Цыгане
Не плач, нябога, сум забудзь.
У нас дзяцей няма й заводу.
Ведзьма
Хоць з гары ды ў воду.
I ведзьма цяжка зарыдала.
Цыгане моўчкі паглядалі,
Пакуль заснулі, дзе хто ўпаў.
Яна ж не спала, не тужыла,
Сядзела, ногі палажыла
Ў гарачы попел. Выступаў
Шчарбаты месяц з-за магілы,
I на шацёр ён паглядаў.
Аж покуль хмара засланіла.
Што не спіцца багатаму,
Гладкаму, сівому?
Што не спіцца убогаму
Сіраце старому?
Адзін думае, як гэта
Дом дабудаваці,
Другі думае, як гэта
На званы прыдбаці.
Адзін стары адпачыне
Ў пышнай дамавіне.
Другі стары і так сабе
Дзе-небудзь пад тынам.
I абодва спачываюць —
Ні аб чым не дбаюць,
Убогага забываюць,
А таго шчэ й лаюць.
Каля агню стары цыган
З люлькі дым пускае,
Пазірае на прыблуду
Й пра званы не дбае.
Цыган
Чаму не ляжаш, не спачынеш?
Зарніца ўсходзіць — паглядзі.
Ведзьма
Глядзела я — ўжо ты глядзі!
Цыган
Мы рана рушыма, пакінем,
Як не прачнешся.
Ведзьма
Не прачнуся,
Я ўжо ніколі не прачнуся.
Вось так дзе-небудзь і загіну
У бур’яне...
(Спявае ціха.)
«Гаю, гаю, цёмны гаю,
Ціханькі Дунаю!
Ой, у гаі пагуляю,
Паплыву Дунаем.
У зялёным багавінні
Трохі адпачыну...
Дый спараджу хоць калеку —
Дачку або сына...»
Дарма! абы сабе хадзіла
Ды ўмела матку праклінаць.
А вунь, ці бачыш, на магіле
Вачыма свеціць кацянё?
Ты да мяне йдзі.
Кіця, кіця...
Не йдзе, благое чарцянё!
А то дала б табе напіцца!
З маёй чысцюткае крыніцы...
(Спявае.)
«Стаіць куцця на покуці
А ў запечку дзеці,
Нарадзіла, напладзіла,
Няма дзе падзеці.
Ці то патапіці?
Ці то падушыці?
Ці запрадацца карчмару,
А грошы прапіці?
Што, можам дыхту задаваць?
Сядай во блізенька, тут сядзь.
Ото ж бы то! А ты не знаеш...
Што я ў Валошчыне была.
Я раскажу, як прыгадаю.
Двайню ў Бендэрах прывяла,
У белых Ясах калыхала,
У Дунаі пакупала,
У Турэччыне спавіла
I дадому аднясла —
Аж у Кіеў. Ды ўжо дома,
Без кадзіла, без крапіла,
За тры грошы ахрысціла,
А тры грошы прапіла.
Напілася, упілася!
I дагэтуль п’яная!..
I ўжо ніколі не прасплюся,
Бо я ўжо й бога не баюся
I не саромлюся людзей...
Калі бы мне вось тых дзяцей
Знайсці дзе-небудзь! Ты не знаеш,
Ці ё ў Турэччыне вайна?
Цыган
Была даўней, цяпер няма.
Памёр найстаршы старшына.
Ведзьма
А я думала дагэтуль...
Аж няма ў тым краі.
Вось слухай жа! Скажу табе,
Каго я шукаю.
Я шукаю Наталачку
Ды сына Івана...
Дачку сваю Наталеньку...
Ды шукаю пана,
Таго Ірада, што знаеш?..
Чакай, прыгадала.
Як была я маладою
I ў думках не мела,
Па садочку пахаджала,
Квітнела, пышнела.
А ён мяне і нагледзіў.
Ірад!.. I не сніла,
Што я была прыгоннаю,
А то б у магілу,—
Лягчэй было б тапіцца мне.
Вось бярэ ў пакоі
I стрыжэ, як быццам хлопца,
I ў паход з сабою
Бярэ мяне. У Бендэры
Прыйшлі мы, стаялі
З маскалямі на кватэрах,
А маскалі за Дунаем
Турка ваявалі.
Тут жа даў бог мне блізнятак
Якраз перад Спасам.
А ён мяне і пакінуў.
Не ўступіў у хату,
На дзяцей сваіх не глянуў,
Люцыпер пракляты!
Пайшоў сабе з маскалямі,
А я з байструкамі
Павяртала на Ўкраіну
Стэпамі, цярнямі,
Стрыжаная. Хоць бы што мне.
У сёлах пытала
Шлях у Кіеў. I што з мяне
Людзі накпівалі...
Я хацела ўжо тапіцца,
Шкада было кінуць
Блізнятачак. То сяк то так
На сваю краіну
Прыдыбала. Адпачыла,
Вечара даждала
Дый ў сяло. Хацелася,
Каб людзі не зналі.
Вось крадуся каля тына
Ў хату асцярожна.
Цёмна ў хаце, няма дома
Ці лёг спаці, можа,
Мой бацечка адзінокі.
Я ледзьве ступаю,
Уваходжу. Хтосьці стогне,
Нібы памірае,
То бацька мой. Перахрысціць
Некаму пры смерці,
Ці скласці рук. О хітрыя,
Праклятыя дзеці,
Што вы робіце на свеце!..
Страхаццё напала,
Хата пусткаю смярдзела...
Вось я захавала
Блізнят сваіх у каморы,
Убягаю ў хату,
А ён ужо ледзьве дыша.
Я да яго: «Тата!
Мой татачка! То я прыйшла».
За рукі бяру я.
«То я,— кажу. А тата мне
Шэпча: «Я дарую.
Я дарую». Толькі й чула.
Здаецца, я ўпала.
I заснула. Каб жа гэтак
Давеку праспала!
Апоўначы прачнулася:
Нібы яма — хата.
А за руку бацька душыць.
«Тата! — крычу.— Тата!»
А ён ужо так, як крыга...
Я насілу руку Вызваліла.
Што, цыгане,
Каб такую суку
Дачку табе. Што б зрабіў?