Выбрать главу
Кіеў 1846 Ніжні Ноўгарад 1858

ВЕДЗЬМА

Паэма

      Малюся, зноў надзею маю, Нанова слёзы праліваю I думу цяжкую маю Нямым сцянам перадаю.             Адгукнецеся ж, заплачце,             Нямыя, са мною...             Над няпраўдаю людскою,             Над доляю злою.             Адгукнецеся! За вамі,             Можа, адгукнецца             Несупыннае няшчасце             I нам усміхнецца,             Памірыць нас з нядоляю             I з людзьмі і скажа             Нам дзякуй: і памоліцца             I ціха спаць ляжа.       I прымірэннаму прысняцца I людзі добрыя, й любоў, Адно дабро. I ўстане ўранку Вясёлы, і забудзе зноў Сваю нядолю. I ў няволі Пазнае рай, пазнае волю I дабратворную любоў.
      Каля асенняга Міколы, Абдзёртыя бадай дагола, Бендэрскім шляхам уначы Ішлі цыгане. А йдучы — Звычайна, вольныя,— спявалі. Ішлі, ішлі, а потым сталі. Шацёр край шляху нацяглі, Агонь не малы развялі I навакола пасядалі. Хто з шашлыком, а хто і так — Затое вольны, як казак Калісьці быў. Сядзяць і дрэмлюць, А ў стэпу воддаль хтось спявае, Мабыць, з прыданак маладзіца Дадому п’яная ідзе.
«Ой, у новай хаце Паклаліся спаці, Дочка сніла смела: Маці звар’яцела, Свёкар ажаніўся, Бацька утапіўся, I... гу...»
Цыгане слухаюць, смяюцца: «Дзе ж тыя людзі тут бяруцца? То з-за Днястра, мабыць, яно, Бо ўсё тут стэп... Зданнё! Зданнё!» Цыгане крыкнулі ўсе разам. Тут апынулася адразу Спявачка тая. Жаль і страх! У світцы латанай дрыжала Адна жанчына. На нагах I на руках павыступала Ад сцюжы кроў; аж струпам стала; I косы ў дзікіх рэп’яхах На полы лезлі ў каўтунах. Пастаяла, а потым села Каля агню і рукі грэла На самым полымі. «Ну такі Ажаніўся небарак!» Сама сабе яна шаптала, З усмешкай страшнай пазірала. О, хто ж яна? Не здань, не страх. То ж мая маці і сястра, То ж мая ведзьма, каб вы зналі.

Цыгане

Адкуль ты будзеш, маладзіца?

Ведзьма

Хто, я?

(Спявае.)

«Як была я маладою, Цалавалі хлопцы роем, А як стала старой бабай, Цалавалі б, была б рада».

Цыган

Спявачка, нечага сказаць! Каб гэткую сабе дастаць, Ды йшчэ і з мядзведзем...

Ведзьма

Я спяваю. Ці то сяджу, ці то гуляю, Я спяваю ды спяваю, Ужо забыла гаварыць... А перш я добра гаварыла.

Цыган

Дзе ж ты была, што заблудзіла?

Ведзьма

Хто, я? Ці ты?

(Шэпча.)

Цыц, крыху, цыц. Вунь, бач, са мною пан ляжыць. Агонь пагас, усходзіць месяц, Ў яру пасецца ваўкалак...

(Усміхнуўшыся.)

Я ў прыданках была, упілася I молада не прадалася... А ўсё праклятыя паны З дзяўчатамі такое дзеюць... Трэба другую ажаніць. Пайду, без мяне не ўмеюць I ў дамавіну палажыць...

Цыгане

Не йдзі, нябога, будзь тут з намі! У нас, яй-богу, добра жыць!

Ведзьма

А дзеці ёсць у вас?

Цыгане

Не маем.

Ведзьма

Каго ж вам песціць, гадаваць? Каго ж вам нанач класці спаць? Каго калышаце ўначы? Кладучыся і ўстаючы, За каго моліцеся? Дзеці! I ўсё дзеці! I ўсё дзеці! Не знаю, дзе ад іх падзецца. Дзе ні пайду, яны за мною, З’ядуць мяне калі-небудзь...