- Паслухай, Хведар, - трымаючы курс на вежу, спытаўся Ютка, - як ты думаеш: чаму гэта магістр быў масонамі нас назваў?
- Палітыка такая, - адазваўся Хведар. - Спачатку назавуць масонамі, пасля запішуць, а потым і абмасоняць. Яно заўсёды так рабілася.
Падплылі да Хведаравай хаты, у двух вокнах якой гарэла святло.
- Ой будзе мне, - працяжна пажаліўся Хведар, сыходзячы з карабля. - Ой, што мне будзе...
Ютка пачакаў, пакуль у Хведаравай хаце трохі сціхла, і пусціў карабель далей.
- Мне таксама дадому, - папрасілася Хрысціна Сымонаўна. - Дыктанты заўтра дзецям раздаваць, а яны ў мяне яшчэ не правераныя.
Ютка павярнуў штурвал, пераплыў вуліцу, рэчку і спыніўся каля гародчыка Хрысціны Сымонаўны.
- Дабранач, Ютка, - развіталася Хрысціна Сымонаўна. - Далёка не плавай. Хто яго ведае, гэты карабель, ці можна на яго спадзявацца.
- Я недалёка, - сказаў Ютка, - да вежы толькі. Яна ў мяне як маяк.
Адплыўшы, ён азірнуўся: Хрысціна Сымонаўна стаяла ў гародчыку і махала ўслед яму хвартушком.
Ютка кіраваў напрасткі і ўверх, даплыў да вежы, перабраўся на яе і адштурхнуў карабель да Літвінавай гары. Пачакаў, пакуль той аказаўся на звыклым месцы, разаслаў на плоскім камені свой парадны фрэнч, лёг і заснуў. Каля новенькага, толькі што адкаванага, распаленага яшчэ маладзіка Ютку было цёпла. Нават прыпякала са спіны.