Выбрать главу

- Андрон, - сказала яна па-свойску, бо вучыла Сыцюка некалі спевам, - я патрабую, каб ты аб'явіў мільярдэра Фрэнка Моргана персонай нон грата і выслаў яго за межы Карун...

Выслухаўшы сваю былую настаўніцу і ўцяміўшы, якая казырная карта яму прываліла, Андрон загадаў выклікаць да сябе Ромку Казубоўскага. Праз сельсавецкую сакратарку Ромка адказаў, што ён з'яўляецца прадстаўніком фірмы рэспубліканскага падпарадкавання, а таму загады такой дробнай сошкі, як нейкі старшыня калгаса, для яго пшык, і не болей. Тады Андрон пазваніў па тэлефоне ўчастковаму міліцыянеру Кузьме Сліжу, растлумачыў яму сітуацыю, на што Сліж сказаў, што гэта міжнародная акцыя і наогул справа Інтэрпола. Андрон бездапаможна глянуў на Хрысціну Сымонаўну, тая ўздыхнула цяжка, схадзіла да Сліжа, які таксама вучыўся ў яе спевам і роднай мове, заляпіла ўчастковаму аплявуху, пасля чаго той прывёў Ромку Казубоўскага ў праўленне калгаса пад конвоем. Сліж пакінуў Ромку ў старшынёвым кабінеце, адазваў Андрона на падворак і, зыркаючы па баках, зашаптаў яму на вуха:

- Ты што ж, дальбог, пра такія рэчы па тэлефоне?.. Спадарожнікі-шпіёны паўсюль над намі, лазерныя каналы сувязі, наогул чорт ведае што, а ў цябе ўсё, як у цара Гароха: зняў трубку - і алё, даўно цябе нешта не чутно было. Галаву ж трэба мець на карку, а не гарбуз. А Морква праз цябе яшчэ і аплявуху мне ўрэзала.

- Ладна, - павінаваціўся Андрон. - Ператрываеш. Будзь тут, можаш спатрэбіцца.

- Давядзі да ведама містэра Фрэнка Моргана, - вярнуўшыся ў праўленне, сталёвым голасам сказаў Андрон Ромку Казубоўскаму, што сёння ў 12.00 па маскоўскім часе яго выклікаюць мясцовыя ўлады. Для перамоў і афіцыйнай заявы.

- Гм, - хмыкнуў Ромка. - Чхаць ён хацеў на тваю ўладу. У яго ў 12.00 прамая сувязь з прэзідэнтам Злучаных Штатаў.

- Прэзідэнт пачакае, - цвёрда заявіў Андрон. - У крайнім выпадку, калі размова важная, містэр Морган можа перагаварыць з прэзідэнтам з майго кабінета.

Ромка зірнуў, скасіўшы вочы, на дапатопны Андронаў тэлефон з рычажком-відэльцам і разрагатаўся.

- Таварыш участковы! - гукнуў за акно Андрон. - Пакажыце, калі ласка, пісталет, з якога мы расстраляем грамадзяніна Казубоўскага без суда і следства як амерыканскага шпіёна.

Сліж падышоў да акна і ўзяўся абедзвюма рукамі за кабуру, у якой аніколі не было ніякай зброі, а ляжалі толькі цыгаркі, запалкі, схаваная ад жонкі заначка паўтара рубля і насатка, каб запалкі і заначка не бразгалі.

- Цю-цю-цю, - захарахорыўся шэф Карунскай вежы, але і ў Сліжа, і ў Сыцюка былі такія твары і гэткім цьмяным бляскам адлівалі вочы, што ў Ромкі раптам ёкнула ў нырках. "Заб'юць, - мільганула думка. - А што?.. Кокнуць удвух і не скажуць, дзе пахавалі".

- Ну, вы... - выціснуў Ромка, стараючыся ўсё ж трымаць марку фірмы, - прыдуркі, я скажу Фрэнку, што ў вас да яго неадкладная размова. А захоча ён прыйсці ці не - гэта ўжо ягоная справа.

- Захоча, - з намёкам кіўнуў галавою Андрон. - Сліж пойдзе з табою.

- Не, гэтага не трэба, - шчоўкнуў пальцамі па кабуры Сліж. - Яно можа за арышт сысці. Прадажная прэса тады такі вэрхал падыме, такога слана пастараецца з мухі раздзьмуць, што... - тут Сліж крыху задумаўся, - што вынікі могуць быць планетарнымі. Ромка сам яго да цябе прывядзе. Прывядзеш? - ласкава запытаўся Сліж у Ромкі.

- Прывяду, калі пойдзе, - паспешліва згадзіўся Ромка і, выскачыўшы з праўлення, спачатку трушком, а пасля спрынтэрскім бегам запыліў па вуліцы, раз-пораз азіраючыся назад, дзе, гледзячы яму ўслед, нерухома стаяў Сліж і цвёрдай рукою трымаўся за пустую кабуру.

Фрэнк Морган пастукаўся ў дзверы Андронавага кабінета з шостым сігналам дакладнага часу. "У Маскве поўдзень, - сказаў па радыё дыктар. - У Тбілісі і Астрахані трынаццаць, Алма-Аце пятнаццаць, Іркуцку семнаццаць, Благавешчанску васемнаццаць, Петрапаўлаўску-Камчацкім - дваццаць адна гадзіна".

"Шн-ро-ка стра-на мо-я род-на-я", - увайшоўшы, праспяваў Фрэнк Морган і працягнуў Андрону руку:

- Ду ю спік інгліш?

- Но, - адказаў Андрон, асіліўшы ў сабе нянавісць да імперыялізму, і паціснуў руку Фрэнку Моргану.

- Шпрэхэн зі дойч? - перапытаў тады Фрэнк.

- Найн, - трохі пачырванеўшы, адмовіўся размаўляць па-нямецку Андрон і з дакорам зірнуў на сваю былую настаўніцу, якая ціха сядзела ў кутку кабінета, склаўшы рукі ча каленях.