Па-над ставам увечары
Шуміць чарот шэры.
Маці сына ўсё чакае
Досвіта вячэраць.
Па-над ставам увечары
Шэпча штось вярбіна.
Выглядае ў цёмным гаю
Казака дзяўчына.
Па-над ставам вецер вее,
Лозы нагінае;
Плача маці адна ў хаце,
А дзяўчына ў гаю.
Паплакала чарнабрыўка
Ды стала спяваці;
Паплакала стара маці
Ды стала рыдаці.
Малілася і рыдала,
Кляла ўсё на свеце...
Ох, як цяжкі вы, без долі,
У мацеры дзеці!
Кастлявыя свае рукі
Да бога ўзнімала,
Сваю долю праклінала
Ды сыночка звала.
То ад жалю адходзіла
I ў журбе нямела,
То на шлях той на далёкі
Скрозь слёзы глядзела.
I дзень і ноч пазірала
Дый стала пытаці:
«Ці не чуў хто, ці не бачыў
Маскаля-дзіцяці,
Майго сына?..» Ніхто не чуў,
I ніхто не бачыў.
Сядзіць яна, не йдзе ў сяло,
Маўчыць і не плача.
Звар’яцела!.. I цагліну
Муштруе, то лае,
То калыша, як дзіцятка,
Сынам называе...
Ды украдкам ціхусенька
Скрозь слёзы спявае:
«Змяя хату запаліла,
Дзецям кашы наварыла,
Паморшчыла пасталы,
Паляцелі маскалі.
Гусі шэрыя у вырай
Па чатыры, па чатыры
Паляцелі — гол-гол! —
На магіле арол.
На магіле сярод ночы
У казака выме вочы,
А дзяўчына ў цёмным гаю
Яго з войска выглядае...»
Днём лазіла па сметніках,
Чарапкі збірала,
Гаварыла, што сыночку
Гасцінца хавала.
Позна ноччу расхрыстана
I проставалоса
Сялом ходзіць — то спявае,
То страшна галосіць.
Людзі лаялі... Бо, бачце,
Спаць ім не давала
Ды крапіву пад іх тынам
I бур’ян таптала.
Дзеці бегалі з драколлем
Удзень за ўдавою
Па вуліцы; ды са смехам
Клікалі Савою.
1844
С.П.Б.
ДЗЯВОЧЫЯ НОЧЫ
Высушылі кары вочы
Дзявочыя ночы...
Расплялася пышна каса
Аж да пояса;
Раскрыліся персі-горы —
Хвалі сярод мора;
Засвяцілі кары вочы —
Зоры сярод ночы;
Працягліся белы рукі,
Так бы й абвіліся
Вакол стану... I з падушкай
Горка абняліся,
Дый замлелі, дый замерлі,
З плачам разняліся.
«Ды нашто мне каса-краса
I карыя вочкі,
Стан мой гнуткі... Калі няма
Мілага дружочка?
Няма з кім мне палюбіцца,
Сэрцам падзяліцца...
Сэрца маё! сэрца маё!
Цяжка табе біцца
Адзінокаму. З кім жыці,
З кім, свеце лукавы,
Скажы ты мне?.. I нашто мне
Слава... тая слава?
Я любіць і жыці хочу
Сэрцам — не красою!
А мне яшчэ і зайздросцяць,
Гордаю і злою
Злыя людзі называюць.
А таго не знаюць,
Што я ў сэрцы захавала...
Няхай называюць —
Грэх ім будзе... божа мілы!
Чаму ты не хочаш
Укароціць свае цемры
Цяжкае мне ночы!..
Бо я ўдзень не адзінока —
З полем размаўляю,
Размаўляю і нядолю
Ў полі забываю.
А ўначы...» Дый анямела,
Слёзы паліліся...
Рукі самі з падушкаю
Горка зноў звіліся.
1844
С.П.Б.
Сон
Камедыя
Дух истины, его же мир не может прияти, яко не видит его, ниже знает его.
У кожнага свая доля
I свой шлях шырокі:
Той муруе, той руйнуе,
Той нясытым вокам
За край свету зазірае,
Ці няма краіны,
Каб заграбаць ды з сабою
Ўзяць у дамавіну.
Той тузамі абірае
Ў сватняй хаце свата,
А той спадцішка ў куточку
Точыць нож на брата.
А той ціхі ды цвярозы,
Богабаязлівы,
Нібы кот той падкрадзецца,
Выжджа нешчаслівы
У цябе час дый запусціць
Пазуры ў пячонку,—
I не прасі: не вымаляць
Ні дзеці, ні жонка.
А той шчодры ды багаты,
Цэрквы ўсё муруе;
Ды так бацькаўшчыну любіць,
Так па ёй гаруе,
Ажно з яе, небарачкі,
Як ваду, кроў точыць!..
А ўся брацця маўчыць сабе,
Вытрашчыўшы вочы!
Як ягняты: «Няхай — кажа,—
Можа, так і трэба».
Так і трэба! Няма бога
На зямлі, на небе!
А вы ў ярме падаеце
Ды нейкага раю
На тым свеце шукаеце?
Няма раю — знаю!
Шкода й працы! Падумайце:
Ўсе на гэтым свеце —
Жабраняты, цараняты —
Адамавы дзеці,
I той... і той... Ну, а я што?
Вось што, мае людзі:
Я гуляю, банкетую
Ў нядзелю і ў будзень.
А вам нудна! А вам шкода!
Яй-богу, не чую.
Не крычыце! Я сваю п’ю,
А не кроў людскую!