Выбрать главу

II

      На прызбе неяк у нядзелю Дзед з бабаю сабе сядзелі Так хораша ў кашулях белых, Старыя косці сонца грэла — Ні хмаркі ў небе — ціха-ціха. Ды люба, быццам гэта рай, Ды ў сэрцы ім залезла ліха, Як дзікі звер у цёмны гай.
      У такім раю чаго ж бы Старым сумаваці? Ці не ліха даўнейшае Прачнулася ў хаце? Ці прыдушанаму ўчора Вярнулася сіла? Ці мо сёння завялося Ды рай запаліла?
      Аб чым сумуюць, я нічога Пра гэта не магу сказаць. Мо ўжо збіраюцца да бога? Дык хто ў вялікую дарогу Ім будзе коні запрагаць? «А хто нас, Насця, пахавае, Калі памром?» — «Хіба я знаю? Я сама ўсё меркавала — Думкі спанавалі: Адзінокія, старыя... Каму мы надбалі Дабра таго?» — «Чакай крыху! Чуеш? Нехта плача Ля варот... Нібы дзіцятка! Пабяжым жа!.. Бачыш? Казаў жа я, нешта будзе!» Ускочылі разам, Падбягаюць, спыніліся! Перад пералазам, Ля варот ля самых бачаць — Дзіцянё спавіта — Дый не туга, новенькаю Світкаю накрыта. Гэта маці спавівала, Накрыла і летам Дзіцянё апошняй світкай!.. Здзіўленыя гэтым, Старэнькія маліліся, А яно, як знае: Напружыла ручаняткі Ды ім выстаўляе Маленькія... I замоўкла, Нават і не плача, Толькі ўсхліпвае. «Ну, Насця? Я ж казаў! Вось бачыш? Вось і шчасце, вось і доля Старым, адзінокім! Бяры ж хутчэй ды спавівай!.. Вунь які, няўрокам!.. Нясі ў хату, а я зараз Прыбягу з кумамі З Гарадзішча...»                         Дзіўна неяк Робіцца між намі! Адзін сына праклінае, З хаты выганяе, Другі свечку, небарака, Потам зарабляе, Рыдаючы, ставіць яе Перад абразамі — Няма дзяцей!.. Дзіўна неяк Робіцца між намі!

III

      Аж тры пары на радасці Кумоў назбіралі, Ды вечарам ахрысцілі I Маркам назвалі. Расце Марка. Старэнькія З радасці часамі, Дзе пасадзіць, дзе палажыць, Не ведаюць самі. Мінае год. Расце Марка — Для яго карова У раскошы купаецца, Каб ён быў здаровы. Чарнабровая аднойчы Прыйшла маладзіца На той хутар да старэнькіх У наймы прасіцца.
«А што ж? — кажа.—                       Возьмем, Насця!» «Ды возьмем, Трахіме, Не дагледзім мы, старыя, Вачыма сваімі. Падрасло дзіця ўжо, праўда, А ўсё ж такі трэба Каля яго пільнавацца». «Ды яно-то трэба, Бо я сваю ўжо частачку Пражыў, дзякуй богу. Падтаптаўся. Дык што ж цяпер, Што возьмеш, нябога, За год, ці як?» — «А што дасце...» «Каб не мець утраты, Загадзя лічы, дачушка, Колькі будзе платы, Бо сказана: хто не лічыць, Дык той і не мае. Хіба так вось, маладзіца: Ні ты нас не знаеш, Ні мы цябе, пажывеш тут, Разгледзішся ў хаце, Вось тады нам лёгка будзе Гаварыць пра плату.                     Ці так, дачка?» «Добра, дзядзька!» «Дык заходзь у хату!» Абжылася маладзіца — Твар яе вясёлы, Нібы стала жонкай пана,— Закупіла сёлы! Увіхаецца старанна У дварэ і ў хаце, I вечарам і досвіткам, А каля дзіцяці I ў нядзелю, і ў будны дзень — Як тая матуля: Галовачку яму мые, Белую кашулю Штодзень божы надзявае, Пяе, забаўляе, Робіць возікі, а ў свята I з рук не спускае. Аж дзівяцца старэнькія — Богу шлюць падзяку, А наймічка няўтомная Штоноч, небарака, Сваю долю праклінае, Горка-горка плача, I ніхто таго не чуе, I ніхто не бачыць. Апрача малога Маркі, Дык ён жа не знае, Чаго наймічка слязамі Яго абмывае, Чаму так яго цалуе, Быццам ён ёй родны, Не даесць сама, каб толькі Ён не быў галодны. А калі ён у калысцы Часам сярод ночы, Прачнуўшыся, зварухнецца, Дык яна і ўскочыць, Перахрысціць і накрые, Ціха закалыша, Чуе Ганна цераз хату, Як малое дыша. Раніцою ручаняты Марка выстаўляе I мамаю няўтомнаю Ганну велічае. Ён не знае, расце сабе, Расце, падрастае.