Выбрать главу

- Не слаба жывеш. Відаць, калгасная форма гаспадаркі ўсё-ткі даволі перспектыўная. Толькі чаму на сталах няма яйкаў і малочных прадуктаў?

- А мы не дыетчыкі, - нахабна адказаў Андрон. - У нас шлункі не баляць, ядзім, што ёсць, не перабіраючы.

Распавядаць вам, як яно ўсё елася і пілося, у летапісца гэтых абсалютна праўдзівых падзей нямашака ніякіх сіл і мажлівасцей, бо летапісец ніколі не быў гурманам і, па праўдзе сказаць, не ведае нават, як і з чым ядуць лангусты і вустрыцы, а калі вяндлёных вугроў яму аднойчы і ўдалося пасмакаваць, дык жывых какосаў на пальмах ён і ў вочы не бачыў. Аднак паколькі вячэра мела не толькі гастранамічны, але і сацыяльны, а таксама палітычны аспекты, то апусціць іх, пакінуць у небыцці летапісец проста нё мае права, бо адчувае, што гэтага яму не даруе гісторыя, на якую, дарэчы, летапісец вельмі разлічвае.

Дык вось, Фрэнк Морган, гаспадар вячэры, падняў першы тост, а сказаў наступнае:

- Паважаны пан старшыня (тут Фрэнк Морган злёгку кіўнуўся ў бок Андрона Сыцюка), паважаныя пані і панове, лэдзі і джэнтльмены, землякі! Я рады вітаць вас на гэтай сціплай урачыстасці, якую мы з Хрысцінай Сымонаўнай, маёй шчасліва знойдзенай сястрой, наладзілі ў гонар крэўнай еднасці паміж людзьмі самых розных рас і рэлігій, паміж усімі краінамі і народамі. Мне хацелася б верыць, што гэтыя мае словы не застануцца проста гучнай дэкларацыяй, а з сённяшняга дня пачнуць увасабляцца на справе, бо што, як ні справа, будаўніцтва Карунскай вежы да неба, аб'яднала нас і сабрала ўсіх разам. Таму я прапаную пасля вячэры, як толькі развіднее, пайсці да вежы, дзе кожны з нас пакладзе свой камень у будаўніцтва шчаслівай будучыні, каб даказаць, што трагедыі вежы Вавілона не наканавана вечна вісець над намі вогненным мячом боскага праклёну, што мы можам і павінны знайсці агульначалавечую мову для ўзаемапавагі, любові і ўсяго астатняга. Я мяркую, што ў эпоху электронных перакладчыкаў не мае асаблівага значэння выбар агульначалавечай мовы, англійскай яна будзе ці рускай, іспанскай ці кітайскай, абы яна была мовай міру. Такою моваю, дарэчы, па праву магла б стаць мова нашчадкаў самых міралюбівых плямён - крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, у могільніках якіх ніколі не знаходзілі пры раскопках аніякай зброі. Сімвалічна, што сёння гэта мова зямлі, на якой усё вышэй падымаецца, як наша надзея, вежа да неба... Ваша здароўе, пан старшыня, ваша здароўе, пані і панове, ваша здароўе, лэдзі, джэнтльмены, ваша здароўе, землякі! - I з гэтымі словамі Фрэнк Морган па-маладзецку, па-нашаму кульнуў першую чарку самагонкі, закусіўшы яе салёным груздом і лыжкай квашанай капусты.

Хораша Фрэнк сказаў - добра яму за гэта і пайшло. I давайце парадуемся, што не было ў той час на той вячэры ні нацыяналістаў, якія б маглі скарыстаць планетарнае мысленне Фрэнка ў сваіх рэгіянальных мэтах, ні шавіністаў, якія ад такой прамовы амерыканскага мільярдэра маглі б падавіцца мяккім бананам.