Выбрать главу

Цыган

Яй-богу, не знаю.

Ведзьма

Ды маўчы ўжо, бо забуду... Потым не згадаю. Дзяцей, бачыш, гадавала Ды ў засек хавала. Ды каптур свой, ужо ўранку, Клоччам набівала, Каб не ведалі, што стрыжка. Па хаце хадзіла, Пакуль людзі дамавіну На дварэ рабілі. Дарабілі, налажылі, Паняслі, схавалі... Як быліна ў чыстым полі, Адзінокай стала Я на свеце... Былі дзеці, Ды ўжо й тых не стала...
«Цераз яр хадзіла Ды ваду насіла, Каравай сама пякла — Дочку замуж аддала, Сына ажаніла... I... гу!..»

Цыган

Не скаголь, бо ты ўсіх пабудзіш!

Ведзьма

Хіба скаголю. Ашалеў?!

Цыган

Ну добра, так! Далей што будзе? Ты раскажы.

Ведзьма

А што дасі? Наварыш заўтра мамалыгі? Я кукурузы прынясу.
      Прыгадала! Прыгадала Спаць ён лёг з дачкою, Аддаў сына ды ў лакеі... З хаты грамадою... Выганялі... Прыгадала. Я сабак дражніла Па-над вокнамі з старцамі. Байструкоў насіла За плячамі. Каб прывыклі... Аж і сам вярнуўся. Зло забыла, кінулася Да яго, хілюся.
Прывітаў мяне люцыпер, Блаславіў ён дзетак Дый забраў іх у пакоі... Растуць мае кветы! Дый выраслі. Сына Йвана У лакеі. А Наталлю... Ці твае цыгане Ўсе паснулі?

Цыган

Усе паснулі.

Ведзьма

Бо каб не пачулі Майго слова. Страшна будзе. I ты, як пачуеш, Сам спужаешся, мой дружа... Ці ж не пашкадуеш? Наталачку! Дзіця сваё! Ірад злы які ён!.. Апаганіў... А раней жа Пасылае ў Кіеў Мяне, бачыш, памаліцца. Малілася многа, Але марна я, цыгане, Малілася богу. У вас ёсць бог які-небудзь? Мы яго не маем... Паны ўкралі ды ў шкатуле У сябе хаваюць.
      Вяртаюся я з Кіева, Замкнёны пакоі. Ён узяў яе з сабою Дый паехаў з ёю, З Наталляю... Ці чуеш ты? I астрыг, паганы, Дзіця сваё. Паляцела Я шукаці пана Ў Валошчыну. Дый шукаю, Савою лятаю Над байракамі. Ды дзетак, Дзетачак шукаю, Наталачку! Не, не, не, не! Я шукаю пана. Разарву!.. Вазьмі ж ты мяне Да сябе, цыгане. Я мядзведзя вадзіць буду, А як знайду ката, То й спушчу яго на ката. Вось тады, пракляты!.. Не, не спушчу. Сама яго Загрызу... Чуў гэта? Пабярэмся, маё сэрца, Дзеўка я й дагэтуль. А сына ўжо ажаніла, А дачка й так будзе. Будзе лазіць пад платамі, Пакуль знойдуць людзі Нежывою. Ці ты бачыў? Ён такі харошы — Мой сын Іван... Ух, холадна! Пазыч ты мне грошай, Маністу добрую куплю Дый табе павешу, А сама пайду дадому... Мыш, вунь мыш, пацешна, У Кіеў нясе мышанят. Не данясеш, дзесьці ўтопіш, Альбо пан адніме. Ці я знайду маіх дзетак, Ці так і загіну? —