За байракам байрак,
А там стэп ды магіла.
А з магілы казак
Ўстае сівы, пахілы.
Устае уначы,
Ідзе ў стэп, а йдучы
Песню сумна спявае:
«Нанасілі зямлі
Дый дадому пайшлі,
I ніхто не згадае.
Нас тут трыста, як шкло,
Таварыства лягло!
I зямля не прымае.
Як запродаў гетман
У ярмо хрысціян,
Зрабіў з нас прыганятых.
Па сваёй па зямлі
Сваю кроў разлілі
I зарэзалі брата.
Кроў братоў мы пілі,
I вось тут паляглі
Мы ў магіле заклятай».
Сціх казак, сумаваў
I да пікі прыпаў,
Стаў на самай магіле.
На Дняпро пазіраў,
Цяжка плакаў, рыдаў,
Сіні хвалі галасілі.
3-за Дняпра, за сялом
Рэха гаем гуло,
Трэці пеўні спявалі.
Праваліўся казак,
Страпянуўся байрак,
А магіла застагнала.
У каземаце
1847
III
А мне ўсё роўна, а ці буду
На Украіне жыць ці не.
Ці хто ўспомніць, ці забудуць
Ў чужой халоднай старане —
Мне ўсё адно — ўсё роўна мне.
Ў няволі вырас, між чужымі,
I, неаплаканы сваімі,
Ў няволі, плачучы, памру,
I ўсё з сабою забяру —
Малога следу не пакіну
На нашай слаўнай Украіне,
На нашай — не сваёй зямлі.
I не спамяне бацька з сынам,
Не скажа сыну ён: «Малі,
Малі ты бога: за Ўкраіну
Яго замучылі калісь».
I мне аднолькава, ці будзе
Той сын маліціся, ці не...
Ды не ўсё роўна для мяне,
Як Украіну злыя людзі
Прыспяць, зладзеі, і яе
Ў агні, абкрадзеную, збудзяць...
Ох, не ўсё роўна для мяне.
У каземаце
1847
IV
«Не кідай мацеры!» — казалі,
А ты пакінула, ўцякла,
Шукала маці — не знайшла
Ды ўжо шукаці перастала...
Памерла, плачучы. Даўно
Пануе ціш, дзе ты гуляла,
Уцёк сабака згаладалы,
I ў хаце выбіта акно.
У цёмненькім садку ягняты
Удзень пасуцца, а ўначы
Вяшчуюць совы ды сычы,
Няма ані суседзям сну там.
I твой барвінак крыжаваты
Аж быльнікам зарос, ждучы
Цябе няўквечанай. Ў гаі
Ставочак чысты высыхае,
Дзе ты купалася калісь,
Сумуе гай, схіліўся ўніз...
У гаі птушка не спявае —
Яе з сабою панясла.
Ў яру завалена крыніца,
Вярба пасохла, пала ніцма.
I сцежачка, дзе ты хадзіла,
Калючым цернем парасла.
Куды пайшла ты, дзе асела?
I да каго пераляцела?
Ў чужой зямлі, ў чужой сям’і
Каго ты радуеш? Да кога,
Да кога рукі прыраслі?
Вяшчуе сэрца, што ў багатых
Жывеш палацах — не шкада
Табе пакінутае хаты...
Благаю бога, каб бяда
Цябе давеку не збудзіла,
Каб у палацах не знайшла...
Каб бога ты не асудзіла
I мацеры не пракляла.
У каземаце
1847
V
«Чаго ты ходзіш на магілу?» —
Са скаргай маці гаварыла.
«Чаго ты плачаш, ідучы,
Чаму не спіш ты уначы,
Мая галубка сізакрыла?»
«Так, мама, так!..» I зноў хадзіла,
А маці плакала, ждучы.
Не сон-трава на магіле
Ўначы расцвітае,—
Заручоная дзяўчына
Каліну саджае,
I слязамі палівае,
I госпада просіць,
Каб дажджы паслаў уночы
I дробныя росы.
Каб каліна прынялася,
Вецце распусціла.
Можа, птушкай залунае
З таго свету мілы.
Саўю яму я гняздзечка,
Сяду на галіне,
Шчабятаць мы будзем разам
З мілым на каліне.
Шчабятаці будзем, плакаць,
Ціха размаўляці,
Будзем разам раніцою
На той свет лятаці.
I каліна прынялася,
Нецце распусціла,
I тры годы на магілу
Дзеўчына хадзіла.
На чацвёрты... Не сон-трава
Ўначы расцвітае —
То дзяўчына з калінаю
Плача, размаўляе:
«Шырокая, высокая
Каліна мая,
Не вадою на ўсход сонца
Паліваная!
Шырокія рэкі-слёзы
Цябе палілі,
Іх славаю лукаваю
Людзі паняслі.
Зневажаюць падружанькі
Падружку сваю,
Зневажаюць чырвоную
Каліну маю.
Спаві маю галованьку,
Расою памый,
Галінамі шырокімі
Ад сонца закрый!
Ўранку знойдуць мяне людзі,
Мяне асмяюць,
Шырокае тваё вецце
Дзеці абарвуць».
Рана ўранку на каліне
Птушка шчабятала,
Пад калінаю дзяўчына
Спала — не ўставала:
Стамілася маладое,
Навекі спачыла...