З будынка выскачыў Марчанок — у фуфайцы, белай ад пылу, і белым саламяным брылі — начальнік! І вейкі ў яго белыя, як у муцэ. Замахаў рукамі — засакаталі, разляцеліся, напалохаўшыся, куры. З кабіны вылез бацька, падаў Марчанку руку. Не чуваць было, пра што яны гаварылі. Ляксей аб’ехаў будынак, спыніў трактар перад расчыненымі дзвярыма. «Скідайце!» — даў каманду Марчанок.
Скідаць — не грузіць; скінулі калодкі мінут якіх за «дзесяць, дзевяць...». Міша заглянуў у сярэдзіну будынка: дзве рэйкі, колы з захватамі-зубцамі і роўненька пастаўленыя адна каля адной круглыя чорныя пілы, нечым падобныя на спелы сланечнік. Калодка кладзецца між колаў, яны памалу коцяцца — калодка ўпіраецца ў пілы, што звіняць, як прапелеры, і каля іх закручваецца тоненькая спружынка. Міша помніць, як яны будавалі хату, ужо гадоў пятнаццаць таму, а можа, і болей. Тады піларамы яшчэ не было, і мужчыны пілавалі дошкі ўручную. Ставілі высокую, гарбатую, бы вярблюд, сталюгу, на яе клалі калодку; адзін мужчына залазіў наверх, другі стаяў унізе, пад сталюгаю, і цягалі даўжэзную з крывымі зуб’ямі пілу. Пілу заціскала, пасоўвалася яна марудна і гнала толькі адзін след; а тут зразу ўся калодка распілоўваецца на дошкі.
«Ну што, расчот цяпер ці як парэжаш?» — спытаў Грышка ў Марчанка. Той ад здзіўлення падняў свае чорныя, бы абпаленыя каласы, бровы. І Міша з Ляксеем пераглянуліся: Марчанок, падобна, чагосьці не разумеў ці нечым быў незадаволены.
«Плата само сабой,— сказаў Марчанок, сагнуўся і стаў вадзіць пальцамі па рудаватых кольцах на зрэзе калодкі.— Не пашкодзіла б і горла прапаласкаць... ад пылу горка, пастой у гэтым пекле».— «Во ты чорт! — Грышка ажно вылаяўся.— Саўсім здурэла башка... Забыў хоць квасу якога!» — «То-та ж! — цмокнуў языком Марчанок, зняў капялюш і строс з яго пыл; валасы на галаве былі рабыя, акурат нехта сыпнуў на іх жменю проса.— Не падмажаш — не паедзеш. Я трактарыстам быў, дык чарка штодня перападала, а цяпер...— Марчанок заважнічаў і цыркнуў слінаю.— Трактарыстаў многа, а я адзін... на ўсю акругу цар, бог і воінскі начальнік! І ўсе ідуць да мяне на паклон: Данілавіч, Данілавіч...»
Грышка задумаўся. Нямала пажыў ён на свеце, і дзіўная карусель круцілася ў яго перад вачыма. Раней, помніць, людзі праглі нейкай далёкай, высокай мяжы, якую не толькі пераступіць, але і пабачыць нельга было, жылі светлымі, чыстымі памкненнямі, а цяпер у іх сталі ўжо такія цвярозыя галовы, што кроку не зробяць без выгады. І паважаюць таго, ад каго можна нешта мець: трактарыста, шафёра, лесніка... Як паважаюць? Паказваюць, што паважаюць, а зачы бэсцяць: хапуга, скнара. А колісь, даўным-даўно, у іх Малінаўцы настаўнік быў, Карнееў... Ідзе па вуліцы — за кіламетр шапку здымалі: «Добры дзень!» Цёмныя, непісьменныя людзі да навукі цягнуліся. Цяпер адукаваны свет — карусель перавярнулася. Гавораць адно, а робяць другое. Калі ўжо ў вочы праўду пачнуць рэзаць, нечысць усякую вымятаць без аглядкі?
Грышка выняў з кішэні грошы: «Адскоч, сын, у краму, вазьмі там што...» — «А калі ўжо не браў з сабою, то не трэба,— сказаў Марчанок.— Што ганяць хлопца, я ж не алкаголік. Табе і так парэжу. Заўтра адвечара прыязджай».— «Ета як я пагляджу яшчэ,— сказаў нібыта пакрыўджаным голасам Ляксей.— Як прывёз, дык ужо не патрэбен, на задні план адышоў, так?» — «Ну, вы прама ўсе такія ганаровыя, што не ўладзіш вам: аднаму то, другому ета! Пазахапілі ўладу!» — Грышка сказаў без падкусу, са смяшком: чамусьці быў упэўнены, што нікога сваім ушчуваннем не зачэпіць. А там хто яго ведае: сёння чалавек адзін, а заўтра не з той нагі ўстаў, і ўжо да яго не падладзішся. «А што ж ты хацеў? Мы — гаспадары!» — Ляксея распірала ад прытворнай пыхі, а Марчанок, здаецца, ці не ўсур’ёз паківаў Грышку пальцам: «Глядзі другі раз у мяне, такую тваю качалку!..»
Міша моўчкі глядзеў на мужчын, і тое, што яны строілі з сябе бог ведае каго, зусім яго не злавала, ён пасміхаўся ў душы, і, можа, нават задаволенасць тузалася ў яго бліскучых прыжмураных і трохі сумнаватых вачах. Малінавае, садзілася ў цёмна-сінюю, як не чорную імглу сонца. Спакой і лагода, якія бываюць толькі пасля ціхага дня ўвечары, сыходзілі на зямлю. Адтуль, дзе бялеліся шыфернымі дахамі кароўнікі, далятала песня — спявала жанчына: мабыць, збіраліся на вячэрнюю дойку даяркі; а неўзабаве загула апаратура — па шкляных сасудах пайшло малако, пабегла, як ручаінка, што заўсёды шукае вялікую раку...
І песню, і гэты знаблівы гул расшкуматала траскатанне трактара — Ляксей завёў матор. Абманлівым, на імгненне і толькі ў нейкай маленькай мясцінцы бывае спакой на зямлі, а наяве дзень і ноч яна дрыжыць ад грукату, стукату і вібрацыі жалезных мускулаў.