Выбрать главу

Ён глянуў апошні раз на бацькаў партрэт, і той холадна бліснуў шклом, як слязою, і Міша ледзь не ўпаў — самлелі ногі,— акурат ступіў на слабенькі лядок-верхаводку. Дзіўна, але Міша не ішоў, а сунуўся, быццам і праўда чуў пад сабою лёд. Што з ім? Ён заскрыпеў зубамі — ад злосці за сваю бездапаможнасць. Адчай заўсёды абрушваецца на чалавека, калі ён зняцяйкі адкрывае ў сабе новую загану, якая дабавіць пакут.

З левага боку, крыху воддаль ад тратуара, у кустах бэзу стаяў шкляны павільёнчык, у ім прадавалі піва. Міша звярнуў туды. У расчыненыя напята дзверы ўбачыў, што каля прылаўка таўкуцца мужчыны. Прадаўшчыца была тая ж самая, што і тры гады назад, паўнатварая, чарнявая, з залатымі завушніцамі і ярка напамаджанымі вуснамі, якія то збіраліся ў трубачку, то расцягваліся нібыта ва ўсмешцы.

Піва было нясвежае, кіславатае, на дне калыхаліся не то крошкі хлеба, не то муць, але яно расслабіла Мішу галаву, яна лёгка закружылася і акурат перавярнула свет з ценявога боку на светлы. Кудысьці сплыла чорная вузкая, бы вяроўка, хмара, неба заіскрылася кароценькімі зыркімі, як іголачкі, сонечнымі промнямі, і лісце на таполях зальснілася тонкаю чыстаю слюдою. Ад ног адкацілася млявасць, і яны цвёрда ступалі па тратуары.

Хлебны магазін быў у «падвальчыку» — нізкім цагляным будыначку, у якім раней, помніць Міша, дзве таўстыя цёткі ў белых халатах прадавалі вэнджаную рыбу — тараны — і чорныя бліскучыя кольцы тоненькіх, як палец, каўбасак. Міша купіў чатыры булкі чорнага хлеба, ён быў мяккі, аж дыхаў і цяплом, і пахам. І гэты пах быў не такі, да якога прывык Мішаў нос і сам Міша за час адлучкі, а нейкі шчымлівы, свойскі, ці што, так пахла і поле, і дарога ад шашы, і бацькава дворышча, і балотца — уся малінаўская зямля...

Падышоў да аўтастанцыі, яе называлі «шпакоўняю», бо ў франтоне была дзірка, куды ляталі ластаўкі. Міша сеў на лаўку; задуменна і зацята, бы статуя, глядзеў на аўтобусы, на людзей, што мітусіліся ў сваім як быццам самым галоўным у жыцці клопаце. Успомнілася школа, тыя два апошнія гады, як ездзіў у райцэнтр — у дзевяты і дзесяты класы. Пасля ўрокаў вясёлым цыганскім табарам яны, вясковыя, ішлі да аўтастанцыі, лавілі спадарожныя машыны, прасіліся ў аўтобусы. Дзіўная пара, усё з яе помніцца: і прыцемкі, якімі бег на шашу і якія, здавалася, ціснулі на павекі, і тыя ж уцёкі ў «партызаны», якія пахлі дымам вогнішча і тугою бацькаваю дзягаю, і халодным піражком, купленым у станцыйным буфеце... І канечне ж, каханне, першае, школьнае, яно ва ўсіх бывае, і ў Мішы было, толькі бесталковае і маларадаснае, як і ўсё ў ім. У дзевятым класе ён закахаўся ў старэйшую за сябе дзяўчыну з Дабранкі, імя ў яе было Марыя, Маруся, але яе ўсе звалі Муся. Яна другі год хадзіла ў дзесяты клас, вучылася слаба, часта прапускала ўрокі, нават Мішу было няёмка за яе. Муся была вельмі зграбная, з роўнымі таўставатымі нагамі нейкай чыстай, смятанкавай жаўцізны; у яе быў востры роўненькі носік, усыпаны дробнымі вяснушкамі (толькі вясною), карыя, як у Ленкі, вочы, але нежывыя, з пастаянным сумам ці пустатою. Муся садзілася на лаўку, закідвала нагу на нагу, і тады на лытцы быў добра відаць чорненькі пушок; гэты пушок цёплаю лёгкасцю напаўняў Мішаву душу, і яна рвалася некуды ўвысь. У такія хвіліны Міша не мог глядзець на Мусю, хоць іншыя хлопцы, і Васіль Муранкоў, не саромеліся падлазіць да яе і шчыпаць за бок. У Мішы ад рэўнасці і злосці сціскаліся зубы, але, баючыся выдаць сябе, не чапаў хлопцаў; толькі дзе-небудзь на выгане, калі бораліся, лаўчыў заламаць руку ці нагу таму, хто вельмі ўжо дапякаў Мусі. Муся, здаецца, была абыякавая да Мішы, толькі аднаго разу, калі ён падсобіў ёй несці з цэнтра горада пакунак з мыцельным парашком, сказала, што ў яго, Мішы, «красівыя вочы». Міша так і не зразумеў, што гэта было: насмешка, падзяка або Муся хацела паказаць, што і ёй у ім нешта падабаецца?

Неўзабаве Муся зацяжарала, ад каго, ніхто не ведаў, і зусім кінула школу. Болей Міша яе не бачыў, хоць і насіўся колькі разоў на кані ў тую Дабранку: мабыць, з’ехала ў свет, далей ад ганьбы.

Гэтыя сцэны з мінулага яркаю, выразнаю плёнкаю перакруціліся ў памяці, і Міша адчуў сябе зусім бадзёрым, бесклапотным, гатовым на «вялікія подзвігі». Ён папляваў на недакурак і кінуў яго ў сметніцу; размахваючы сеткаю з хлебам, пайшоў у міліцыю.

На ганку стаялі два мужчыны з бледнымі зморшчанымі тварамі і нешта ўголас даказвалі адзін аднаму. Міша прайшоў па калідоры, чытаючы на дзвярах шыльдачкі. Звярнуў улева, у неглыбокі цесны калідорчык, і прама перад сабою ўбачыў на абабітых дэрмацінам дзвярах рудую шыльдачку, на якой жоўтымі літарамі было напісана: «Начальнік ДАІ Муранкоў В. А.» Міша грабянуў рукою валасы і пастукаў у дзверы, але дэрмацін заглушыў гукі.