!» —
Дыў ізноў нямелі.
«Годзе, пташка!» — «Яшчэ трошкі,
Яшчэ... сізакрылы!
Душу вымі!.. Йшчэ раз... йшчэ раз...
Як мяне ўтаміла!»
«Адпачынь, мая ты зорка!
Ты з неба зляцела!»
Паслаў світку. Як ясачка,
Ўсміхнулася, села.
«Сядай жа й ты каля мяне!»
Сеў дый абняліся.
«Сэрца маё, мая зорка,
Як я занудзіўся!»
«Замарудзіла я сёння:
Бацьку штось змарыла,—
Яго ўвесь час даглядала...»
«А мяне й забыла?»
«Ах, які ты, ей жа богу!»
I слёзка бліснула.
«Не плач, сэрца, я жартую».
«Жарты!»
Усміхнулась.
Прыхілілася галоўкай
Дый нібы заснула.
«Бач, Аксана, я жартую,
А ты ўпраўду плачаш.