- Іа, - шапнула Хрысціна Сымонаўна, не вытрываўшы дакору ў вачах свайго былога вучня, і вінавата апусціла вочы.
- Гут! - энергічна павярнуўся Фрэнк да Хрысціны Сымонаўны. - Вас волен зі?.. Энтшульдзіген зі: воцу браухен зі міх?
- Вір... - устрапянулася была Хрысціна Сымонаўна, але, набраўшы ў грудзі паветра, тут жа безнадзейна яго выпусціла і прамаўчала. Сітуацыя станавілася небяспечнай, бо перавага яўна пераходзіла на бок Фрэнка Моргана, а значыць, на бок імперыялізму.
- Яна твая радня! - раптам злосна выпаліў у вочы Фрэнку Андрон. - Мог бы намагнуцца і па-нашаму са сваякамі пагаварыць, містэр!
Што тут сталася з Фрэнкам Морганам! Ён падскочыў, не, ён узляцеў з крэсла, на якім быў рассеўся без аніякага запрашэння гаспадара, ён кінуўся да Хрысціны Сымонаўны і на рэліктавай беларускай мове з вымаўленнем дыктараў радыё "Свабода" і тых беларусаў, што жывуць на Беласточчыне ў Польшчы, закрычаў:
- Няўжо вы з роду Моргаўкі?! Але хіба не быў я ў Стрыпунах? Хіба мне не сказалі там, што нікога з Моргаўкаў пасля вайны ў жывых не засталося?.. Не, я не веру! Не, я баюся паверыць! Скажыце мне праўду, заклінаю вас усімі святымі!.. Няўжо вы з роду таго самага Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, які з'ехаў быў у Амерыку, каб стаць там найпершым і найлепшым амерыканцам з усіх амерыканцаў, якія некалі жылі, жывуць і будуць жыць у Новым свеце? Скажыце мне, што гэта такг, і вы зробіце мяне, Фрэнка Моргана, самым шчаслівым на зямлі чалавекам! Бацькі мае памерлі, жонка кінула мяне і выйшла замуж за прынца ў Саудаўскую Аравію, а дзяцей яна мне не нарадзіла. Мне
беспрытульна ў свеце, я адзінокі ў ім, нібы Юткава вежа, на якую я гатовы залезці і кінуцца ўніз - сторч галавою ад сваёй адзіноты. Вы зратуеце мяне, калі ў вашых жылах цячэ хоць кропля крыві Кірылы Моргаўкі. Ну дык зратуйце мяне альбо даканайце! На ўсё ваша воля, бо вы пасланніца лёсу...
Сказаць па праўдзе, Хрысціна Сымонаўна здорава перапудзілася, слухаючы гэты вулканічны маналог, гледзячы, як Фрэнк Морган заломвае рукі і, хліпаючы носам, выцірае вочы, на якія наплылі сентыментальныя амерыканскія слёзы. Так, яна, вядома, моцна спалохалася, але жаль, звычайны жаночы жаль напоўніў сэрца Хрысціны Сымонаўны, выціснуўшы адтуль былы гнеў і цяперашні страх, і, устаўшы, яна, як дзіця малое, пагладзіла Фрэнка Моргана па галаве - ад макаўкі да патыліцы.
- Так, - сказала яна, - у маіх жылах цячэ кроў Кірылы Моргаўкі са Стрыпун, бо ён быў не кім іншым, як прадзедам маёй маці.
- Божа! - павярнуўшыся да сцяны, на якой вісеў партрэт Мічурына, ускрыкнуў Фрэнк Морган. - Дзякуй табе, што ты пачуў мае малітвы.
- Гэта не Бог, а Мічурын, - спагадліва сказаў Андрон, якому на хвіліну таксама стала чамусьці шкада амерыканскага мільярдэра. - Вядомы рускі вучоны, які займаўся сельскай гаспадаркай. Сорамна не ведаць. А Бога ў нас няма.
- Ну і чорт з ім, што няма, - радасна згадзіўся Фрэнк Морган і абняў Андрона за плечы. - Слухай, Андрон, давай будзем на ты, га? Мы ж з табой амаль што аднагодкі, маладыя яшчэ мужыкі, камар цябе ўбрыкні!
- Давай, - разгублена пацепнуў плячыма Андрон. - Яму было ніякавата, але, што цяпер рабіць, ён не ведаў: як аб'явіць чалавека персонай нон грата, калі той такі радасны?.. Хрысціна Сымонаўна глядзела на іх абодвух і каўнерыкам сукенкі выцірала расчуленыя слёзы:
- Не плач, Хрысця, - зусім па-свойску абняў яе адной рукою Фрэнк, не здымаючы другой рукі са спіны Андрона. - Не плач, родная, залатая мая, бо я таксама заплачу. Скажы мне лепш, што б мне такое зрабіць для Андрона ў падзяку за сённяшні дзень, за нашу з табою сустрэчу?.. Хочаш пагаварыць з прэзідэнтам Злучаных Штатаў? - тузануў ён раптам Андрона. - У мяне з ім зараз якраз прамая сувязь. Хвілін на дваццаць мы, праўда, спазніліся, але нічога, ён пачакае. Ну, хочаш ці не?
- Хацеў бы, - усміхнуўся Андрон, успрыняўшы прапанову Фрэнка, натуральна, як жарт. - Мне ёсць што яму сказаць.
- Ну дык скажы! - узрадаваўся Фрэнк, відавочна задаволены тым, што дагадзіў Андрону.
- Дзе і як? - іранічна глянуў на яго Андрон. - Мне ў Амерыку ехаць часу няма.
- Ды не трэба нікуды ехаць, тут можаш пагаварыць, па сваім тэлефоне, - сказаў Фрэнк, здымаючы з абкалупанага рычажка тэлефонную грубку і набіраючы нумар.
- Ты што, нуль сем набіраеш? - з'едліва спытаўся Андрон.
- Не, - крутнуў галавой Фрэнк, - прамы нумар прэзідэнта. У нас гэта проста, ніякіх праблем.
Фрэнк набраў нумар, пачакаў трохі і працягнуў трубку Андрону:
- На, гавары. Я толькі электроннага перакладчыка падключу, каб вы з прэзідэнтам зразумелі адзін аднаго. - Фрэнк дастаў з кішэні бліскучую трубачку накшталт аўтаручкі з дроцікам і ўтыркнуў канец дроціка ў тэлефонны шнур.