Васіль сядзеў за сталом, пісаў. Кабінет быў прасторны, светлы, шырокія вокны з жоўтымі шторамі; у куце стаяў сейф, каля дзвярэй скураная канапа і за ёю некалькі крэслаў у рад. На стале ў круглай і празрыстай, як медуза, крышталёвай попелцы дымілася цыгарэта.
Васіль кіўнуў Мішу, каб садзіўся, а сам, не адрываючы вачэй ад паперы, пісаў. Міша сеў на канапу, адваліўся на спінку. Васіль коса зіркнуў на яго: маўляў, пачакай, я зараз. Націснуў кнопку на падобным да магнітафона апараце, які стаяў на тумбачцы пад правую руку, і сказаў: «Лейтэнант Аўраменка!»
Адчыніліся дзверы, і страявым крокам зайшоў ужо знаёмы Мішу міліцыянер-даішнік. Васіль аддаў яму паперу, той выйшаў, і Васіль зашчоўкнуў за ім дзверы. «Зараз кавы пап’ём...» — Васіль падышоў да сейфа, а Міша ўстаў і з нейкаю сухою ўтрапёнасцю пачаў разглядаць на сцяне карту дарог раёна, стэнды з фатаграфіямі аварый: скурожаныя машыны, зваленыя слупы з абрыўкамі правадоў, праломы ў парэнчах мастоў, накрытыя прасцінамі трупы людзей...
Калі Міша, можа, хвіліны праз дзве, скасіў вочы на стол, то ўбачыў на ім маленькую жоўценькую, бы груша, кававарку і здзівіўся, што Васіль не паставіў бутэлькі: за такую сустрэчу нейкаю каваю адбаярваецца. Васіль як прачытаў усё роўна Мішавы думкі: «Другім разам чаго-небудзь мацнейшага возьмем, а цяпер кавы: работа ёсць работа, і наогул я... Сяджу да паўночы, носам кляваць пачну — вып’ю кавы, і ў галаве пасвятлее... Імпартная кававарка! У разетку ўключыў — за мінуту і гатова. У ГДР купіў, як з жонкаю на экскурсію ездзілі...» — Васіль наразаў таўстую бледна-ружовую вільготную каўбасу, намазваў на хлеб масла і клаў наверх па два скрылікі — рабіў бутэрброды. Васіль увіхаўся жвава, па-заліхвацку бойка, рухі ў яго былі рэзкія, дакладныя — факт, дасканалая вайсковая вывучка. Наогул Васіль быў чалавекам з тых, што задаволены і жыццём, і работаю — не толькі ў сэнсе грошай, якія нярэдка таксама прымушаюць людзей трымацца свайго месца, а і ў маральным сэнсе: работа не вісела над ім абузаю, не псавала яму настрою, ён не ішоў, а бег на яе раніцаю, з нецярплівасцю, нават з дрыжліваю бадзёрасцю чакаючы, як пачне аддаваць загады, штрафаваць вінаватых. А калі ўлічыць яшчэ, што Васіль меў адменнае здароўе, сям’ю — жонку, якая ганарылася мужам, што ён у яе міліцыянер, не толькі на людзях, каб надаць сабе аўтарытэту, але і ў душы, што не так ужо часта бывае ў сучасных сем’ях,— і двое маленькіх дзетак, то наогул Васіля з поўным правам можна было аднесці да рэспектабельных людзей нашага даволі сумбурнага часу.
Ставячыся з грэблівасцю да п’яніц, лайдакоў, ветрагонаў, усіх няўдачнікаў, Васіль, аднак, ліслівіў перад Мішам, шануючы і з расчуленасцю ўспамінаючы дзяцінства і сваё з Мішам дружбацтва, таму ў душы яго не было і кроплі якой-небудзь пагарды. «Ну, што з работаю?» — спытаў Васіль, адпіўшы маленькі глыток кавы. «Ды нідзе я не быў!» — сказаў Міша з раздражненнем, але не таму, што не трапіў да начальства «Сельгастэхнікі», а таму, што сам цяпер ужо быў у няпэўнасці і не ведаў, што рабіць. «Я ж прапаноўваю: ідзі да нас...»
Міша зноў кісла ўсміхнуўся, і тужлівасцю абвалакло душу, стала шкада самога сябе: няўдалы ён нейкі, нідзе не хапаюць яго з рукамі і нагамі. «Не возьмуць...» — «Гледзячы кім»,— Васіль, адкусваючы бутэрброд, замармытаў, як кот. «На пасаду «куды пашлюць»?» — «А што? Пакуль. А там... Трэба на любой рабоце самаадданасць. Каб яе ўбачыла начальства, і ты пайшоў...»
Не, Міша прыніжацца не прывык, не ўмеў: не было ў яго душы ні выхаванасці, каб перанесці незаслужаную крыўду, ні дальнабачнасці і ўмення закілзаць свой нораў дзеля таго, каб захаваць на будучыя вялікія справы. Міша жыў імгненнем, быў з тых людзей, у якіх валуны думак-перажыванняў, жыццёвых варыянтаў былі ўсе ззаду і не заміналі свабодна ісці ўперад. Бо звычайна людзі, якія глядзяць далей свайго носа, дзеля нейкай дробязнай выгады, столькі наварочаюць перад сабою ўсякіх валуноў-перашкод, што толькі ногі ламаюць ды неўрозы нажываюць, а як акажацца, выгада і сотай долі намаганняў не вартая была.
У кабінеце на падаконніку расла пакаёвая пальма; лісце яе тонкімі стрэлкамі веерам разбягалася ад асновы чаранка, і Міша, гледзячы на яе прыжмуранымі вачыма, падумаў, што і перад ім цяпер ляжыць столькі ж дарог-сцежак, і ўсе з адной кропкі (ад яго) у розныя канцы. Калі б не гэтае нутраное пярэчанне, бяспомачнасць, што зарадзілася перад бацькавым партрэтам, ён безаглядна і нават з радасцю ўжо абабег бы палову гэтых сцежак-дарожак.