Выбрать главу
Кос-Арал 1849

***

Зараслі шляхі цярноўем На тую Ўкраіну — Мабыць, я яе навекі, Навекі пакінуў. Мабыць, мне ўжо не вярнуцца Ніколі дадому? Мабыць, прыйдзецца ў няволі Мне чытаць самому Думы гэты? Божа мілы! Цяжка жыць без ласкі! Маю сэрца шырокае — Падзяліць няма з кім! Не даў ты мне, божа, долі, Маладое долі! Не даваў яе ніколі, Ніколі! Ніколі! Не даў сэрцу маладому З сэрцам тым дзявочым Паяднацца! Мінуліся Мае дні і ночы Без радасці, маладыя! Так сабе мінулі На чужыне. Не знайшлося З кім сэрцам дзяліцца, А цяпер не маю нават З кім нагаварыцца! Цяжка, важка, божа мілы, Несці мне самому Думы гэты. Не дзяліць іх Ні з кім, і нікому Не сказаць святога слова, I душу-нябогу Не радаваць, і не ўпікаць Чалавека злога, I памерці!.. О госпадзі! Дай хоць на хвіліну Глянуць на народ забіты, На тую Ўкраіну!
Кос-Арал 1849

***

Зацвіла ў даліне Чырвона каліна, Быццам расквітнела Дзеўчына-дзяціна. Люба, люба стала, Пташачка ў шчасці Там зашчабятала. Пачула дзяўчына I ў белай свіціне Выйшла пагуляці У гай на даліну. Не сядзіцца ў хаце. Да дзяўчыны выйшаў З зялёнага гаю Казак маладзенькі; Цалуе, вітае, I йдуць па даліне, I, йдучы, спяваюць, Як дзетачак двое, Пад тую каліну Прыйшлі, пасядзелі, Моцна абняліся.
      Якога ж мы раю У бога жадаем? Рай у сэрцы лезе, А мы ў царквы просім, Заплюшчыўшы вочы.— Такога не хочам. Сказаў бы я праўду, Ды што з яе будзе? Адно — перашкодзіць, А папам ды людзям Аднолькава будзе.
Кос-Арал 1849

***

      У нашым раі на зямлі Мы прыгажэйшага не маем, Чым тая маці маладая З дзіцяткам родным і малым. Бывае, часам нагляджуся На гэта дзіва, і нуда Душу ахопіць, так шкада Мне бедную, і зажуруся, I перад ёю памалюся, Як быццам на абраз святы Той маці чыстае, святое, Што ў свет наш бога прынясла...
      Шчаслівая, яна смяецца, Яна сярод начы ўстае, Дзіця пільнуе, і пяе, I просіць ранне развіднецца, Каб зноўку добра наглядзецца, Папесціць: «Вочкі вы мае! Дзіця маё!» Цалуе многа, I моліцца аддана богу, I йдзе на вуліцу гуляць, Там ганарыцца больш царыцы, Каб людзям, бачыш, паказаць Сваё дабро. А падзівіцца! «Хто з ім зраўняецца красой!» Хоць незнарок другі, а гляне,— Вясёла, рада, божа мой! Нясе дамоў свайго Івана. I ёй здаецца, ўсё сяло Не знае лепшага, другога, Што толькі й дзіва там было, А болей не было нічога, Шчаслівая!..                   Гады мінаюць. Патроху дзеці вырастаюць, I выраслі, і ўсе пайшлі На заработкі, ў маскалі. I засталася ты, нябога, I ўжо няма ў цябе нікога У сумнай хаце. Цяжка жыць, I цела нечым ёй прыкрыць, I выпаліць зімою ў хаце. А ты не здужаеш і ўстаці, Каб хоць агонь той распаліць. I мерзнеш, молішся аб долі Любімых дзетачак.                               А ты Велікамучаніца! Сёлы Мінаеш, плачучы, ўначы. I полем, стэпам ідучы Свайго ты сына закрываеш. Бо й пташка возьме ды пазнае I зашчабеча: — Байструка Нясе пакрытка на базар.
      Бесталанная! Скажы ты Прыгажосць дзе тая, Што ўсе людзі аглядалі? Згінула, не знаеш! Ўсё забрала дзяціначка I выгнала з хаты, I пайшла ты ў свет за выган, Быццам з крыжа знята. Старцы цябе чураюцца, Быццам ад праказы. А яно зусім малое Покуль і не лазіць. I калі ж яно ўжо будзе Большым і прамовіць Слова «мама». Вялікае. Найлепшае слова! Ты ўсміхнешся і раскажаш Дзіцятку праўдзіва, Як зманіў паніч лукавы, I будзеш шчасліва. Ды нядоўга. Бо не дойдзе Поўных год дзяціна, Як сляпца вадзіць ён пойдзе, А цябе пакіне Калекаю ў бездарожжы, Каб сабак дражніла, Ды і вылае. За тое, Што на свет радзіла. I за тое, што так цяжка Дзяціну любіла. I любіць будзеш, нябога, Покуль не загінеш Між сабак ды на марозе Дзе-небудзь пад тынам.