Выбрать главу
1845 Уюнішча

***

      Мінаюць дні, мінаюць ночы, Мінае лета; шапаціць Ліст пажаўцелы; гаснуць вочы, Заснулі думы, сэрца спіць, I ўсё заснула... I не знаю, Ці я жыву, ці дажываю, Ці так бадзяюся за грэх, Бо ўжо заціх мой плач, мой смех.
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты? Мне хоць бы якую! Калі добрай, бог, шкадуеш, Дай хоць злую, злую!
      Спаць не дай ты хадзячаму, Астудзіцца сэрцам I гнілою калодаю Валяцца па свеце. А дай жыці, сэрцам жыці I людзей любіці. А калі не... то праклінаць I свет запаліці!
      Страшна ў ланцугі упасці, Канаць у няволі, А шчэ горай — спаці, спаці I спаці на волі. I заснуць, заснуць навекі I следу не кінуць Ніякага: адналькова — Ці жывы, ці згінуў!..
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты? Мне хоць бы якую! Калі добрай, бог, шкадуеш, Дай хоць злую, злую!
1845 Уюнішча

ТРЫ ГАДЫ

    I дзень не дзень, і йдзе не йдзе, А годы стралою Пралятаюць, забіраюць Добрае з сабою. Абкрадаюць мары-думы, Аб халодны камень Разбіваюць сэрца наша I спяваюць аман. Аман шчыраму вяселлю З гэтых дзён навекі. I кідаюць на растані Сляпога калеку. Невялікія тры годы Праляцелі скора... А багата ў маёй хаце Нарабілі гора. Апустошылі мне сэрца, Што жыло паціху, Пагасілі добрае ўсё, Запалілі ліха. Высушылі чадам-дымам Добрыя слязіны, Што на тракце на маскоўскім Ліў я з Кацярынай, Што ліліся з казакамі Ў турэцкай няволі, I Аксану, маю зорку, Маё шчасце-долю, Штодзень божы умывалі... Пакуль злыя леты Не падкраліся, пакралі Адразу ўсё гэта. Шкода бацькі, шкода маткі, Шкода жонкі мілай, Вясёлую, маладую, Класці у магілу,— Браты мае, жаль вялікі! Цяжка гадаваці Малых дзетак непамытых У сцюдзёнай хаце! Ліха злое, ды не тое, Як таму дурному, Што палюбіць, пабярэцца, А яна другому За тры грошы прадаецца Ды з яго смяецца. Вось дзе ліха! Вось дзе сэрца Разам разарвецца! Вось такое злое ліха I мяне спаткала: Людзей сэрца палюбіла, Людзей мілавала. I яны яго віталі, Бавілі, хвалілі... Годы краліся паціху I слёзы сушылі — Слёзы шчырага кахання... I вось маё вока Праяснела... Назіраю,— А казаць нялоўка! Дзе ні гляну, там не людзі, А гадзюкі злыя... I засохлі мае слёзы — Слёзы маладыя. Цяпер сэрца разбітае Атрутай ратую — I не плачу, не спяваю, А савой крычу я.
Вось як справа! Што хочаце, Тое і рабіце: Ці голасна зневажайце, Ці шэптам хваліце Мае думы — усё роўна Не вернуцца знова Леты мае маладыя, Вясёлае слова. Не вернецца... I я сэрцам Да вас не вярнуся. Дзе падзенуся, не знаю, Дзе я прытулюся, З кім размову завяду я У сардэчным суму, Да каго пайду на споведзь Са сваёю думай? Мае годы! Мае думы, Тры гады цяжкія! Да каго вам прытуліцца, Дзеці мае злыя? Вам туліцца і не трэба. Лепш паспіце ў хаце... А я пайду чацвёрты год Новы сустракаці. Добры дзень жа, новы годзе, У світцы старагодняй! Што ў дзіравай нясеш торбе Украіне роднай? «Благадзенсцвіе, указам Новым абгарнута». Будзь здаровы, пакланіцца Злыдням не забудзь ты.
1845 Уюнішча

ЗАПАВЕТ

      Як памру, дык пахавайце, Дзе курган палынны, Сярод стэпу шырокага Мілай Украіны. Каб шыракапола долы, I Дняпро, і кручы Мне відаць былі, каб чуў я, Як раве равучы.