Аж страшна мне, як прыгадаю
Хаціну тую край сяла!
Такая, божа наш, была
I ёсць твая тут воля ў раі
На праведнай тваёй зямлі!
Мы ў раі пекла развялі,
А ад цябе дабра чакаем.
З братамі ціха мы жывем,
Братамі свой загон арэм
I іх слязамі паліваем.
А можа, нават... не, не знаю,
А так здаецца... Сам есі...
(Бо без тваёй нябеснай волі
Не прыйдзе нэндза ў рай ніколі.)
А можа, й сам на небясі
Смяешся, бацечка, над намі
Ды, можа, раішся з панамі,
Як правіць светам! Бо зірні:
Вунь дрэмле гай у цішыні,
А вунь з-за гаю выглядае
Ставок — бялее палатном,
А вербы, глянь, па-над стаўком
Ціхусенька сабе купаюць
Галлё ў вадзе... I праўда рай?
А ты прыгледзься ды спытай,
Што сёння творыцца ў тым раі!
Вядома, люд хвалу пяе
Табе, адзінаму святому,
За справы дзіўныя твае!
Ды каб жа так! Хвалы нікому,
Там, дзе ён кроў ды слёзы лье.—
Там ганьба ўсім! Не, не! Нічога
Няма святога на зямлі...
Здаецца мне, што і самога
Цябе ўжо людзі праклялі!
Арэнбург
1850
***
I станам гнуткім, і красою,
Такою чыстай, маладою,
Старыя вочы весялю.
Глядзець часамі я люблю,
I дзіўна!.. Бы перад святою,
Табе малітвы свае шлю.
I шкода мне, старому, стане,
Што будзе з божаю красой,
А дзе падзенешся ты з ёй?
Хто бліз цябе у свеце стане
Святым заступнікам тваім?
Хто бараніць цябе сумее
Ад зла людскога ў час ліхі?
Хто сэрца чыстае сагрэе
Агнём кахання? Хто такі?
Ты сірата, няма нікога
Ў цябе апроч святога бога.
Маліся, сэрцайка! З табой
Я памалюся. Штось прарочыць
I мне ўжо заглядае ў вочы,
Малітвы не шапчу сваёй
I ўжо не цешуся табой.
I я прысніў, што ты ўжо маці,
Не ў аксаміце, не ў палацах
Дзіця галоднае крычыць...
I вянеш ты, а час ляціць,
Бярэ ўсё добрае з сабою,
Ужо надзеі адплылі,
Ты ж засталася на зямлі,
Адной-аднюсенькай, з табою
Адзінае дабро было —
Тваё дзіця... Пакуль расла,
Пакуль не вырасла і з часам
Узнялася... Ты засталася
Старой, нядужаю. Людзей
Ты непрыязных упрашаеш,
Жабрачкай горкай узнімаеш
Каля зачыненых дзвярэй
Старыя рукі.
Вось так часамі я табою,
Табою, сэрца, маладою
Старыя вочы весялю.
Глядзець я часта так люблю
На стан твой гнуткі. I старанна
Ціхутка бога я малю,
Маліся ж ты яму аддана,
Яшчэ, бач, з неба не сышла
Твая і доля, і нядоля.
Арэнбург
1850
***
Агні гараць, музыка грае,
Музыка плача, завывае;
Алмазам добрым, дарагім
Палаюць вочы маладыя;
А вочы ясныя такія,
Надзея ў іх — і люба ім,
Вачам нягрэшным, маладым.
I ўсе рагочуць і спяваюць,
I ўсе танцуюць. Толькі я,
Нібы пракляты, пазіраю
I ціха плачу, плачу я.
Чаго ж я плачу? Мабыць, шкода,
Што без прыгоды, як нягода,
Ты, маладосць, прайшла мая.
Арэнбург
1850
***
I сёння сніцца: пад гарою,
Паміж вярбамі над вадою,
Хацінка белая. Сядзіць,
Нібы сівенькі дзед, глядзіць,
Малога ўнучка забаўляе,
Яго, курчавага, гайдае,
Малога, слаўнага свайго.
I сёння сніцца: што пры хаце
Вясёлая смяецца маці,
Цалуе дзеда і дзіця
Аж тройчы весела цалуе,
Бярэ на рукі, і гадуе,
I спаць нясе. А дзед сядзіць
I усміхаецца, і сціха
Прамовіць ён: «Дзе тое ліха?
Журбота, ворагі усе?»