Выбрать главу
      Разляцеліся і зніклі. Сонейка ўставала; А я стаяў, дзіваваўся, Ды аж страшна стала. Бедакі ўжо паўставалі, На працу спяшылі, Маскалі ўжо на распуццях Муштроўку рабілі. Краем вуліц паспяшалі Сонныя дзяўчаты, Ды не з дому, а дадому!.. Пасылала маці На ўсю ночку працаваці, На хлеб зарабляці. А я стаю, пахіліўся, Ў думках разважаю: Як то цяжка хлеб штодзённы Людзі зарабляюць!
      Вот і брація сыпнула У сенат пісаці Ды падпісываць, ды з родных, З бацькі, з брата драці. А між імі й зямлячкі тут Сям-там праглядаюць, Па-маскоўску так і рэжуць, Смяюцца ды лаюць Бацькоў сваіх, што іх змалку Дзэкаць не наўчылі Па-нямецку — а цяпер тут Кісні во ў чарніле! П’яўкі, п’яўкі! Можа, бацька Астатню карову Прадаў жыдам, пакуль выўчыў Маскоўскае мовы. Украіна! Украіна! Вось жа твае дзеткі. Твае злітыя чарнілам Маладыя кветкі. Маскоўскаю балбатнёю Ў нямецкіх цяпліцах Заглушаны!.. Плач, Украйна, Бяздзетна ўдавіца!
      Пайсці, хіба, паглядзеці Да цара ў палацы, Што там робіцца? Прыходжу — Дворня (стаў ўзірацца) Стаіць радам, сапе, храпе, Насы панадзьмула, Як індыкі, і на дзверы Коса паглядала. Адчыніліся во й дзверы — I як бы з бярлогі Мядзведзь вылез. Ледзьве-ледзьве Пераносіць ногі, Ды адуты, пасінеў аж: Пахмелле праклята Яго мучыла. Як крыкне На самых пузатых,— I пузатая ўся хеўра Ў зямлю паляцела! З ілба вылупіў ён банькі — I ўсё задрыжэла, Што было там! Як шалёны, На меншых гукае — Ў зямлю й тыя. Ён да дробных — Тыя прападаюць! Ён да чэлядзі — і чэлядзь, I чэлядзь прапала. Да маскаляў — маскалікі, Толькі застагнала, Пайшлі ў зямлю. А на свеце Ўсё, бы ў нейкім цудзе! Я гляджу, што будзе далей, Што рабіці будзе Мой мядзведзік! Стаіць сабе, Галаву панурыў Небарака. Дзе ж прапала Мядзвежжа натура? Як той коцік — такі смешны!.. Я аж засмяяўся! Аж пачуў ён ды як зыкне,— Я перапужаўся I збудзіўся...                     Вось якое Ў сне пабачыў я там Дзіва дзіваў! Гэта ж толькі Сніцца дурнаватым Ды п’яніцам. Не крыўдуйце, Браткі дарагія, Што не сваё расказаў вам, А то, што сасніў я.
1844 С.-Пецярбург

***

      У нядзелю не гуляла: Ды на шоўкі зарабляла, Ды хусціну вышывала, Вышываючы, спявала: «Хусціначка мярэжаная,       Вышываная! Выгаптую, падарую, А ён мяне пацалуе...
      Хусціна мая       Маляваная! Задзівяцца ўранку людзі, Што ў сіроткі хустка будзе       Мярэжаная,       Маляваная! А я касу расплятаю, З сваім мілым пахаджаю...       Долечка мая,       Матанька мая!»
      Вось так яна вышывала, У акенца паглядала: Ці не згледзіць крутарогіх? Ці не йдзе чумак з дарогі?
      Ідзе чумак з-за Ліману З чужым дабром, бесталанны, Чужых валоў паганяе, Паганяючы, спявае:
      «Доля мая, доля! Што ты не такая, Як доля чужая? Ці я п’ю, гуляю? Ці сілы не маю? Ці да цябе дарожанькі У стэпу не знаю? Ці да цябе сваіх дароў Я не пасылаю? Ёсць у мяне дары — Вочы мае кары. Маладую маю сілу Багачы купілі. Мо без мяне і дзяўчыну З другім заручылі... Навучы ж ты мяне, доля, Гуляць навучы!