Выбрать главу

«Нягоды твой не зменяць крок…»

Нягоды твой не зменяць крок, І ты пяшчотная ўсё тая ж, І радасці жыцця ў вянок, Як і калісьці, завіваеш.
Я ж лёсу не асіліў жудзь І небыцця спужаўся плоймы, І страшны, палахнечы пуць Мяне вядзе ў твае абоймы.
Прыходжу, як даўней, к табе, Але ўжо з іншым, горкім сказам, А ты уваж маёй жальбе І пасядзі са мною разам.
Кажу, а голас мой, як брэх, — Ну што, мы толькі снім аб шчасці, Звініць дачасны рады смех, Каб абарвацца і прапасці.
І мой жа праз вякі цяжар, І свет нікім не перайначан, І кожны новы людскі твар Пячаткаю трагічнай значан.
А ты кажы, што любы хвор Ці нейкім чорным спален сонцам, І што адвечна ззянне зор, І б'е жыццё цурком бясконцым.

Дзень і ноч

Ў раскошы пераможнай дня, Ў святле і яснасці ўрачыстай, Ў яго апратцы залацістай — Жарстокая харашыня.
Праз сонечны яго пагляд Душа заўважае халоднасць, І дзіўную трывог нязгоднасць, І у цвярозасці разлад.
Праходзіць ён па-над зямлёй, І да зямлі самой бяспечнасць. І ўсё ж глухая бессардэчнасць Да працы й клопату людзей.
І, стомленым, здаецца нам: Пад бліскам гэтага каберца Другога свету б'ецца сэрца І тайна бытавання там.
Завянуць, збледнуць фарбы дня, Прысуд не знаючага, помсты, — І невядомыя таёмствы Уявіць цемры глыбіня.

«Маіх радасцяў лісце спадае…»

Маіх радасцяў лісце спадае, Нібы лісце пажоўклае дрэў. Эх, карчомная доля благая, Патапіў бы цябе, каб прымеў.
Па-за воканню вецер галосе І скавыча, паганы і злы, Незадачная гэткая восень, Незадачная радасць імглы.
І натрапіш на гэткую нетру, Бы ў прадонную чорную цьму. Не, я толькі ад лютага ветру, Я ад ветру схаваўся ў карчму.
А калісь было неяк іначай І хапала цяпла без таго, Горкай памяці дробнай астачай Да дзяцінства кульгаю свайго.
Але й тут жа на розум мужычы, Як і ўсюды — жывыя людцы. І ў маім мо чытаюць абліччы, Што не звёў я з канцамі канцы.

«Ночка марозная…»

Ночка марозная, Пад нагой сняжок. Да цябе, няжданая, Я прыйду здалёк.
І рукою, белая, Стукну пад акном, Гордая і смелая, Увайду ў твой дом.
І цябе, слухмянага, Павяду упроч, Ад завеі п'янага, Скрозь глухую ноч.

«На жвіровыя ставіў я карты…»

На жвіровыя ставіў я карты, Хоць прыйшла рызыканту напасць, Ды не брак рызыканцкага гарту, Так і стаўлю на чорную масць.
І пад нос пасміхаюся крыва, А кажу, каб не выдаць, што слаб, — Што ж, на слодыч і шчасце мы хцівы, — Вось з гарчэчай ужыцца патрап.

«А ты кажы, што радасць ёсць…»

А ты кажы, што радасць ёсць, Што слодыч збаўчая ў пакоры, Я толькі занядужаў штосьць, Я толькі недаўменнем хворы.
А ты цалуй, сціскай мацней, Ён людскі, немінучы жэраб, З-пад тонкіх броў, з арбіт вачэй Рагоча мне твой бледны чэрап.

«З дзяцінства фіялкавых раніц…»

З дзяцінства фіялкавых раніц З юнацтва лілейнага дзён Малітваў не знала, ружанец, Нясла слугавання закон.
Ў вянкі завівала лятункі, Аквечвала ж кроплямі слёз, І ў ночы прыносіў дарункі Ласкавы, салодкі Хрыстос.
Ні з кім не дзяліла пасцелі, Нявехну туга праз гады, Каб вернай дзявоцкасці белі Нязгаматна ўзяў малады.

Прыкладзіны

Перайманне Гарацыя