Па закону апостала
Вы любіце брата?
Суесловы, ліцамеры,
Госпадам пракляты!
Вы бо любіце на браце
Скуру, а не душу!
Дый лупіце па закону:
Дочцы на кажушак,
На пасаг байстручаняці,
Жонцы на гарсэцік,
Для сябе ж — аб чым не знаюць
Ні жонка, ні дзеці!
За каго ж ты распінаўся,
Хрысце, сыне божы?
За нас, добрых, ці за слова
Ісціны? Ці, можа,
Каб мы цябе асмяялі?
Яно ж так і стала!
Капліцы, храмы і іконы,
I свечкі, і кадзіла дым,
I перад вобразам тваім
Бесперапынныя паклоны —
За крадзеж, за вайну, за кроў,—
Каб братнюю праліць кроў, просяць,
I после ў дар табе прыносяць,
З пажару ўкрадзены пакроў!!
Прасвяціліся!.. Ды хочам
Для другіх прасветы,
Сонца праўды паказаці
Сляпым, бачыш, дзеткам...
Ўсё пакажам! Толькі дайце
Сябе ў рукі ўзяці.
Як і турмы мураваці,
Кайданы каваці
I насіць як... I як плесці
Бізун з вузлаваццем,—
Ўсяго наўчым! Толькі дайце
Свае скалы, горы
Астатнія... бо ўжо ўзялі
I поле і мора!
I цябе загналі, мой дружа ядыны,
Якаве мой добры! Не за Украіну,
А за яе ката прыйшлося праліць
Светлую сваю кроў,— атрутай запіць —
З маскоўскае чашы атрутны напітак!
О мой дружа добры! Дружа незабыты!
Жывою душою на Ўкрайне вітай;
Лётай з казакамі па-над берагамі,
Разрыты магілы ў стэпе назірай,
Заплач з казакамі дробнымі слязамі
І мяне з няволі ў стэпе выглядай!
А пакуль што — мае думы,
Маё злое гора,
Зіяць будуць і растуць хай
Ды з ветрам гавораць...
Вецер ціхі з Украіны
Панясе з расою
Мае думы да цябе аж!..
Братняю слязою
Ты іх, дружа, прывітаеш,
Веру, не прагоніш...
I магілы, стэпы, мора
I мяне ты ўспомніш.
1845
У Пераяславе
I МЁРТВЫМ, I ЖЫВЫМ, I НЕНАРОДЖАНЫМ
ЗЕМЛЯКАМ МАІМ НА УКРАІНЕ
I НЕ НА УКРАІНЕ
МАЁ СЯБРОЎСКАЕ ПАСЛАННЕ
Аше кто речет, яко люблю бога, а брата своего ненавидит, ложь есть.
I змяркае, і світае,
Дзень божы мінае,
Зноў і стомленыя людзі,
I ўсё спачывае.
Толькі я, нібы пракляты,
I дзень, і ноч плачу
На шматлюдных раздарожжах,
I ніхто не бачыць.
I не бачыць, і не знае —
Аглухлі, не чуюць,
Кайданамі мяняюцца,
Праўдаю гандлююць
I госпада зневажаюць —
Людзей запрагаюць
У ярмо, аруць жа ліха,
Ліхам засяваюць,
А што ўродзіць? Пабачыце,
Што за жніва будзе.
Схамяніцеся ж, нарэшце,
Вырадкі — не людзі!
Паглядзіце на рай ціхі,
На сваю краіну,
Палюбіце вялікую
Гэтую руіну!
Раскуйцеся, братайцеся
I ў чужой краіне
Не шукайце, не пытайце,
Чаго няма ў свеце,—
Не знайсці таго ніколі
На чужыне ў полі.
Свая ж хата — свая праўда,
Свая сіла й воля.
Няма на свеце Украіны,
Другога не знайсці Дняпра,
А вы працеся на чужыну
Шукаць там добрага дабра,
Дабра святога. Волі! Волі!
Братэрства братняга. Знайшлі,
Прынеслі к нам з чужога поля:
На Ўкраіну з чужой зямлі
Вялікіх слоў прынеслі многа,
Нічога больш. А крычыцé,
Што не затым вы жывяцё,
Каб кланяцца няпраўдзе ў ногі,
I хіліцеся горш былога!
I зноў вы скуры дзераце
З братоў няшчасных, грэчкасеяў,
I сонца праўды сузіраць
Туды, да немцаў-дабрадзеяў,
Працеся зноў вы. Каб забраць
Маглі нікчэмнае з сабою
I крадзенае ўсё дабро,
Тады б астаўся сіратою
З святымі горамі Дняпро!
Каб вам не вярнуцца, каб так яно стала!
Каб там і здыхалі, дзе вы параслі,
Не плакалі б дзеці, маці не рыдала
I словы б знявагі не чутны былі.
I сонца б не грэла смярдзючага гною
На чыстай, шырокай, на вольнай зямлі.
Не ведалі б людзі, што вы за арлы,
I не паківалі б на вас галавою.