Выбрать главу
«Як была я маладою прыпадобніцаю, Павесіла хвартушыну над аконніцаю; Хто йдзе — не міне, То кіўне, то міргне. А я шоўкам вышываю, У шыбінку выглядаю.       Сыманы,       Іваны, Надзявайце жупаны, Ды мы пойдзем пагуляем, Ды мы сядзем заспяваем!» «Заганяйце квочку ў бочку, А курчат у сетку!.. ................... ...................       I... гу! Загнуў бацька дугу. Цягне маці супоню, А ты ж звяжы, доню!» «Ці йшчэ? Ці годзе?»       «Яшчэ! Хоць брыдкую! Самі ногі носяць». «Ой, сып вядром квас Ды крышы апенькі! Дзед ды баба, Той да ладу,— Абое радзенькі. Ой, сып вядром квас Ды крышы пятрушку! ................... ................... Ой, сып вядром квас Ды накрышы хрэну! ................... ................... Ой, сып воду, воду Ды ідзі шукаці броду!..»
      «Годзе, годзе! — крычыць Гонта.— Годзе, пагасае. Светла, дзеці!.. А дзе Лейба? Дзе ён прападае? Знайсці яго ды павесіць. Пяцелька свіняча! Гайда, дзеці! Пагасае Каганец казачы!» А Галайда: «Атамане! Пагуляйма, татка! Глядзі — гарыць, на базары I відна, і гладка. Патанцуем. Грай, кабзару!» «Не хачу гуляці! Агню, дзеці! Дзёгцю, клочча! Гарматы давайце, Даць агню у склепы, сховы! Думаюць — жартую!»
      Заравелі гайдамакі: «Добра, бацька, чуем!» Цераз грэблю павалілі, Гукаюць, спяваюць. А Галайда крычыць: «Бацька! Стойце!.. Прападаю! Пачакайце, не страляйце: Там мая Аксана! Часіначку, бацькі мае! Я яе дастану!» — «Добра, добра! Залязняча, Давай знак страляці! Годзе цацкацца з ляхамі... А ты, мілы браце, Знойдзеш іншую!»       Тут глянуў — Галайды ні духу.
      Равуць горы — дом з ляхамі Пажарам забухаў Каля хмар. Што засталося — Пеклам запалала... «Дзе Галайда?» — Максім кліча. I следу не стала. Пакуль малойцы танцавалі, Ярэма з Лейбай не драмалі. Пралезлі ў дом, у самы лёх.       Схапіў Аксану ў хвіліну Ярэма з лёху і сам рынуў       У Лебядзін...

ЛЕБЯДЗІН

      «Ой, сіротка я з Вільшаны, Сірата, бабуся! Бацьку ляхі замучылі, А мяне... Баюся, Баюся, галубка, успомніць!.. Узялі з сабою. Не распытывай, бабулька, Што было са мною. Плакала ды наракала, Гора сэрца рвала, Слёзы сохлі, душа мёрла... Ох, каб гэта знала, Што яго йшчэ раз пабачу Жывым і здаровым,— Выцерпела б яшчэ болей За адно хоць слова! Выбачай, мая галубка! Можа, я грашыла, Можа, бог за то й карае, Што я палюбіла,— Палюбіла стан высокі I карыя вочы, Палюбіла, як умела, Як сэрцайка хоча. Не за бацьку малілася Й за сябе ў няволі — За яго, мая бабуся, За мілага долю. Карай божа! Тваю праўду Я выцерпець мушу. Сказаць страшна: думала ж я Загубіці душу. Каб не ён жа,— можа б... можа, Так і загубіла. Цяжка было! Думала я: «О божа мой мілы! Сірата ён,— без мяне хто Яго прывітае? Хто пра долю, пра нядолю, Як я, распытае? Хто абыме, як яго я? Хто душу пакажа? I хто ўбогаму сіроце Слова ласкі скажа?» — Я так думала, бабуся, Смяялася сэрца: «Без бацькоў я засталася Сіратой на свеце, I адзін ён на ўсім свеце Мяне верна любіць, А пачуе, што не жыва, Сам сябе загубіць,— Так я думала ў малітвах, Ждала ў кожным часе: I няма яго, не будзе! — Адна засталася...»
      Дый заплакала. Чарніца Горка, без надзеі Зажурылася.                     «Бабулька! Ты скажы мне: дзе я?» «Ў Лебядзіне, мая птушка! Не ўставай: ты хвора». «Ў Лебядзіне? Ці даўно я?» «Ды не, пазаўчора». «Пазаўчора?.. Пачакайце!.. Пажар над вадою... Жыд, Майданаўка, будынак... Завуць Галайдою...» «Так, Ярэмай Галайдою Сябе называе Той, прывёз што...»                          «Дзе ён? дзе ён? Цяпер жа я знаю!..» «Цераз тыдзень абяцаўся Прыйсці за табою». «Цераз тыдзень! Цераз тыдзень! Сэрцайка загоіць! Бабусенька, мінулася Ліхая часіна! Той Галайда — мой Ярэма!.. Па ўсёй Украіне Яго знаюць. Я глядзела, Як сёлы гарэлі, Бачыла я — каты-ляхі Трэсліся і млелі, Як хто скажа пра Галайду. Знаюць яны, знаюць, Хто такі ён, і адкуль ён, I каго шукае!.. Ён шукаў мяне й нарэшце Адшукаў, саколік! Прылятай жа, мой галубе, Маё шчасце, доля! Ох, як весела на свеце, Хоць ідзі скакаці! Цераз тыдзень, бабусенька... Яшчэ тры дні ждаці, Ох, як доўга!..» «Заграбай, мама, жар, жар — Будзе табе дочкі жаль, жаль...» «Ох, як весела на свеце! А табе, бабуся, Ці весела?» — «Я табою, Пташка, весялюся». «А чаму ж ты не спяваеш?» «Я ўжо адспявала...» Зазванілі на вячэрню. Аксана ўздыхала, А чарніца памаліцца У храм падыбала.