аднаму сёння Ютку сумнавата, хутчэй за ўсё праз сына свайго самотна, бо, здаецца, пакаціўся Ромка каменьчыкам не з той гары і не ў той бок... Э, Ютка, не было б большай бяды, а гэту агораем! Ну падабаецца дзецюку апрануцца хораша, дым пусціць у вочы, дык хіба мы з табою ў свой час пра хромавыя боты з халявамі гармонікам не марылі?.. Не, Хведар, тут не тое, тут з душою нешта: пабыў хлопец два гады ў горадзе - і нібыта яго падмянілі... Э, Ютка, можа, яно і так, але нашто ўсё на горад валіць, нібыта там добрых людзей няма. Хіба ў вёсцы ў нас ніколі зладзеяў ды шэльмаў не было? А Ромка ж твой не злодзей, не шэльма, усяго толькі абэлтус, якому трэба мазгі ўправіць, а ты замест таго вунь на якую работу яго ўладкаваў, дык хто ж вінаваты?..
Так сядзяць яны на вежы, Ютка і Хведар, размаўляюць сабе паціху, і плывуць над імі няспешна нізкія асеннія аблокі, а пад імі ляжаць Каруны, па якіх бяжыць Юткаў сын Ромка і на ўсю вёску крычыць:
- Бацька! Злазь са сваёй вежы, чаго ты там рассеўся? Фрэнк Морган цябе на вячэру кліча, каб у Амерыку запрасіць!
- Пойдзеш? - спытаўся Хведар.
- Што я там не бачыў, у Амерыцы ягонай, - прабурчэў Ютка, тужліва гледзячы на Ромку. - Але павячэраць давай сходзім, бо мне абрыдла штодня адну зацірку хлябаць.
- Дык мяне ж ніхто не запрашаў, - сумеўся Хведар.
- Я цябе запрашаю, - сказаў Ютка. - Папалам з'ядзім, што дадуць.
Яны злезлі з вежы, Ютка зайшоў дахаты, пераапрануўся ў святочнае, даў і Хведару чыстую кашулю і порткі, бо той асцерагаўся да сябе ісці, баючыся, што баба ўпрэцца і, чаго добрага, з дому не выпусціць, а Ромка ўсё круціўся вакол бацькі і лісліва зазіраў яму ў вочы, нават адарваны гузік на зялёным Юткавым фрэнчы прышыў - так хацелася Ромку ў Амерыку.
- Не круціся, як г.... ў віры, - асадзіў яго Ютка. - Я калі і паеду, дык цябе не вазьму.
- Як гзта не возьмеш, - адгрызаючы нітку, ледзь не праглынуў яе разам з іголкаю Ромка. - Ты ж мне бацька! Я крэўны твой, адзіны сын! Ты не маеш права!
- Я на ўсё маю права, - адрэзаў Ютка. - Чыя вежа: мая ці твая? Ты хоць адзін каменьчык наверх падняў?.. Ён во падняў, - паказаў Ютка на Хведара. - Ён і паедзе.
- Нікуды я не паеду, - адразу ж не згадзіўся Хведар, стараючыся як мага ніжэй спусціць у поясе Юткавы порткі, якія былі яму караткаватыя. - Мне Рыжулю ў рэкардысткі сёлета выводзіць, на рубеж пяці тысяч літраў. Апошні квартал застаецца, зімні, самы адказны, а я ў Амерыку падамся. Як я пасля Рыжулі ў вочы гляну? Што ёй скажу?