Дый замоўкла, бы заснула.
Цыгане ўставалі.
Разбіралі шатры свае,
На шлях паспяшалі.
Дый рушылі. Пайшлі стэпам.
А яна, нябога
Бяздольная, моўчкі ўстала,
I нібыта богу
Памалілася нячутна
Дый пашкандыбала
За цыганамі. I ціха,
Ціханька спявала:
«Кажуць людзі, што суд будзе,
А суда й не будзе.
Бо мяне ж на гэтым свеце
Асудзілі людзі».
Вось з-за Днястра пайшлі цыгане
I на Валынь і на Ўкраіну.
За сялом сяло міналі,
Ў гарады хадзілі
I страхотай за сабою
Прыблуду вадзілі.
I спявала, і скакала,
Не ела й не піла,—
Як быццам смерць, з цыганамі
Па сёлах хадзіла.
Схамянулася раптоўна,
Стала есці, піці,
I хавацца за шатрамі,
I богу маліцца.
Штосьці з ёю учыніла
Стара Марыула,—
Нейкім зеллем напаіла,
Дык яно й мінула.
Потым яе навучыла
Лякаркаю стаці:
Ад чаго якія зёлкі
I дзе іх шукаці.
Як сушыці, як варыці...
Марыула ўчыла многа.
Вучылася тая, часта
Малілася богу.
Мінула лета і другое,
Трэцяе настала.
Прыйшлі ужо на Ўкраіну...
Шкода чагось стала?
Пакланілася цыганцы
За навуку ў ногі,
Пакланілася цыганам,
Памаліла бога,
Дый пайшла сабе, нябога,
На сваю краіну.
Пайду, кажа, хоць зірну я
На дачку, на сына.
Не прыйшлося. Пан вярнуўся,
Пакінуў Наталлю
У Маскоўшчыне. А ты ж яе
За Днястром шукала.
У салдаты маладога
Узялі сына ў маці.
Таму, што ты не наўчыла
Паноў шанаваці.
Да каго ж ты прыхілішся?
Нікога не маеш!..
Да людзей хіліся, дружа,
Людзі прывітаюць.
Пан вярнуўся, занядужаў,
Стогне, прападае.
А яна набрала зелля
Ды пайшла ў палацы
Лячыць яго, памагаці,
А не праклінаці.
Не вылечыла хворага,
Бо не дапусцілі...
А як памёр, дык за яго
Госпада маліла.
Святой жыла сабе, дзяўчат
Стала навучаці,
Каб з панамі не кахацца,
Людзей не цурацца.
«А то бог вас пакарае,
Ды шчэ горш, чым людзі,
Людзі гордыя й благія,
Сваім судом судзяць».
Вось так яна навучала,
Нядужых лячыла,
А з убогім астатнюю
Скарынку дзяліла.
Разумныя і добрыя
Людзі яе зналі,
А ўсё-такі пакрыткаю
I Ведзьмаю звалі.
Седнеў 1847
Ніжні Ноўгарад 1858
У КАЗЕМАЦЕ
***
Ты прыгадай, сяброў сям’я...
Каб тое ліха мы не зналі
Ніколі больш, як вы і я
3-за крат на волю выглядалі.
I пэўна думалі: калі,
Калі на раду, на размову
Ўсе разам сойдземся ізноў мы
Тут на зубожанай зямлі?
Ніколі, як відаць, ніколі
З Дняпра мы разам не пап’ём!
Разойдземся і разнясём
У лес, у стэп сваю нядолю,
Яшчэ паверым трохі ў волю,
А потым жыць сабе пачнём
Між людзьмі, як людзі.
Покуль тое ж будзе,
Любіцеся, браты мае,
Украйну любіце,
За гаротную старонку
Госпада маліце.
I яго забудзьце, другі,
I не праклінайце.
I мяне ў няволі лютай
Часам прыгадайце.
Орская крэпасць
1847
I
Ой, адна я, адна,
Як быліначка ў полі,
Ды не даў жа мне бог
Ані шчасця, ні долі.
Толькі даў жа мне бог
Красу — карыя вочы,
Выплакала й тыя
Ў адзіноце дзявочай.
Ані браціка я,
Ні сястрычкі не знала,
Між чужымі ўзрасла
I ўзрасла — не кахала!
Дзе ж ты, мілы дружок,
Дзе вы, добрыя людзі?
Іх няма... Я адна,
А дружка і не будзе!
У каземаце
1847
II