Выбрать главу

Лісаветка стаяла на парозе, яе чорныя, як слівы, вочы былі нерухомыя і круглыя і ад заселага ў іх страху ўжо не калючыя, а тупыя і злосныя. І толькі праз мінуту-дзве ў хаце ўжо ўсе смяяліся, хоць і не было ў смеху звычайнай раскаванасці: надта вялікі быў перапалох, каб ад яго так хутка атрэсціся. «Добра, што хлеба не забыў купіць»,— пахваліла сына Лісаветка і памацала пальцамі скарынку. Міша аддаў маці шакаладку. «А табе, бацька, ніякага гасцінца»,— сказаў непасрэдным голасам.

Грышка, бачачы, што сын на падпітку, ахвочы на словы, з тайным спадзяваннем чакаў, калі той пачне гаварыць «дзела». Ужо такі закон, што для чалавека, які вырас на зямлі і які ад роду не ведаў іншых клопатаў і дбання, чым зямля, чым карпець на ёй да поту і крыві, адзінаю меркаю дабрачыннасці, чалавечай годнасці была праца, яе вялікасць Праца. Шкада, канечне, што дваццаты век многія каштоўнасці памяняў, а праўдзівей, памяняў саміх людзей, якія бачаць іншы раз латву ў тым, што раней асуджалася: нічога не рабіць і многа зарабляць.

Міша быў далёкі ад бацькавых думак, ён смяяўся, як дзіця, нават браўся расказваць анекдот, і Грышка зразумеў, што Міша добра выпіў, і гэта раззлавала ўшчэнт, замуціла вочы: апошнім часам ён блага пачуваўся, мабыць, яго знясілілі клопаты, нагрузка на галаву і нервы.

«Што ў цябе з работаю?» — спытаў ён як мага мякчэй, але Міша не быў бы Мішам, калі б не адчуў бацькавай настырнасці. «Бацька, адстань! — раптам сказаў ён скрозь сцятыя зубы.— Не лезь мне ў душу, ты мяне знаеш...»

«Ах ты, шчанюк!..— у Грышкі закіпела ўсяродку.— Яшчэ мне гразіцца будзе!..— Грышка ажно затросся ад злосці, залапаў рукамі каля пояса — хацеў выцягнуць дзягу, ды ўспомніў, што яна засталася ў новых штанах, якія надзяваў сустракаць Мішу.— Ды я цябе!..» — кінуўся з кулакамі на Мішу, падступіўся, збялелы, задыхаў яму ў твар. Міша стаяў нерухома і думаў: ударыць бацька ці не ўдарыць. Лепей бы не біў, іначай Міша не ручаецца за сябе, можа здарыцца страшнае, непапраўнае: не саўладае і ўдарыць бацьку ў адказ. Падыме руку на святое, тады ўсё — гамон, смерць. Ніякай літасці яму не будзе. Люстэрка можна выцерці, няможна выцерці ад бруду душу.

Падбегла Лісаветка, стала між Грышкам і сынам, развяла іх рукамі: «Акыш, пеўні!..— і адзін і другі лёгка падаліся. Грышка сеў на табурэт, абхапіў галаву рукамі — між пальцаў павылезлі сівыя касмылі. Горка было на душы, хоць атручвай ёю мух замест мухамора: зразумеў, можа, упершыню, што зломлены, здаўся, гэты яго падскок да сына — ад бяссілля.

«І я добранькі...» — падумаў Міша, раз на бацьку руку мог падняць (ад аўтара: як у бацькі не павінна быць да сына зайздрасці, так у сына да бацькі — нянавісці).

* * *

Планы свае на дзень вясковыя людзі намячаюць увечары, а даюць ім рух з самага рання, жывучы па адвечным сялянскім законе: хто рана ўстаў, той не празяваў.

Грышка выбраўся да Ляксея Чубатчышына, як кажуць, на цёмнай зары. Яшчэ не выганялі кароў. У канцы вёскі над вуліцаю вісеў ліловы туман: яго прасвечвалі першыя промні сонца, якое ўставала з-за алешніку. На асверы калодзежа, адзінага ў Малінаўцы, блішчаў мокры цэбар. У дрэвах, у траве, у прыцішаных хатах — ва ўсім адчувалася мяккасць, лагода, заспакоенасць, і толькі ў Грышкавай душы была вольная воля турбоце: такая натура ў яго — думаць над кожнаю макулінкаю. Ці будзе дома Ляксей, можа, на нарад ужо засвістаў, а то зусім укусіць яго камар і не захоча везці калодкі на пілараму.

Мінаючы, глянуў на Чубатчышыну хату: стаіць асунутая, паніклая, як стары абабак, і ў вокнах няма жывога бляску — без чалавека і хата памірае. Узімку, акурат лютаўскімі маразамі, не стала Чубатчыхі; рассеяла па зямлі сваіх дачок і памерла. Грышка хадзіў капаць ёй магілу. Зямля была цвёрдая, што камень, дзяўбеш ломам — іскры ляцяць. Даўно не было такіх марозных снежных — сумёты ўроўні з частаколам — зім, можа, ад той пары, калі Грышка ездзіў на Палессе паводку ўціхамірваць.

Шкадаваў Грышка Чубатчыху... Яно ўвогуле шкада любога чалавека, які памірае, але разам з Чубатчыхаю, адчуваў Грышка, адыходзіла нешта балючае і важнае, без чаго іх Малінаўка станавілася бяднейшаю, сцірала сваё аблічча.

Ляксея, хоць ён і не сын быў, а толькі зяць Чубатчыхі, усе звалі Ляксей Чубатчышын; і жыў ён на адным двары з Чубатчыхаю, толькі хаты, канечне, не параўнаеш.

Ляксей быў дома. Снедаў: мачаў у патэльню скручаным у трубку дранікам. Пахла цыбуляю і падпаленым тлушчам. Грышка павітаўся, Ляксей затрос непрычасанаю галавою. Мар’я, жонка Ляксеева, высокая сутулая кабета, увішна арудавала ў печы вілкамі: водбліскі полымя скакалі па яе твары, і рысы яго станавіліся яшчэ болей сухімі, жорсткімі, забранзавелымі. Мар’я, аднак, як і Ляксей, была лёгкая не толькі на ногі, але і на язык.