Раз у нядзелю на прачыстай
На прызбе на сваёй Трахім
Сядзеў сабе ў кашулі чыстай,
Капелюшы. А побач з ім
Унук з сабакам забаўляўся.
А ўнучка, ў матчынай спадніцы,
Прыйшла, як ходзяць маладзіцы,
Да дзеда ў госці. Засмяяўся
Стары і ўнучку прывітаў,
Нібы сапраўдную кабету.
«А булкі дзе ж табой падзеты?
Ці мо хто ў лесе адабраў?
Ці мо забылася ты ў хаце?
А мо зусім не напякла?
Э, сорам! Вылітая маці!»
Аж зірк! — і наймічка ўвайшла
У двор. Пабег дзед сустракаці
З унукамі сваю Ганну.
«А Марка ў дарозе?» —
Ганна ў дзеда спыталася.
«Яшчэ ўсё ў абозе».
«А я ледзьве дадыбала
Да вашай хаціны.
Не хацела паміраці
Адна на чужыне.
Каб хоць Маркі дачакацца!..
Нешта цяжка стала...»
I з клуначка яна ўнукам
Гасцінцы вымала:
Медалікі і крыжычкі,
Пацерак шнурочак
Ярыначцы і чырвоны
З фольгі абразочак,
А для Карпа салавейку
Ды конікаў пару,
А чацвёрты аж пярсцёнак
Ад святой Варвары
Кацярыне, а старому
З восачку святога
Тры свечачкі. Толькі Марку
I сабе нічога
Не прынесла: не купіла —
Грошай не хапіла,
Зарабіць жа не прыйшлося.
«Яшчэ асталося
Бараначка палавінка».
Дзецям раздзяліла.
VII
Зайшла ў хату. Кацярына
Памыла ёй ногі,
Палуднаваць пасадзіла.
Не ела нічога
Ганна, толькі запытала:
«Калі ў нас нядзеля?»
«Паслязаўтра».— «Трэба будзе
Акафіст наняці
Ды святому Мікалаю
На часціну даці,—
Бо вось Марка забавіўся...
Можа, дзе ў дарозе
Занядужаў, не дай божа!»
Закапалі слёзы
З старых вачэй памутнелых,
Ледзьве Ганна ўстала,
Прамовіла:
«Кацярына!
Я не тая стала,
Знядужала, не магу ўжо
I на ногі ўстаці.
Цяжка, Катра, паміраці
Ў чужой, цёплай хаце!»
Захварэла, небарака.
I прычасць прымала,
Мазалі святым алеем —
Не дапамагала.
Стары Трахім па надворку
Як прыбіты ходзіць,
Кацярына ж з хворай Ганны
I вачэй не зводзіць —
Ад пасцелі не адходзіць
Ні ўдзень ні ўночы,
А тым часам на каморы
Сыч бяду прарочыць.
Непакоіцца ўсё Ганна.
Штодзень, штогадзінна
Ледзьве чутна пытаецца:
«Скажы, Кацярына,
Яшчэ Марка не прыехаў?
Ох, каб жа я знала,
Што даждуся, што пабачу,—
Яшчэ б пачакала!»
VIII
Ідзе Марка з чумакамі,
Ідучы спявае,
Спыняецца на папаску —
Дамоў не спяшае.
Вязе Марка Кацярыне
Сукна дарагога,
Чырвонага шоўку пояс
Вязе для старога.
I каптур вязе для Ганны
З парчы залатое,
I чырвоную ёй хустку
З белаю каймою.
А дзетачкам чаравічкі,
Фіг ды вінаграду,
А ўсім разам чырвонага
Віна з Цараграду
Вёдзер мо са тры ў бачурцы,
Ікры рознай з Дона —
Вязе ўсяго, не ведае,
Што робіцца дома.
Ідзе Марка, не журыцца,
Прыйшоў, дзякуй богу!
I вароты адчыняе,
I моліцца богу.
«Вось, ці чуеш, Кацярына?
Бяжы, сустракай ты!
Прыйшоў ужо! Бяжы хутчэй
Ды вядзі дахаты!
Дзякуй табе, хрысце-божа!
Ледзь я прычакала!»
I «Ойча наш» ціха-ціха,
Як праз сон, шаптала.
Стары валы выпрагае,
Ярмо прыбірае,
Кацярына гэтым часам
Марку аглядае.
«А дзе ж Ганна, Кацярына?
Я сабе й не дбаю!
Мо памерла?» — «Не памерла,
А вельмі слабая.
Пойдзем у малую хату,
Покуль выпрагае
Валы бацька, яна цябе
Вельмі ўжо чакае».
Увайшоў у хату Марка
I стаў ля парога...
Аж спужаўся. Ганна шэпча:
«Дзякуй... Дзякуй богу!
Хадзі сюды, не пужайся!
Выйдзі з хаты, Каця:
Нешта маю запытаць я,
Нешта расказаці».
Выйшла з хаты Кацярына,
А Марка схіліўся
Да наймічкі. Прашаптала:
«Марка! Прыглядзіся,
Прыглядзіся да мяне ты!
Бач, як я змарнела.
Я не Ганна, не наймічка,
Я...» — і занямела.
Марка плакаў і дзівіўся.
Зноў вочы адкрыла,
Пільна глянула, ды зрок ёй
Сляза засланіла.
«Даруй ты мне! Мучылася
Век я ў чужой хаце!..
Даруй жа мне, мой сыночак!
Я... Я твая маці!»
I замоўкла...
Самлеў Марка —
Зямля задрыжала.
Прахапіўся — да мацеры,
А маці ўжо спала.