Выбрать главу
      Як пагоніць з Украіны У сіняе мора Кроў варожую... тады я I долы і горы — Ўсё пакіну і падамся Да самога бога, Памаліцца... А да тога — Я не знаю бога.
      Пахавайце ды ўставайце, Кайданы парвіце I варожай злой крывёю Волю акрапіце. I мяне ў сям’і вялікай, Ў сям’і вольнай, новай, Не забудзьце — памяніце Нязлым ціхім словам.
1845 Пераяслаўль

ЛІЛЕЯ

      «За што мяне, як расла я, Людзі не любілі? За што мяне, як вырасла, Змоладу забілі? За што яны цяпер мяне Ў палацах вітаюць, Царэўнаю называюць, Вачэй не спускаюць З майго цвету? I не знаюць, Дзе мяне падзеці! Скажы ты мне, мой браціку, Каралёвы цвеце!» «Сястра мая, я не знаю»,— I цвет каралёвы Прыхіліўся галоўкаю Чырвона-ружовай Да белага паніклага Тварыка лілеі. I заплакала лілея Расою-слязою... Заплакала і сказала:
      «Браце мой! З табою Мы даўно ўжо кахаемся, А я й не сказала, Як была я чалавекам, Як я гаварыла...
      Мая маці... Чаго яна, Яна сумавала, На мяне ўсё, на малую, Пільна паглядала I плакала. Я не знаю, Браце даражэнькі! Хто ўчыніў ёй ліха злое? Я была маленькай, Я ў гуляначкі гуляла, А яна ўсё вяла, Ды нашага злога пана Кляла-праклінала Дый памерла. А пан мяне Узяў дагадаваці. Вырасла я пешчаная У белым палацы. Я не знала, што байстручка, Што яго дзяціна. Пан паехаў дзесь далёка, А мяне пакінуў. I праклялі яго людзі, I палац спалілі... А мяне, за што не знаю, Забіць — не забілі, Толькі доўгія мне косы Астрыглі, накрылі Галаву мне анучаю Дый шчэ рагаталі. I нехрысці нячыстыя На мяне плявалі. Дык вось столькі, мой браціку, Я цярпела здзекаў! Маладога, кароткага Людзі дажыць веку Не далі мне. Я памерла Зімою пад тынам, А вясною зацвіла я Краскай пры даліне — Краскай белай, як снег белай! Аж гай весяліла. Зімой людзі не пусцілі Ў хату... божа мілы! А вясною светлым дзівам Я ўсіх дзівіла. Уквятчаліся дзяўчаты I пачалі зваці Лілеяю — снегацветам; I я красаваці Стала ў гаі, і ў цяпліцы, I ў белых палацах. Ты скажы мне, братку мілы, Каралёвы цвеце: Мне навошта бог прызначыў Краскай быць на свеце? Каб людзей я весяліла, Тых жа, што забілі Мяне й матку? Міласэрны, Святы божа, мілы!..»       I заплакала лілея. А цвет каралёвы Прыхіліўся галоўкаю Чырвона-ружовай Да белага паніклага Тварыка лілеі.
Кіеў 1846 Ніжні Ноўгарад 1858

РУСАЛКА

      «Спарадзіла мяне маці Ў палацах высокіх, Ды купаць панесла ўночы У Дняпры глыбокім. Купаючы, размаўляла Са мною, малою: «Плыві, плыві, мая дзетка, Дняпром за вадою. Ды выплыві русалкаю Заўтра сярод ночы, А я выйду з ім гуляці, А ты заласкочаш. Заласкачы, маё сэрца: Няхай не смяецца Нада мною, маладою, Няхай п’е-уп’ецца, Не маімі кроў-слязамі — Сіняю вадою Днеправою... Няхай сабе Гуляе з дачкою. Плыві ж, мая дарагая! Хвалі, мае хвалі! Вы русалачку вітайце!..» Ды і зарыдала, Дый пабегла. А я сабе Плыла за вадою, Пакуль сёстры не сустрэлі, Не ўзялі з сабою. Ужо з тыдзень, як расту я, З сёстрамі гуляю Апаўночы ды з пакояў Бацьку выглядаю. Можа, маці зноў зышлася З панам, вядзе гулі? Мо смяецца і балюе Грэшная матуля?» Дый замоўкла русалачка, У Дняпро нырнула, Як плотачка. А лазіна Веццем скалыхнула.       Выйшла маці прагуляцца — Ў палацах не спіцца; Пана Яна няма дома, Не з кім весяліцца. А як прыйшла да берага, Дачку прыгадала, Прыгадала, як купала I як прымаўляла. Дый хоць бы што. Пайшла сабе У палацы спаці. Ды не дайшла — давялося Ў Дняпры начаваці. Не пачула, як дзяўчаты Выйшлі сустракаці З хваляў Дняпра. Ухапілі Дый ну з ёй гуляці. Рады-рады, што злавілі... Доўга ласкаталі, Покі ў невад не запхалі... Ды зарагаталі. Адна толькі русалачка Не зарагатала.