«А-а... лю-лі...
Пытала зязюлю —
Зязюля вяшчала,
Праўданьку казала.
Буду сто год жыці.
Цябе гадаваці,
Ў жупане хадзіці,
Буду панаваці.
Ой вырасцеш, сынку,
За паўчварта году,
Як ясень высокі,
Як княжога роду,
Гнуткі і дзябёлы,
Шчаслівы, вясёлы
I не адзінокі.
Найду табе роўню,
Хоць за морам сінім,
Або крамароўну,
Або сотнікоўну —
Такі панну, сыну!
У чырвоных чаравіках,
Ў зялёным жупане,
Па святліцы пахаджае,
Як пава, як пані,
Ды з табою размаўляе;
У хаце, бы ў раю!
А я сяджу на покуці,
Толькі паглядаю.
Ой, маё дзіцятка!
Ой, сыне мой, сыне!
Ці ёсць лепшы на ўсім свеце,
На ўсёй Украіне?
Няма лепшага й не будзе —
Дзівуйцеся, людзі!
Няма лепшага!.. А долю...
Долю раздабудзем».
Ой, зязюля, зязюленька,
Нашто кукавала?
Нашто ты ёй доўгіх годаў
Сто лет абяцала?
Хіба ж ёсць на гэтым свеце
Слухмяная доля?
Ох, каб была!.. Змагла б маці
З нямецкага поля
Сваім дзетачкам заклікаць
I долю, і волю,
Дык жа не... А зло нядолі
Сустрэнецца ўсюды —
I на шляху і без шляху —
Усюды, дзе ёсць людзі.
Цешылася маці сынам,
Як кветкаю ў гаю,
Цешылася... А тым часам
Бацька памірае.
Засталася удавою,
Хоць і маладою,
I не адна... ды ўсё ж цяжка...
З горам ды з нудою
Пайшла яна да суседзяў
Парады прасіці...
Прысудзілі суседанькі
У наймах служыці.
Агалела і змарнела,
Кінула гасподу —
Пайшла ў наймы... Не мінула
Ліхое прыгоды.
I дзень і ноч працавала,
Падаткі плаціла,
За тры копы свайму сыну
Жупанок купіла,—
Каб і яно, удовіна,
Да школы хадзіла.
Ой, талане, талане,
Удовіны паганы!
Ці ты ў полі, ці ты ў гаю,
Абадраны цыгане,
З бурлакамі гуляеш? Багатаму сама льецца
Вада ў яго хаце,
А беднаму ў яры трэба Крыніцу капаці.
У багатых растуць дзеці — Вербы пры даліне,
А ўдовіна адным-адно,
Ды і тое гіне.
Прычакала ўдава долі,
Даросласці сына,
I пісьменны, і ўрадлівы —
Кветачка хлапчына!
Як у бога за дзвярыма
Ўдава панавала;
Зазіраліся дзяўчаты
I ручнікі дбалі.
Палюбіла багатая —
Не пацалавала;
Вышывала шоўкам хустку —
Не падаравала.
Злыдні ж краліся з-за мора
Ка ўдовінай хаце.
Падкраліся... Сталі хлопцаў
Ў кайданы каваці
Ды павезлі да прыёму
Бітымі шляхамі.
Пайшла з маткамі і ўдоўка
З дробнымі слязамі.
Дзе ноч начавалі,
Вартавым давалі,
Але ўдаву да абозу
I не дапускалі.
Ой прывезлі да прыёму
Чупрыны галіці;
Усе дробны, недаросткі —
То багатых дзеці.
Той калека-недарэка,
Той не ўмее стаці,
Той гарбаты, той багаты,
Тых чатыры ў хаце.
Усе не ў лад, усіх назад —
Ва ўсіх доля маці.
А ва ўдовы адзін сын,
Дый той якраз пад аршын.
Пакінула ізноў хату,
Сынову гасподу,
Пайшла ў наймы, за хлеб чорствы
Чужым насіць воду,
Бо свае і не прымаюць:
«Нядошлая стала,
Не здужае...» I агрызак
Праз акно давалі,
Як убогай... Не дай, божа,
Такога дажыці!
Не дай, божа, ў багатага
I піць папрасіці!
Па капейцы зарабляла,
Копу назбірала,
Ды да сына ліст пісала,
Палягчэла. Год праходзіць,
I другі мінае,
I чацвёрты, і дзесяты,
А чуткі не мае.
Няма чуткі, што тут рабіць?
Торбу браць у латах
Ды йсці... Ісці сабак дражніць
Ад хаты да хаты.
Ўзяла торбу, пайшла сялом,
На выгане села
I ў сяло ўжо назад не йшла —
Дзень і ноч сядзела
Каля веснічак. А лета
За летам мінае.
Змізарнела, у крук звяло —
Ніхто й не пазнае.
Дый каму там цікавіцца
Калекай убогай!
Сядзіць сабе, пазірае
Ў поле на дарогу.
Рассвітае, і цямнее,
Ды ізноў світае...
А маскалік, сынок яе,
Не йдзе, не дыбае.