«Рана ж ты прыйшоў, мілёнак,— засмяялася яна.— Бачыш, мой жа дома яшчэ...» — «Дык я магу пайсці,— Ляксей адсунуў патэльню: зразумеў жончын жарт.— Дзесяць, дзевяць, восем, сем... пяць... два, адзін — і на вуліцы. Любіцеся».— «Старым не да глупства,— сказаў Грышка ходкае ў Малінаўцы выслоўе.— У мяне сур’ёзнае дзела».— «Выкручвайся, выкручвайся»,— пасмейваўся Ляксей. «Не, праўда, Ляксей»,— Грышку сёння, хоць забі, не хацелася жартаваць, бо думалася: жартачкамі і Ляксея настроіць так, што той несур’ёзна паставіцца да просьбы. З Ляксеем Чубатчышыным заўсягды дамаўляцца і проста, і нялёгка. Проста, бо ён ужо калі паабяцаў, сваё слова шануе. Нялёгка, бо Ляксей амаль не піў гарэлкі, а браць грошы ў сваіх людзей не вельмі добра гэта; і бясплатна не хочацца ж рабіць, бензін паліць і ўсё такое: недахват будзе — старшыня вылічыць грошы, і атрымаецца, што зрабіў людзям ласку ды ўдабавак і паплаціўся, капейку сваю ўнёс. Але малінаўцы прызвычаіліся да Ляксея: хто пяцёрку суване проста ў кішэнь, і Ляксей тады яе ўжо не вымае, хто наогул Мар’і аддае плату, маўляў, усё роўна ж Ляксей не п’е і навошта яму грошы.
«Звазі, звазі»,— падказала Мар’я, калі Ляксей задумаўся, зноў павесіў нос над патэльняю. «Во, палюбоўніку, дык зразу і едзь! — Жарт ніколі не пакідаў Ляксея — шчаслівы чалавек! — Добра, дзесяць, дзевяць, восем, сем... пяць... два, адзін — гадзіны ў чатыры буду каля цябе».
Ляксей, як і сказаў, роўна ў чатыры пад’ехаў да Грышкавай хаты. Грышка шырока расчыніў вароты, і Ляксей загнаў прычэп на двор, нідзе не чырхануў нават па частаколіне. Міша стаяў каля пуні, баяўся глянуць у вочы бацьку, але з зайздрасцю глядзеў на трактар — на высокую шкляную кабіну, бліскучы прамакутны перадок з дзвюма ўтопленымі фарамі, чорныя тугія колы з тонкімі, як запалкі, саскамі на бакавіне; выскачыў з кабіны Ляксей, піхнуў дзверцы, і яны мякка шчоўкнулі, бы ў легкавіку.
«Ну што? Дзесяць, дзевяць, восем, сем... пяць... два, адзін — грузіць будзем!» — Ляксей адлічваў ад дзесяці спярша па парадку, потым па аднаму яму вядомай логіцы пераскокваў.
Адчынілі бакавы борт. Міша стаў пад камлі, Грышка на танейшыя канцы, а Ляксей падхопліваў калодкі на сярэдзіне.
«Дзесяць, дзевяць... узялі!..» — чырванеў ад натугі Ляксей і моршчыў лоб.
Пагрузілі хутка — упарыліся. У Грышкі на скронях узмакрэлі валасы, у Мішы выступіў пот на верхняй губе.
Грышка сеў у кабіну. Міша ехаў на прычэпе, на калодках — уссеў вярхом, як на каня. Задняе шкло ў кабіне было запыленае, нехта намаляваў на ім бусла — даўгая дзюба і даўгія, як палкі, ногі,— але Міша ўсё роўна бачыў, як рулюе Ляксей, лёгка, лічы, адным пальцам. Ехалі шашою, абапал стаялі сосны, з густымі сінімі галінамі, і Мішу здавалася, што ён не на калодках сядзіць, а ляціць на крылах, бы тая птушка бусел, намаляваная на шкле. Калі марыш, дык заўсёды здаецца, што некуды ляціш. Міша ўяўляў сябе за рулём, і такім прыемным, пранізлівым, тугім цяплом захліствала яму грудзі... Што за рамантыка недзе ў далёкім краі, сярод чужых яму камянёў ці пяску? Дурата нейкая, глытнуў ён ужо такой рамантыкі. Во яна тут, рамантыка, свая, блізкая, зразумелая, сярод гэтых дзябёлых сосен, пад блакітным, такім высокім, недасяжным небам. І бацька, бацька, факт, ад радасці заскача! Няхай хоць пад старасць парадуецца сыну, а то ўсё не тое, дык другое. Во і тыдзень назад — скандал, успамінаць сорамна...
«Чорт з ім, пайду да старшыні прасіцца на трактар!..»
Кіламетраў праз пяць звярнулі з шашы — на пясчаную дарогу. На сінім указальніку з белым канцом-стрэлкаю было напісана: «Дабранка — 1 км». Натужна завыў матор, з трубы папёр ужо не сіні, а чорны дым. «О конік! — падумаў Міша.— Гэта не Белазоры...» — Успомніў Глубку і спахмурнеў: няма Белазорага, як і няма, лічы, ужо коней у Малінаўцы. А раней быў цэлы табун, і канюшня была, і яе таемнае пахкае нутро, куды цягнула Мішу як магнітам. Эха-хо, лепей не ўспамінаць: столькі прыгод-злыгод было з тою канюшняю. Праз дзверы, вокны, дах — куды толькі не ўлазіў Міша. Сорамна цяпер за тыя несур’ёзныя, блазенскія вывіхі, але што зробіш: аж дасюль вее ад іх незразумелаю хвалюючаю, салодкаю радасцю і тугою...
Трактар траскатаў на ўсё наваколле, ажно страляла ў вушах, і Міша не чуў, што і на пілараме звініць-спявае цыркулярка. Пілараму Міша бачыў упершыню, хоць і гойсаў колісь па Дабранцы, з Мусяю сустрэчы шукаў,— дашчаны высокі будынак, падобны на збожжаток у іх калгасе. Вакол горы апілак, па іх парасла зялёная ў пояс лебяда і драсён з вузенькім чырвоным, як перац, лісцем. У апілках грэбліся рудыя куры, і сярод іх чырвоны, як агонь, певень, а ногі ў іх, і кіпці на нагах, і апілкі былі жоўтыя. Пахла смалою і нечым вострым, як воцатам, ці што.