X
Ў няволі цяжка... Хоць і волі,
Сказаць па праўдзе, не было.
Ды ўсё сяк-так жыццё плыло,
Хоць на чужым, але на полі...
Цяпер жа злой ранейшай долі
Чакаць, як бога, прыпякло.
Яе чакаю, выглядаю,
Дурны свой розум праклінаю,
Што даўся дурням абдурыць,
У лужы волю утапіць.
Аж стыне сэрца, як згадаю,
Што не ў Ўкрайне пахаваюць,
Што не ў Украйне буду жыць,
Людзей і госпада любіць.
У каземаце
1847
XI
КАСАР
Па-над полем ідзе,
Не пракосы кладзе,
Не пракосы кладзе — горы.
Стогне зямля, стогне мора,
Стогне ды гудзе!
I касца ўначы
Сустракаюць сычы.
Косіць ён, не спачывае,
Ні на кога не зважае,
Нават не прасі.
Не крычы, не прасі,
Не кляпае касы,
Ці то прыгарад, ці горад,—
Нібы брытвай стары голіць
Усё, што дасі.
Мужыка й шынкара,
Сірату кабзара;
Прыпявае стары, косіць,
Кладзе горамі пракосы,
Не міне й цара.
I мяне не міне,
На чужыне сатне
Ды за кратамі задавіць,
Ніхто крыжа не паставіць
I не спамяне.
У каземаце
1847
XII
Ці сыдземся яшчэ мы знова?
Ці разышліся назусім?
I слова праўды і любові
Панеслі нетрам вы глухім?
Няхай і так!.. Не наша маці,
А давялося паважаці,
То воля госпада. Гадзіць,
Змірыцца трэ, маліці бога
I ўспамінаць адзін другога,
Сваю Украіну любіць,
Любіць яе... Часінай лютай,
Астатняю цяжкой мінутай
За Ўкраіну госпада маліць.
У каземаце
1847
Масква 1858
***
Думы мае, думы мае,
Мае сіраціны,
Хоць вы мяне не кідайце
Ліхою гадзінай.
Прылятайце шызакрыла,
Мае галубочкі,
3-за Дняпра ў стэп прылятайце,
Пагуляйце моўчкі
З кіргізамі няшчаснымі,
Кожны з іх нябога
Шле малітвы богу.
Ходзіць голлю... Ды на волі,
Прылятайце ж, я вас ціха
Словамі, вачамі
Прывітаю, як дзетачак,
I заплачу з вамі.
Орская крэпасць
1847
КНЯЗЁЎНА
Паэма
Зара мая вячэрняя,
Ўзыдзі нада мною,
Пагаворым ціхусенька
Ў няволі з табою.
Раскажы, як за гарою
Сонейка сядае,
Як у Дняпра вясёлачка
Ваду пазычае.
Як павыпусціў шырока
Ясакар галіны...
А схілілася над самай
Над вадой вярбіна —
Аж па вадзе разаслала
Голле на дасвецці,
А на голлі гайдаюцца
Няхрысцікі-дзеці.
Як у полі на магіле
Ваўкалак начуе.
Сыч у лесе ды на стрэсе
Нядолю вяшчуе.
Як сон-трава пры даліне
Ўначы расцвітае...
А пра людзей... Ды няхай ім.
Я іх, добрых, знаю,—
Добра знаю.
Вечарніца!
Дружа мой адзіны!
I хто знае, што тварыцца
У нас на Ўкраіне?
А я знаю. Даспаную
Табе й не засну я.
А ты заўтра ціхусенька
Богу даспануеш.
Сяло! I сурца на спачыне.
Сяло на нашай Украіне —
Няйначай пісанка сяло,
Зялёным гаем парасло.
Цвітуць сады, бялеюць хаты,
А на гары стаяць палаты,
Няйначай дзіва. А наўкол
Шыракалістыя таполі,
А там і лес, і лес, і поле,
I гор сінеча за Дняпром.
Сам бог лунае над сялом.
Сяло! Сяло! Вясёла хатам.
Вясёлыя здалёк палаты —
Каб вы цярноўем параслі!
Каб людзі й следу не знайшлі,
Каб і шукаць не сталі страты.
У тое богава сяло,
На нашай слаўнай Украіне —
Не знаю, скуль іх узяло —
Прыблуда князь, была й княгіня,
У маладых гадах былі,
Жылі сабе. Жылі багата:
Высокія былі палаты,
А немалы ў яры ставок,
Зялёны на гары садок,
I вербы, і таполі,
I ветракі на полі,
I долу ўдалечы сяло
Па-над вадой сабе лягло.