Кос-Арал
1848
***
А як бы мне, мама, ды ўборы,
То пайшла б я заўтра у горад;
А ў горадзе, мамачка, свята —
Там музыка грае заўзята;
А дзяўчаты з дзецюкамі
Там гуляюць... Мама! Мама!
Гаротная я!
Ой, пайду я богу памалюся,
Ды пайду я ў наймы наймуся,
Ды куплю я, маці, чаравікі,
Ды найму я, найму я музыкі —
Няхай людзі бачаць, чуюць,
Як я, мама, патанцую...
Долечка мая!
Не дай жа мне век змарнаваці,
Косы мае плясці-заплятаці,
Бравяняты дома знасіці
I дзяўчынай век свой дажыці!
А пакуль я зарабляю,
Бровы чорныя зліняюць...
Гаротная я!
Кос-Арал
1848
***
Зноў з Украіны не чуваць
Мне з новай поштаю нічога!
За справы грэшныя, відаць,
Караюся сярдзітым богам
Тут у пустыні. Не, не мне
Разгадваць божыя парадкі,
I знаць не хочацца іх мне!..
А сэрцам плачу я ад згадкі
Пра невясёлыя выпадкі
З дзён невясёлых па вясне,
Што пранясліся нада мною
Там на Украіне маёй.
Бажыліся вы быць са мной,
Браталіся не раз са мною,
I зніклі хмар тых чарадой
Без слёз, што я заву расою
Святой. I давялося мне
Людзей на старасці... Не, не!
Яны з халеры паўміралі,
А то б шматок хоць пераслалі
Тае паперы. . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ой, з журбы тае ды з жалю,
Каб не бачыць, як чытаюць
Лісты тыя, пагуляю,
Пагуляю каля мора,
Паразвею сваё гора,
Украіну прыгадаю
Ды песеньку заспяваю.
Людзі скажуць, людзі здрадзяць,
А яна, яна парадзіць,—
I парадзіць, і разважа,
I ўсю праўданьку мне скажа.
Кос-Арал
1848
***
Не ўначы, адгасцяваўшы
У кумчынай хаце,
Не спаць позна кладучыся,
Згадай мяне, браце!
А як прыйдзе нуда ў госці
Ды на ноч засядзе,
Вось тады і на параду
Пакліч мяне, браце.
Вось тады згадай ў пустыні
Далёка над морам
Свайго друга вясёлага,
Што ваюе з горам,
Як ён думы свае тыя
I сэрца трывогу
Захаваўшы, ходзіць ціха
Ды моліцца богу,
Украіну ўспамінае
I цябе, мой дружа,
А часамі пасумуе...
Вядома, не дужа,
А так толькі... Вось і свята —
На дварэ і ў хаце,—
Цяжка яго, дружа, браце,
Аднаму спаткаці
У пустыні... Заўтра рана
Загудуць званіцы
На Ўкраіне, заўтра рана
Да царквы маліцца
Пойдуць людзі, заўтра ж рана
Завые галодны
Звер у полі, і павее
Сівер той халодны,
I пяском засыпле, снегам
Курэнь — маю хату.
Вось мне гэтак даводзіцца
Сустракаці свята!
Што ж рабіць? На тое й ліха,
Каб з тым ліхам біцца;
А ты, дружа мой адзіны,
Як маеш нудзіцца,—
Прачытай пасланне гэта
I знай, што на свеце
Толькі й цяжка, што ў пустыні,
Ў няволі марнеці...
Дый там жывуць, хоць пагана...
Што ж рабіць я маю?
Час памерці б,— дык надзея,
Браце, не ўмірае!
Кос-Арал
1848
***
Нібы стэпам чумакі
Увосень доўгі шлях мінаюць,
Так і мае гады знікаюць;
А мне ўсё роўна: я такі
Мярэжу кніжкі, начыняю
Іх вершамі ды разважаю
Дурную галаву сваю.
Ды кайданы сабе кую
(Як людзі добрыя дазнаюць).
Ды ўжо няхай хоць разапнуць,
А я без вершаў тых не ўлежу:
Я два гады ўжо так мярэжу
I трэці ў добры час пачну.
Кос-Арал
1849
***
Ой крыкнулі шэры гусі
Ў яру на ставу,
На ўсё сяло пайшла слава
Пра тую ўдаву.
Не так слава, не так слава,
Як той пагавор,
Што заехаў казак з Сечы
Да ўдавы на двор.