Пайшоў, згорблены, ў свет Гонта;
Ідзе, спатыкнецца.
Пажар свеціць; Гонта гляне,
Гляне — усміхнецца.
Страшна, страшна усміхаўся,
На стэп азіраўся.
Абцёр вочы... Чуць мільгае
Ў дыме дый схаваўся.
ЭПІЛОГ
Даўно то мінула, як малой дзяцінай,
Сіратою ў зрэб’і я калісь блукаў
Без світкі, без хлеба па той Украіне,
Дзе Залязняк, Гонта з свянцоным гуляў.
Дзе йшлі гайдамакі,— малымі нагамі
Хадзіў я ды плакаў, ды людзей шукаў,
Што дабру наўчылі б. Я цяпер пазнаў,
Пазнаў дый жаль стала, што ліха мінула.
Прамяняў бы долю, што цяпер я маю,
Ліха тое ўспомню, бяскрайныя стэпы,
I бацьку, і дзеда,— дзед яшчэ мой крэпак...
Бацька ж не жыве мой, дзед яшчэ гуляе.
Бывала, ў нядзелю, старадаўным следам,
Выпіўшы той горкай па чарцы з суседам,
Бацька дзеда просіць, каб той расказаў
Пра Каліеўшчыну ды як ваявалі,
Як Залязняк, Гонта ляхаў пакараў...
Сталетнія вочы, як зоры, зіялі,
А слова за словам крыніцай лілося:
Як ляхі каналі, як Сміла гарэла...
Суседзі ад страху слухалі нясмела.
I мне, йшчэ малому, не раз давялося
Па ктытару плакаць. I ніхто не бачыў,
Што дзіцё малое ды ў куточку плача.
Дзякую табе, дзеду, што ты захаваў
Ў галаве сталетняй славу нам казачу:
Я цяпер унукам яе расказаў.
Выбачайце, людцы, што вам
Казацкую славу
Так расказваю наўгадкі
Без кніжнае справы.
Так расказваў дзед калісьці —
Няхай здароў будзе! —
А за ім я. Не знаў стары,
Што пісьменны людзі
Тыя рэчы прачытаюць.
Дзедка, не сумуйся!
Няхай лаюць! А я покуль
Да сваіх вярнуся,
Ды ўжо давяду да краю,
Давяду — спачыну,
Ды хоць скрозь сон пагляджу я
На тую Ўкраіну,
Дзе хадзілі гайдамакі
З святымі нажамі,
На шляхі тыя, што мераў
Малымі нагамі.